У выніку страляніны ў Плімуце ў ангельскім графстве Дэвон на паўднёвым захадзе краіны загінулі шэсьць чалавек, у тым ліку сам нападнік, паведамляе BBC са спасылкай на паліцыю.
Як паведаміла паліцыя Дэвону і Карнуолу, акрамя нападніка, загінулі два мужчыны і тры жанчыны, адна зь іх памерла ў шпіталі. Ва ўсіх загінулых — агнястрэльныя раненьні.
Guardian паведамляе, што прычынай страляніны мог стаць «сямейны канфлікт».
Паводле інфармацыі Daily Mail, стралок забіў сябе (паводле іншых зьвестак — быў застрэлены паліцыяй).
Times паведамляе, што сярод загінулых — пяцігадовая дзяўчынка.
Як паведамілі выданьню відавочцы, нападнік застрэліў пяцігадовую дзяўчынку і яе маці, пасьля чаго параніў ці забіў мясцовых жыхароў пры спробе схавацца.
«Спачатку пачуліся крыкі, затым стрэлы — спачатку тры, магчыма, чатыры, — сказала мясцовая жыхарка. — У гэты момант стралок выбіў дзьверы дому і пачаў бязладна страляць... Ён выбег з хаты, страляючы на бягу ў людзей у парку».
Іншы сьведка распавёў, што сутыкнуўся з нападнікам, калі ішоў па вуліцы. Паводле яго слоў, стралок быў са стрэльбай і апрануты ў чорнае.
Афіцыйна гэтую інфармацыю ўлады не камэнтуюць. Яны заклікалі не дзяліцца фатаграфіямі зь месца падзей у сацыяльных сетках.