Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве паліцыя пачала прыходзіць да прыхільнікаў Навальнага, адрасы якіх зьявіліся ў інтэрнэце


У Маскве ўвечары 17 жніўня супрацоўнікі крымінальнага вышуку ў цывільным пачалі прыходзіць да людзей, чые адрасы былі ў базах дадзеных, зьвязаных з праектамі каманды Аляксея Навальнага.

Пра гэта паведамляе праваабарончы праект «ОВД-Инфо».

Праваабаронцам вядома як мінімум пра 20 падобных візітаў да тых, хто рэгістраваўся на сайтах «Умное голосование», «Свободу Навальнаму» ці адпраўляў ахвяраваньні Фонду барацьбы з карупцыяй. ФБК і іншыя структуры Навальнага былі прызнаныя судом экстрэмісцкімі і забароненыя, супрацоўніцтва зь імі, у тым ліку ахвяраваньні, пагражаюць крымінальнай адказнасьцю. ФБК таксама ўнесены ў рэестар «замежных агентаў».

Як піша «ОВД-Инфо», паліцыянты патрабуюць тлумачэньняў пра ахвяраваньні ФБК і пра тое, як чалавек трапіў у базу дадзеных. Пры гэтым самі паліцыянты не тлумачаць, адкуль у іх гэтыя зьвесткі.

Адзін чалавек паведаміў «ОВД-Инфо», што паліцыя хацела атрымаць ад яго заяву на Навальнага за незаконную перадачу пэрсанальных дадзеных.

Паліцыя таксама прыходзіла зь візытам да журналіста «Новой газеты», камунальнага дэпутата Ільлі Азара, чый адрас таксама трапіў у апублікаваныя базы. З чым зьвязаны візыт, дакладна невядома. Журналіста ў гэты момант не было дома, але суседзям паліцыянты казалі пра пэрсанальныя зьвесткі, якія трапілі ў інтэрнэт, напісаў Азар у телеграм-канале.

Выцек базы дадзеных людзей, якія рэгістраваліся на сайце удзельнікаў мітынгу «Свабоду Навальнаму», адбыўся ў красавіку. Прыхільнікі Навальнага абвінавацілі ў «зьліве» свайго былога паплечніка Фёдара Гарожанку. Сам ён гэта катэгарычна адмаўляе. Некаторых з тых, чые зьвесткі трапілі ў інтэрнэт, звольнілі з працы ці яны сутыкнуліся зь іншымі праблемамі.

У ліпені IT-спэцыялісты паказвалі камандзе Навальнага, што сайт «Умного голосования» меў уразьлівасьці, празь якія «скрасьці» дадзеныя было нескладана.

Напярэдадні Масгарсуд зацьвердзіў пастаноўку Аляксея Навальнага на ўлік як схільнага да ўцёкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG