Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бяз зьменаў выракі ў справе берасьцейцаў Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава.
Апэляцыйныя скаргі Кардзюкова і родных Шутава разглядалі раніцай 14 траўня, рашэньне абвясьцілі празь некалькі гадзінаў пасьля пачатку паседжаньня. Журналістаў у судовую залю не дапусьцілі.
Берасьцейскі абласны суд прызнаў Аляксандра Кардзюкова вінаватым у супраціўленьні асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак, а таксама ў спробе яе забойства 25 лютага 2021 году. Судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская прысудзіла мужчыну 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вінаватым у супраціўленьні таксама прызналі Генадзя Шутава, які памёр ад агнястрэльнага раненьня ў патыліцу.