12 сутак за дзіцячы малюнак на вакне
У судзе Фрунзенскага раёну 10 жніўня асудзілі 41-гадовага Дзьмітрыя Бубенку, якога затрымалі ўвечары 9 жніўня дома за «несанкцыянаванае пікетаваньне шляхам разьмяшчэньня белага аркуша паперы на вакне», паведамляе «Вясна назірае».
Дзьмітры растлумачыў судзьдзі Натальлі Бугук, што на вокнах вісяць дзіцячыя малюнкі, якія павесілі амаль чатыры гады таму. Па яго словах, яны абараняюць расаду жонкі ад сонца. Судзьдзю цікавіла, чаму ён не атрымаў на гэта дазвол ад уладаў. Сьведка на судзе даў тыя ж паказаньні, які былі напісаныя ў рапарце.
У выніку, суддзя Бугук палічыла Бубенку вінаватым па арт. 24.23 КаАП і арыштавала яго на 12 сутак.
Ператрус у вядомага слуцкага раварыста
9 жніўня на лецішчы ў вёсцы Мяцавічы Салігорскага раёну затрымалі аматара-раварыста Аляксандра Рыбку. Апошнія месяцы Аляксандар жыў у Слуцку з бацькамі, піша «Новы час».
Пра затрыманьне сына бацькі Рыбкі даведаліся толькі вечарам ад сваіх сваякоў праз тэлефон.
«Каля 7 гадзіны раніцы Саша прыгатаваў сабе ежу, але не пасьпеў пад’есьці, — расказала маці Аляксандра, Валянціна Ўладзімераўна. — Суседзі бачылі, што пад’ехалі два бусы зь мігалкамі, выскачылі амапаўцы ў чорных масках, абкружылі дом. Дзеля ператрусу пачалі шукаць панятых, шмат хто з суседзяў катэгарычна адмовіўся. Пасьля зрабілі ператрус і перавярнулі ўвесь дом. Па якім артыкуле яго затрымалі, невядома. Яшчэ будзем даведвацца. Вывелі яго з дому толькі а дзясятай — у кайданках, майцы і шортах».
Ужо ў абед слуцкія міліцыянты пераскочылі цераз плот (брамка была замкнёная) і ўвайшлі ў дом бацькоў у Слуцку. Дома быў толькі глухі бацька, якога візыт міліцыі напалохаў. Нічога міліцыянты ў доме не знайшлі.
Атрымаўшы інфармацыю ад сваякоў (з Салігорскага РАУС ніхто так і не патэлефанаваў), бацька Аляксандра тэрмінова выехаў на лецішча, зьнявечанае ператрусам. Маці ж паехала ў Салігорск шукаць вестак пра сына раніцай 10 жніўня.
Бухгальтар па спэцыяльнасьці, Аляксандар Рыбка стаў вядомы многім беларусам пасьля таго, як 18 кастрычніка 2020 году на ровары праехаў са Слуцку 100 кілямэтраў для ўдзелу ў «Партызанскім маршы» ў Менску.
Пасьля 10 жніўня 2020 году Аляксандар адседзеў тры дні ў Жодзіне без афармленьня папер. Другі раз быў затрыманы 20 жніўня каля прахадной МАЗу і пакараны штрафам у 20 базавых велічынь па артыкуле 23.34. 21 кастрычніка Рыбка ўдзельнічаў у мерапрыемстве каля помніка ахвярам гета ў Слуцку, і за гэта таксама быў пакараны 15 днямі арышту. Пасьля дадалі яшчэ 15 сутак за ўдзел у менскіх акцыях пратэсту.
У гадавіну выбараў затрымалі здымачную групу аўстрыйскай тэлевізіі. Міліцыя абвяргае
Праваабаронцам паведамілі, што 9 жніўня ў Менску на плошчы Незалежнасьці прыкладна каля 16:20 двое супрацоўнікаў у цывільным затрымалі апэратара і журналістку аўстрыйскай тэлевізіі, якія бралі інтэрвію ў мінакоў. Спачатку іх адвялі ў шэры «Форд-транзыт» за Чырвоным касьцёлам, потым перавялі ў сіні аўтобус МАЗ. Што далей было з журналістамі, праваабаронцы ня ведаюць, паведаміла «Вясна».
У міліцыі Менску абверглі інфармацыю пра затрыманьне аўстрыйскіх журналістаў 9 жніўня.
«Ніякіх журналістаў учора ў Менску не затрымлівалі», — паведаміла Интерфакс-Запад афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч.