Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надмерная сьмяротнасьць — 32 тысячы чалавек. Улады Беларусі ў шмат разоў заніжаюць статыстыку падчас эпідэміі каранавірусу — дадзеныя ўцечкі


Ілюстрацыя Любові Маісеенкі
Ілюстрацыя Любові Маісеенкі

Андрэй Сошнікаў з «Настоящего времени» дасьледаваў дадзеныя, атрыманыя ад «Кібэрпартызан» — хакераў, якія заявілі пра ўзлом сыстэмы «Пашпарт» у Беларусі.

Дадзеныя сьведчаць пра тое, што з сакавіка 2020 па сакавік 2021 году надмерная сьмяротнасьць у краіне склала 32 тысячы чалавек — у 14 разоў больш, чым паведамлялі ўлады.

  • Паказчык надмернай сьмяротнасьці — «залаты стандарт», па якім вызначаюць маштабы эпідэміі каранавірусу.

Інфармацыя, якая аналізуецца ў гэтым артыкуле, атрыманая праз узлом масіву пэрсанальных дадзеных грамадзян Беларусі. Выкарыстаньне шкодных праграм у Крымінальным кодэксе Беларусі караецца тэрмінам да 10 гадоў, а несанкцыянаваны доступ да кампутэрнай інфармацыі — да 2 гадоў. У МУС Беларусі не адказалі на запыт «Настоящего Времени» наконт гэтага ўзлому.

«Кібэрпартызаны» — ананімныя беларускія хакеры, якія абвясьцілі аб падтрымцы пратэстоўцаў у краіне, у ліпені 2021 году расказалі пра ўзлом масіву дадзеных з усімі пэрсанальнымі зьвестак беларусаў — інфармацыйнай сыстэмы «Пашпарт». Рэдакцыі «Настоящего Времени» тады ўдалося пацьвердзіць узлом: на запыт хакеры даслалі дадзеныя двух грамадзян краіны (якія пагадзіліся паўдзельнічаць у экспэрымэнце на просьбу журналістаў), у тым ліку іх фота і тэхнічную інфармацыю з пашпартоў.

Гэтая непублічная інфармацыя трапіла да «Кібэрпартызанаў» у выніку спэцапэрацыі «Жара» — яны сьцьвярджаюць, што фізычна праніклі на абʼекты МУС Беларусі, «адкрылі некалькі доступаў» ва ўнутраныя сеткі і «працягваюць працаваць у іх», нягледзячы на спробы ўладаў спыніць уцечкі.

Цяпер «Кібэрпартызаны» падзяліліся з «Настоящим Временем» масівам пэрсанальных дадзеных 1,4 мільёна беларусаў, якія памерлі са студзеня 2010 па сакавік 2021 году.

Як правяралі дакладнасьць уцечкі

Каб пераканацца, што масіў дадзеных праўдзівы і мае інфармацыю пра людзей, якія сапраўды памерлі ў гэты пэрыяд, рэдакцыя спачатку выбрала ў сьпісе, прадстаўленым «Кібэрпартызанамі», выпадковыя даты нараджэньня тых, хто памёр у апошнія 10 гадоў, — першае чысло кожнага месяца 1989 году. У выбарку трапілі 54 чалавекі. Пераканаліся, што сярод іх няма нікога, хто б працягваў весьці сацсеткі, у многіх на старонках апублікаваныя спачуваньні сяброў і сваякоў.

У масіве — імёны і дадзеныя самых розных беларусаў: заснавальніка апазыцыйнага сайта (знойдзены павешаным у 2010 годзе), рок-музыканта (памёр у 2018 годзе), былога прэмʼер-міністра (памёр у 2020-м) і былога кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы (памёр ад COVID-19 у 2021-м). Акрамя таго, узялі з сайта «Помним.онлайн» імёны людзей, якія пахаваныя на розных могілках у Беларусі, і таксама атрымалі амаль стопрацэнтнае супадзеньне з дадзенымі з уцечкі.

«Каэфіцыент недаўліку найвышэйшы ва Ўсходняй Эўропе». Што паказала статыстыка

Да эпідэміі каранавірусу дадзеныя пра сьмяротнасьць з АІС «Пашпарт» мала адрозьніваліся ад таго, што публікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі (Белстат). Вось меркаванае тлумачэньне гэтага невялікага разыходжаньня ў лічбах: у табліцах з пашпартнай сыстэмы відаць, што прыкладна ў 20% выпадкаў супрацоўнікі міліцыі не заносілі ў базу дату сьмерці — тады для падліку выкарыстоўвалі дату занясеньня інфармацыі ў рэестар сьмерцяў. Так, па дадзеных са зьлітай пашпартнай сыстэмы, у 2019 годзе ў Беларусі памерлі 121 515 чалавек, а па дадзеных Белстату — 120 913.

Белстат не публікаваў новых дадзеных аб сьмяротнасьці з чэрвеня 2020 году. Ва ўцечцы АІС «Пашпарт» дадзеныя абрываюцца 31 сакавіка 2021 году. Да гэтага — у лістападзе, сьнежні і студзені — бачная рэкордная месячная сьмяротнасьць у параўнаньні з дадзенымі, сама меней, з 2008 году (самыя раньнія дадзеныя, даступныя на сайце ААН, куды іх штомесяц адпраўляе Белстат). У 2020 годзе, калі зыходзіць з уцечкі, у Беларусі памерлі 145 тысяч чалавек — гэта найвышэйшы паказчык у пасьляваеннай гісторыі краіны, акрамя 2002 году, калі ў сілу розных дэмаграфічных абставін, у першую чаргу старэньня насельніцтва, памерлі 146 тысяч.

Колькі ж людзей памерлі ад каранавірусу? Афіцыйна ў 2020 годзе — 1424 чалавекі, а да канца сакавіка 2021-га — 2247. Але паводле паказчыкаў надмернай сьмяротнасьці («залаты стандарт», па якім вызначаюць маштабы эпідэміі каранавірусу) — на парадак больш. У Беларусі ў 2020 годзе надмерная сьмяротнасьць склала 24 тысячы чалавек. Гэта рэальная сьмяротнасьць (145 тысяч) мінус прагназаваная сьмяротнасьць на аснове дадзеных папярэдніх гадоў (120 тысяч).

24 тысячы чалавек за 2020 год — гэта ў 17 разоў больш, чым гавораць беларускія ўлады

Надмерная сьмяротнасьць з канца сакавіка 2020 па канец сакавіка 2021 году склала 32 тысячы чалавек. Гэта ў 14,4 раза больш, чым сьведчаць афіцыйныя дадзеныя.

«Паказчык роўна такі ж, дарэчы, які быў да гэтай уцечкі на аснове дадзеных да чэрвеня 2020-га, — кажа спэцыяліст па аналізе дадзеных з Унівэрсытэту Тубінгена (Нямеччына) Дзьмітрый Кобак, які зьбірае дадзеныя аб надмернай сьмяротнасьці ў розных краінах. — Гэта значыць, заніжаюць даволі стабільна. На 100 тысяч насельніцтва гэта атрымліваецца 340 памерлых. Гэта выводзіць Беларусь на 10-е месца ў нашай базе дадзеных. У прынцыпе, блізка да суседніх краін: Літва (370), Расея (420). Ва Ўкраіне менш (210)».

Але гэта дадзеныя да канца сакавіка 2021-га, адзначае экспэрт. Калі ўлады Беларусі працягваюць хаваць рэальныя сьмерці ў той жа прапорцыі, то размова можа ісьці аб рэкордных паказчыках. «Калі прыняць каэфіцыент недаўліку 14,4 і экстрапаляваць па афіцыйных сьмерцях на сёньня, то атрымаецца больш за 500 надмерных сьмерцяў на 100 тысяч насельніцтва — гэта вышэй за ўсе краіны ва Ўсходняй Эўропе і Лацінскай Амэрыцы, выключаючы толькі Пэру. На надмернай сьмяротнасьці бачная хваля траўня-чэрвеня 2020-га, потым зімовая: кастрычнік-лістапад-сьнежань-студзень, потым падзеньне — у сакавіку 2021-га надмерная сьмяротнасьць прыкладна на нулі. У Расеі, падобна, новы ўсплёск надмернай сьмяротнасьці здарыўся ў чэрвені-ліпені 2021-га», — адзначае экспэрт.

Такія ж паказчыкі на аснове дадзеных з АІС «Пашпарт» прыводзіць дырэктар па дасьледаваньнях варшаўскага аналітычнага Цэнтру EAST Андрэй Елісееў: «Калі гэтай лічбе можна давяраць, а яна цалкам адпавядае маёй ацэнцы, атрыманай на падставе абрывачных дадзеных на пачатку году, то надмерная сьмяротнасьць у Беларусі за 2020 год склала каля 25 тысяч чалавек, што на 20% вышэй за нармальны паказчык. Гэты паказчык і адлюстроўвае рэальную сьмяротнасьць ад каранавірусу. Яна ў 17 разоў перавышае афіцыйную лічбу, згодна зь якой ад каранавірусу ў 2020 годзе памерлі менш за паўтары тысячы чалавек.

Па-першае, гэта паказвае на калясальныя маніпуляцыі са статыстыкай. Па-другое, гэта азначае, што Беларусь — адна з самых пацярпелых ад каранавірусу эўрапейскіх краін (у краінах ЭЗ надмерная сьмяротнасьць склала ў сярэднім 12%). Гэта цалкам абвяргае пасыл дзяржаўнай прапаганды пра „каранакатастрофу“ ў заходніх краінах і найлепшы мэтад барацьбы з эпідэміяй у Беларусі. Па-трэцяе, улічваючы вельмі павольны прагрэс з вакцынацыяй, наступствы эпідэміі за пэрыяд 2020–2021 гадоў для Беларусі непазьбежна акажуцца яшчэ больш прыкрымі ў рэгіянальнай пэрспэктыве».

Што кажуць улады Беларусі

Улады краіны лічаць, што пасьпяхова справіліся з эпідэміяй каранавірусу. «Па прызнаньні прэзыдэнта, ён жа тады [летам 2020 г.] як такой перадвыбарнай кампаніяй не займаўся ўвогуле. Ён займаўся здароўем і жыцьцём людзей. Раніцай, днём, вечарам, а часам і ноччу — прэзыдэнту дзясятак разоў у дзень на стол клаліся зводкі. Кожны чалавек зь цяжкіх на ШВЛ [штучнай вэнтыляцыі лёгкіх] быў на асабістым кантролі, кожная сьмерць разьбіралася і аналізавалася», — расказала прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант у эфіры канала СТВ.

25 сьнежня 2020 году Лукашэнка заявіў, што не зьбіраецца прышчапляцца ад каранавірусу. У гэты дзень, згодна з уцечкай, у краіне памерлі 496 чалавек. Для параўнаньня, у той жа дзень годам раней памерлі на 141 чалавека менш.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі не адказалі на запыт «Настоящего времени».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG