Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці судзяць шостую групу фігурантаў справы аб «масавых беспарадках»


Працэс вядзе судзьдзя Іна Клышпач. Архіўнае фота

У рамках гэтай крымінальнай справы асудзілі ўжо 30 чалавек.

5 жніўня ў Берасьці пачаўся суд над чарговай групай людзей, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» пасьля выбараў (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу).

На гэты момант вынесьли прысуды 1-й, 2-й і 4-й групам абвінавачаных. Над 3-й і 5-й групамі абвінавачаных суд яшчэ ідзе.

Працэс над 6-й групай абвінавачаных у «масавых беспарадках» вядзе судзьдзя Іна Клышпач. На лаве падсудных 6 чалавек:

  • Артур Аміраў,
  • Уладзімер Кобрынец,
  • Андрэй Кандрасюк,
  • Мікалай Малюта,
  • Раман Паўленка,
  • Вадзім Чапялевіч

Першае паседжаньне, якое праходзіла 5 жніўня да абеду, заняло каля 20 хвілін, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна». Пасьля абеду — усяго 10.
Наступнае судовае паседжаньне заплянавана на 10 жніўня.

У чым вінавацяць фігурантаў?

Дзяржаўны абвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — нібыта груба парушылі грамадзкі парадак і ўчынілі пагромы. Яны таксама, маўляў, чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.

Потым абвінавачаныя нібыта наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі ды іншую маёмасьць, якая належала міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.

У выніку беспарадкаў, паводле вэрсіі сьледзтва, пацярпелі больш за 20 сілавікоў. Агульную суму нанесенай шкоды сьледзтва ацаніла ў 24 тысячы рублёў (пашкоджана 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сьметніцы, дрэвы).

Каго ўжо пакаралі?

10 сакавіка судзьдзя Вера Філонік асудзіла дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 года калёніі. Непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі па 3 гады выхаваўчай калёніі.

21 траўня судзьдзя Андрэй Грушко прысудзіў яшчэ 13 фігурантам ад 3 гадоў выхаваўчай калёніі да 5 гадоў турмы. Сярод абвінавачаных была і дзяўчына асуджанага Дзяніса Хазея 18-гадовая Віталія Бандарэнка. Яе пакаралі 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.

Чацьвёртую групу фігурантаў пакаралі 12 ліпеня. Судзьдзя Ленінскага раёну Дзьмітры Шурын прысудзіў 8 фігурантам да 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд над трэцяй групай абвінавачаных працягваецца з 28 траўня па сёньня. У справе праходзяць 13 фігурантаў. 9 ліпеня стала вядома, што суд пачнецца нанава. Такое рашэньне прынялі ў сувязі з заменай народнага засядацеля.

Раней судовыя паседжаньні неаднаразова пераносілі ў сувязі з хваробай абвінавачаных. У выніку іхныя справы вырашылі вынесьці ў асобнае вядзеньне.

Палову фігурантаў да 19 ліпеня не зьмяшчалі ў ізалятар, яны заставаліся на волі (з падпіскай аб нявыезьдзе і пад паручальніцтвам). Аднак пракурор хадайнічаў аб узяцьці іх пад варту. Прысутныя на паседжаньні расказалі Свабодзе, што дзяржаўнае абвінавачаньне матывавала гэта тым, што, паводле зьвестак ГУБАЗіК, фігуранты справы «ўступілі ў змову» з мэтай пакінуць тэрыторыю Беларусі і зьбіраліся зьехаць ва Ўкраіну.

Суд над пятай групай фігурантаў (13 чалавек) меў адбыцца, але праз хваробу аднаго з абвінавачаных паседжаньне перанесьлі на 9 жніўня. Праваабарончы цэнтар «Вясна», спасылаючыся на сваякоў падсудных, паведаміў, што ў гэтай групе абвінавачаных будуць судзіць таксама хлопцаў з папярэдніх партыяў, справы якіх раней вылучылі ў асобнае вядзеньне з прычыны іх хваробаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG