Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як цяпер зь Беларусьсю працуюць МВФ, ЭБРР і Сусьветны банк


З прычыны палітычнага крызісу ў Беларусі міжнародныя фінансавыя інстытуты адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з уладамі краіны. Як і на што гэта паўплывае, высьвятляла DW.

«У Беларусі актыўна працаваў Сусьветны банк — арганізацыя, якая сваёй галоўнай мэтай называе ліквідацыю беднасьці ва ўсім сьвеце. З намі працаваў МВФ, чыя дапамога ў першую чаргу нацэленая на макраэканоміку і на падтрыманьне стабільнасьці — фонд дае крэдыты, якія можна ня траціць на нейкія пэўныя патрэбы, а папоўніць рэзэрвы», — тлумачыць у інтэрвію DW Кацярына Барнукова, акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC).

Актыўна ў Беларусі інвэставаў і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР), які, як правіла, супрацоўнічае з прыватным сэктарам. «Да палітычнага крызісу ЭБРР актыўна нарошчваў сваю прысутнасьць у Беларусі і нават зрабіў для нашай краіны выключэньне, працуючы ня толькі з прыватным, але і зь дзяржаўным сэктарам, дзяржаўнымі прадпрыемствамі, — кажа экспэртка. — Яшчэ да палітычнага крызісу ЭБРР сутыкнуўся з пэўным расчараваньнем, таму што ўмовай працы зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі была іх наступная прыватызацыя, чаго не адбылося. Тым ня менш ЭБРР усё роўна разьлічваў нарошчваць свой партфэль у прыватных і інфраструктурных праектах у Беларусі».

З прычыны палітычнага крызісу многія зь міжнародных фінансавых інстытутаў адмовіліся ад супрацоўніцтва зь Менскам — або цалкам, або часткова. На што гэта паўплывае?

Сусьветны банк: новыя праекты не зацьвярджаюцца

Усяго Беларусь атрымала ад Сусьветнага банку (СБ) крэдытаў на 2,1 млрд даляраў, яшчэ 31 млн — гранты. На пачатак 2021 году ў актыўнай рабоце былі праекты на 1 мільярд даляраў, прыводзіць лічбы Кацярына Барнукова. Цяпер СБ працягвае ў краіне тыя праекты, якія ўжо былі пачатыя, напрыклад, зьвязаныя з барацьбой з пандэміяй, мадэрнізацыяй вышэйшай адукацыі.

«Наша мэта — дапамагчы шараговым беларусам павысіць узровень жыцьця і палепшыць доступ да асноўных паслуг, што асабліва важна ва ўмовах пандэміі каранавірусу і эканамічнага спаду, — адзначаецца ў адказе Сусьветнага банку на запыт DW. — Мы кантралюем і правяраем усе нашы праекты, каб пераканацца, што сродкі выдаткоўваюцца на мэты праекту і прыносяць карысьць людзям, якія ў іх маюць патрэбу. Новых праектаў, якія былі б перададзеныя на зацьвярджэньне Радзе дырэктараў, цяпер няма».

«Калі мы зараз паглядзім на пералік дзейных праектаў Сусьветнага банку, то ўбачым праекты ў галіне здароўя, адукацыі, экалёгіі. Гэта ня тыя рэчы, якія спрабавалі рабіць раней, — краінавую праграму, эканамічную — тое, што рабілася ў каапэрацыі з урадам», — дадае Барнукова.

ЭБРР: толькі прыватны сэктар

ЭБРР ад пачатку сваёй дзейнасьці ў Беларусі інвэставаў амаль 3 мільярды эўра. Большасьць праектаў банку — у прыватным сэктары, аднак банк фінансаваў і рэканструкцыю дарог, праект па ачышчэньні вады. Піку інвэстыцыі дасягнулі ў 2019 годзе, калі праекты ЭБРР ацэньваліся ў 400 мільёнаў эўра, у плянах было нарошчваць супрацоўніцтва да 500 мільёнаў на год.

«У верасьні 2020 году банк ясна даў зразумець, што ён канцэнтруе сваю дзейнасьць выключна на праектах прыватнага сэктару, дзе ёсьць відавочныя перавагі для малых і сярэдніх кампаній, жанчын-прадпрымальніц і маладых спэцыялістаў, — зазначае прадстаўнік ЭБРР Антон Вусаў. — Мы па-ранейшаму лічым, што разьвіцьцё прыватнага сэктару ў канчатковым выніку прывядзе да паляпшэньняў у грамадзтве. Мы не інвэставалі ў новыя праекты ў дзяржаўным сэктары з пачатку 2020 году і не плянуем рабіць гэта ў агляднай будучыні».

Вусаў дадаў, што ЭБРР па-ранейшаму глыбока занепакоены няспынным пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі і дзеяньнямі ўладаў: «Мы заклікаем да павагі да правоў чалавека і свабоды слова ў краіне. Ад моманту спрэчных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году мы настойліва заклікаем улады працягваць усебаковы нацыянальны дыялёг».

МВФ: Беларусь можа атрымаць мільярд даляраў

Міжнародны валютны фонд плянуе выдзеліць 192 краінам сродкі для барацьбы з пандэміяй каранавірусу. У сьпіс трапіла і Беларусь. Пасьля таго як рашэньне ўступіць у сілу, краіна можа разьлічваць амаль на мільярд эўра.

«Раздаюцца ня грошы, а спэцыяльныя правы запазычваньня, якія значна менш ліквідныя, чым жывыя грошы, — падкрэсьлівае Кацярына Барнукова. — Яны залічваюцца ў золатавалютныя рэзэрвы, лічба віртуальна вырасьце, але рэальна гэта ня будзе значыць, што нам лягчэй стане плаціць па даўгах, толькі калі крэдыторы пагодзяцца іх прымаць». Экспэртка нагадвае, што ў 2009 годзе МВФ ужо праводзіў раздачу правоў запазычаньня, іх у тым ліку атрымлівала і Беларусь: «У Беларусі яны дагэтуль ляжаць у рэзэрвах. Нягледзячы на тое, што ў 2011 годзе быў валютны крызіс, мы не змаглі гэтымі адмысловымі правамі скарыстацца».

Цяпер сродкі вылучаліся не для таго, каб дапамагчы канкрэтна Беларусі. Гэта міжнародная праграма, якая закліканая падтрымаць сусьветную эканоміку падчас ковіднага крызісу. У МВФ ёсьць працэдуры, па якіх прымаюць рашэньне, падыходзіць краіна пад праграму або не. Беларусь пакуль падыходзіць.

«Ці ня ўзьнікне іншая сытуацыя ў бягучым месяцы, мы ня ведаем, — кажа Кацярына Барнукова. — Тое, што ЗША прапісалі магчымасьць уводу санкцыяў супраць беларускага ўраду, а таксама канкрэтна Нацыянальнага банку, — сыгнал, які насьцярожвае. Не абавязкова ён да нечага прывядзе, але гэта нэгатыўны момант».

Ці важная падтрымка фінансавых інстытутаў для Беларусі?

«Сусьветны банк і ЭБРР даюць грошы на праекты разьвіцьця, якія сумешчаныя з тэхнічнай дапамогай. Калі мы прааналізуем інвэстыцыі ЭБРР, то ўбачым шмат праектаў падтрымкі бізнэсу, якія былі вельмі пасьпяховыя. ЭБРР укладваўся ў кампаніі, якія потым вельмі хутка расьлі, у тым ліку дзякуючы гэтай падтрымцы», — працягвае Барнукова.

Тое самае тычыцца Сусьветнага банку. Арганізацыя можа ня проста выдзеліць грошы на рэформы ў галіне здароўя, а прыцягнуць да гэтай рэформы людзей, якія маюць досьвед рэфармаваньня ў асяродзьдзі электроннай аховы здароўя ва ўсім сьвеце. «Мне здаецца, тут страчана значна больш, чым проста грошы», — лічыць экспэртка.

ЭБРР таксама ўкладаў і плянаваў укладаць грошы ў інфраструктурныя праекты. «Для нашага бюджэту і сто мільёнаў даляраў — істотныя грошы. А ўлічваючы тое, што на інфраструктурных праектах бюджэт эканоміць, у першую чаргу, каб не зьніжаць зарплаты бюджэтнікам, пэнсіі і гэтак далей, адсутнасьць інфраструктурнай падтрымкі — гэта досыць балюча і адчувальна», — рэзюмавала Барнукова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG