Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці сілавікі выпусьцілі актывіста Прыстаўку і Дзьмітрыя Шутава, сына забітага падчас пратэстаў


Дзьмітры Шутаў
Дзьмітры Шутаў

Дзьмітры Шутаў, сын Генадзя Шутава, які загінуў 11 жніўня 2020 году ў Берасьці, выйшаў на волю пасля 3 дзён арышту.

24-гадовага хлопца затрымалі 7 жніўня. Перад гэтым у хаце, дзе Дзьмітры жыве з мамай, прайшоў ператрус. Разам зь ім затрымалі яшчэ 14 чалавек.

Раніцай 10 жніўня Дзьмітрыя выпусьцілі з ізалятару, паведамляе тэлеграм-канал @vybory_smotri.

Сястра Дзьмітрыя Шутава Анастасія тады сказала, што атрымала паведамленьне пра ператрус ці агляд ад маці. На словах сілавікі забіралі Дзьмітрыя «для гутаркі», але насамрэч затрымалі яго на 72 гадзіны. У якой справе, невядома.

Што было напісана ў пастанове на ператрус або агляд, родныя Дзьмітрыя дакладна ня ведалі, бо не змаглі ўважліва разгледзець паперу. Па словах Анастасіі, у пастанове гаварылася аб тэлеграм-канале, які прызнаны ўладамі экстрэмісцкім.

Дзьмітрыя Шутава, па словах сястры, раней не затрымлівалі. Да нядаўняга часу ён працаваў ахоўнікам у гіпэрмаркеце ў Берасьці, а нядаўна ўладкаваўся на новую працу. Але да затрыманьня пасьпеў там адпрацаваць толькі два дні.

Берасьцеец Генадзь Шутаў загінуў ад агнястрэльнага раненьня, якое атрымаў позна ўвечары 11 жніўня, падчас акцыі пратэсту ў абласным цэнтры. Відавочцам падзей стаў яго сябар Аляксандар Кардзюкоў. Пасьля канфлікту зь дзьвюма асобамі (на судзе стала вядома, што гэта вайскоўцы-спэцназаўцы Гаўрылаў і Галіцын), які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненьнем у патыліцу, Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі 14 жніўня. Кардзюкоў пасьпеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад бальконам аднаго з дамоў на Маскоўскай вуліцы.

Пры гэтым спэцназаўцаў, якія ўдзельнічалі ў забойстве Шутава, у справе прызналі пацярпелымі, а Кардзюкова і забітага прызналі вінаватымі. Кардзюкоў адбывае 10-гадовае пакараньне ў калёніі. Крымінальную справу па факце гібелі Генадзя Шутава так і не распачалі. Супраць сілавікоў пасьля падзей 9 жніўня ў Беларусі не завялі ніводнай крымінальнай справы.

Берасьцейскім судом застрэлены сілавіком Генадзь Шутаў быў прызнаны вінаватым у супраціве асобе пры выкананьні ёй абавязкаў у ахове грамадзкага парадку, што было спалучана з выкарыстаньнем гвалту. Прысуд у дачыненьні да яго быў вынесены без прызначэньня пакараньня.

Выйшаў на волю берасьцейскі актывіст Андрэй Прыстаўка

Андрэя Прыстаўку затрымалі 8 жніўня. Пра сваё вызваленьне пасьля трох сутак арышту актывіст напісаў сёньня ў адным зь берасьцейскіх чатаў.
Прыстаўка таксама дадаў, што падчас знаходжаньня ў ІЧУ ён налічыў 8 затрыманых асобаў з Жабінкі і 5 зь Берасьця.

29 ліпеня Андрэй Прыстаўка паведамляў, што супрацоўнікі КДБ правялі ў яго ператрус, пасьля чаго забралі тэхніку. Андрэй расказаў у адным зь берасьцейскіх чатаў, што яго дапыталі пра ўдзел у чатах і вызвалілі.

Ён застаецца ў статусах сьведкі і падазраванага ў невядомай, нібыта «тэрарыстычнай», справе.

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году Прыстаўка перажыў некалькі ператрусаў, адбываў арышт за пікет. На адным з маршаў у сталіцы яму пры затрыманьні зламалі руку. Агулам сілавікі затрымлівалі Андрэя 7 разоў.

Андрэй Прыстаўка.
Андрэй Прыстаўка.

Пры ператрусе ў сваякоў брат Андрэя казаў, што сьледчыя згадвалі справу, зьвязаную з «удзелам у арганізацыі», за што Прыстаўку нібыта чакае пакараньне ад 1 да 3 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG