Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскі сайт апублікаваў відэа, на якім беларускія памежнікі гоняць мігрантаў назад у Літву


Мігранты, затрыманыя на літоўска-беларускай мяжы 22 чэрвеня, ілюстрацыйнае фота
Мігранты, затрыманыя на літоўска-беларускай мяжы 22 чэрвеня, ілюстрацыйнае фота

Літоўскі сайт 15min.lt апублікаваў відэа, на якім бачна, як беларускія памежнікі атачылі мігрантаў паміж межавымі слупамі Літвы і Беларусі і выштурхоўваюць іх у бок Літвы.

«Супрацьстаянне на літоўска-беларускай мяжы перайшло ў новую стадыю. На гэтым тыдні былі выпадкі, калі мігрантаў, вернутых літоўскімі памежнікамі, выштурхоўвалі назад у Літву узброеныя беларускія сілавікі», — піша сайт 15min.lt.

Афіцыйная пазыцыя Літвы палягае ў тым, што заявы аб наданьні прытулку могуць прымацца толькі на памежных пунктах пропуску або ў пасольстве. Літоўскія памежнікі на гэтым тыдні пачалі вяртаць у Беларусь людзей, што незаконна перасякаюць мяжу. Неўзабаве гэтых мігрантаў пачалі выштурхоўваць назад у Літву беларускія памежнікі. Сайт 15min.lt публікуе відэа, якое пацьвярджае гэта.

На відэа зафіксаваны выпадак, калі вяртаньне мігрантаў на тэрыторыю Беларусі зь Літвы блякуюць зь беларускага боку афіцэры ў форме, масках, са шчытамі і каскамі. На відэа вайсковец кажа мігрантам зноў ісьці ў Літву. Абодва бакі выкарыстоўваюць службовых сабак, а мігранты часам па некалькі гадзін затрымліваюцца паміж слупоў, якія пазначаюць дзяржаўную мяжу, аточаныя сілавікамі. Прынамсі аднойчы такая сытуацыя доўжылася больш за содні, сьцьвярджае сайт.

  • Колькасьць мігрантаў, затрыманых на літоўска-беларускай мяжы, перавысіла леташнюю ў 16 разоў. Краіна ўвяла рэжым экстрэмальнай сытуацыі ў сувязі з рэзкім ростам нерэгулярнай міграцыі зь Беларусі.
  • Літва вінаваціць улады Беларусі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз.
  • 2 ліпеня старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен падчас візыту ў Вільню заявіла, што наплыў нелегальных мігрантаў у Літву з тэрыторыі Беларусі палітычна матываваны.
  • Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у той жа дзень напісаў у Твітэры: «Лукашэнка спрабуе ператварыць міграцыю ў зброю, каб аслабіць нашы санкцыі. Надзвычайнае становішча або не — гэта ня пройдзе!»
  • Міністар унутраных справаў Літвы Агне Білатайце аддала загад вяртаць мігрантаў назад у Беларусь, транзытам празь якую яны рушаць у Літву з краін Азіі і Афрыкі.
  • Аляксандар Лукашэнка загадаў 5 жніўня: «Ад сёньняшняга дня ніводная нага на тэрыторыю Беларусі з сумежнага боку, няхай гэта будзе поўдзень ці захад, ступіць не павінна. Закрыйце кожны мэтар мяжы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG