Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можа ўтварыцца сытуацыя, калі Эўропе ня будзе куды падзецца і прыйдзецца ісьці на жорсткі адказ Менску», — Мошэс


Літоўцы ўмацоўваюць мяжу калючым дротам, архіўнае фота
Літоўцы ўмацоўваюць мяжу калючым дротам, архіўнае фота

Палітоляг Аркадзь Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў, аналізуе расстаноўку сілаў у беларуска-літоўскім памежным канфлікце, адказвае на пытаньне, якой можа быць тут роля Масквы, і пералічвае прычыны, па якіх Эўразьвяз вымушаны будзе пайсьці на жорсткія крокі.

Сьцісла

  • Відавочна, што Менск ідзе ва-банк.
  • Унутры ЭЗ існуе лобі, якое так ці іначай спрыяе прыёму мігрантаў
  • Калі Эўразьвяз саступіць, то будзе створаны прэцэдэнт для іншых межаў, іншых краінаў
  • Менск лічыць, што ён намацаў слабое месца Эўразьвязу
  • Наўрад ці Масква хоча ісьці на эскаляцыю памежных адносінаў з Эўразьвязам толькі таму, што гэта патрэбна Менску.

Можа ўзьнікнуць прэцэдэнт, калі Эўропе ня будзе куды падзецца і прыйдзецца ісьці на жорсткі адказ Менску

— Так званы мігранцкі крызіс на мяжы Беларусі і Літвы набывае новыя абароты. Аляксандар Лукашэнка 5 жніўня загадаў сілавікам «закрыць кожны мэтар мяжы» — гэта значыць не пускаць у Беларусь тых мігрантаў, якіх Літва будзе выдвараць са сваёй тэрыторыі. Відавочна, афіцыйны Менск зноў падвышае стаўкі. Якое вы бачыце магчымае разьвіцьцё падзеяў?

Аркадзь Мошэс
Аркадзь Мошэс

— Сытуацыя сапраўды ўскладняецца, відавочна, што Менск ідзе ва-банк. Калі б Менск меў справу не з Эўрапейскім Зьвязам, а з больш жорсткай структурай — яму б не было чаго лавіць. Мяжа была б закрытая, і ніхто ня здолеў бы перасекчы мяжу ў тым кірунку.

Але Эўразьвязу заўсёды «няёмка» ісьці на жорсткія захады, унутры ЭЗ існуе лобі, якое так ці іначай спрыяе прыёму мігрантаў. Да таго ж сытуацыя ў самой Літве даволі неадназначная, і відавочна, што Менск разьлічвае, што зь ім пойдуць на перамовы.

Я б такі варыянт да канца не выключаў, але ўсё ж дагэтуль лічу яго малаверагодным. Я думаю, што эўрапейцы будуць працаваць з Іракам, магчыма, будуць працаваць з Масквой. Але для Эўрапейскага Зьвязу гэта таксама момант ісьціны. Бо калі ён саступіць, то будзе створаны прэцэдэнт для многіх іншых межаў, іншых краінаў, — чаго Эўразьвяз хацеў бы пазьбегнуць.

Сытуацыя сапраўды становіцца малапрадказальнай. Але зразумела, што Эўразьвяз пакуль выглядае дастаткова бездапаможна, ніякай рэальнай дапамогі Літве не аказвае. Калі гэты магутны блёк дзяржаваў ня мае дастаткова калючага дроту... Гэта называецца, запрашаем у геапалітыку XXI стагодзьдзя, якая ў значнай ступені будуецца толькі на заявах і не падмацаваная магчымасьцямі.

— Некаторыя расейскія палітолягі з пэўным зларадзтвам камэнтуюць гэтую сытуацыю, заяўляючы, што Парыж і Бэрлін ня надта сьпяшаюцца дапамагаць Вільні, бо лічаць Літву гэткім амэрыканскім пасынкам у Эўразьвязе. Маўляў, калі вы такія праамэрыканскія (ня толькі Літва, але ўсе краіны Балтыі і Польшча), то няхай Вашынгтон вам і дапамагае. Наколькі такі аргумэнт можна ўспрымаць усур’ёз?

— Я з гэтым не пагаджуся. Бо гэтае пытаньне дастаткова прынцыповае, пытаньне стаіць аб недатыкальнасьці межаў усёй шэнгенскай зоны. Зразумела, што Нямеччына ня можа прыняць у сябе гэтых уцекачоў, бо тады ёй давядзецца прымаць уцекачоў адусюль.

Калі Літва павядзе сябе жорстка ў пытаньні незаконнага перасячэньня межаў, нагадае пра тое, што гэта злачынства, — яна можа атрымаць падтрымку ад тых краінаў, якія звычайна ўсходнімі межамі Эўразьвязу не цікавяцца: ад Гішпаніі, Італіі. Яны сутыкаюцца з той самай міграцыйнай праблемай і відавочна незадаволеныя, што Брусэль і Бэрлін фактычна спрыяюць таму, што межы Эўрапейскага Зьвязу застаюцца лёгка праходнымі. Так што так ці іначай Эўразьвязу давядзецца ўмешвацца і дапамагаць Літве.

— Ці можна патлумачыць нахабныя паводзіны Менску проста традыцыйнай палітычнай манерай Аляксандра Лукашэнкі? Ці, магчыма, ён адчувае за сваёй сьпінай падтрымку Масквы?

— Я думаю, Менск лічыць, што ён намацаў слабое месца Эўразьвязу — і ў яго ёсьць прычыны так лічыць. Бо Эўрапейскі Зьвяз, пачынаючы ад мігранцкага крызісу 2015 году, за 6 гадоў, па вялікім рахунку, так і ня выпрацаваў ані канцэптуальнай плятформы, ані канкрэтных практычных мэханізмаў абароны ўласных межаў. Таму я думаю, што цяперашняя агрэсіўная палітыка Менску будуецца на пэўным аналізе.

Што тычыцца Масквы, то тут у мяне дакладнай перакананасьці няма. З аднаго боку, я ўжо неяк узгадваў, што ў 2015 годзе Фінляндыя сутыкнулася з раптоўным наплывам мігрантаў з Расеі. Зразумела, што зараз гэта такая ж спэцапэрацыя і людзі дзейнічаюць па адных падручніках. Але, зь іншага боку, тая сытуацыя на расейска-фінскай мяжы працягнулася ўсяго некалькі дзён, бо з Масквой уступілі ў пэўны дыялёг.

Аднак у мяне няма перакананьня, што Масква хоча ісьці на эскаляцыю памежных адносінаў з Эўразьвязам толькі таму, што гэта патрэбна Менску. Мне падаецца, што Масква не зацікаўленая, каб хвост кіраваў сабакам. Так, Масква ня супраць паказаць «бездапаможнасьць» Эўразьвязу, але яна не зацікаўленая ва ўзьнікненьні рэальнага канфлікту зь непрадказальнымі наступствамі. Каб гэта не паўплывала на транзыт тавараў, на ўскладненьне нейкіх іншых працэдураў. Думаю, мы маем справу найперш з ініцыятывай Менску.

— Мы гаворым пра тое, як Менск можа нашкодзіць Літве. Але чым можа Эўразьвяз адказаць Менску? Што можа зрабіць Эўразьвяз, калі ён вырашыць ня толькі абараняцца, а атакаваць у адказ?

— Што тычыцца санкцыяў, то тут магчымасьці вельмі шырокія — пытаньне толькі ў палітычнай волі. Фактычна санкцыяў дагэтуль няма. Тое, што абвясьцілі, было адкладзена, — і ў выніку мы зноў ня вельмі разумеем, ці ёсьць санкцыі, ці іх няма.

На жаль, Эўропа ня ўмее прымаць рашэньні хутка і жорстка. Эўропа прызвычаілася ісьці на кампрамісы — з Расеяй, Турэччынай. Яна паводле сваёй сутнасьці ня хоча ісьці на цяжкія канфлікты. Таму, тое, што цяпер адбываецца, вельмі цікава. Бо можа ўзьнікнуць прэцэдэнт, калі Эўропе ня будзе куды падзецца, ёй прыйдзецца ісьці на жорсткі адказ.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG