Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранцкі крызіс не прымусіць Літву пайсьці на нейкія саступкі Менску, — палітоляг Казакевіч


Літоўскія салдаты ўзмацняюць мяжу зь Беларусьсю калючым дротам. 9 ліпеня 2021

Доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч тлумачыць, што можа зрабіць Вільня, каб зьнізіць хвалю мігранцкага крызісу, заяўляе, што ніводная палітычная сіла Літвы ня будзе ісьці на нейкія перамовы і кампрамісы з Лукашэнкам, і заўважае, што Масква магла б у любы момант пакончыць зь мігранцкім крызісам.

Сьцісла:

  • Літва можа зрабіць крокі, каб папулярнасьць гэтага каналу міграцыі была зьніжана.
  • Ісьці на нейкія перамовы і кампрамісы з Лукашэнкам ніводная адказная палітычная сіла Літвы ня будзе
  • Я ня бачу, якім чынам беларускія ўлады здолеюць выкарыстаць мігранцкі крызіс на сваю карысьць
  • Расея можа гэты крызіс вельмі хутка вырашыць, аказаўшы прамы ціск на афіцыйны Менск

Андрэй Казакевіч
Андрэй Казакевіч

— Мігранцкі крызіс, які арганізаваў на беларуска-літоўскай мяжы беларускі рэжым, паказвае, што афіцыйны Менск, на ягоную думку, знайшоў «слабае месца». Што ў адказ можа зрабіць Вільня? Некаторыя прапануюць перакрыць пастаўкі беларускіх калійных угнаеньняў праз Клайпеду — маўляў, тады Менск хутка адумаецца.

— Я думаю, крокі Вільні будуць разнастайныя. Вядома, Літва будзе патрабаваць эўрапейскай салідарнасьці ў гэтым пытаньні, гэта тычыцца і фінансава-тэхнічнай дапамогі па ўсталяваньні мяжы, і палітычнага ціску на тыя краіны, якія ўключаныя ў мігранцкую схему (напрыклад, Ірак), на ўвесь ланцуг, зьвязаны з дастаўкай мігрантаў празь Беларусь.

Ня думаю, што ў найбліжэйшы час варта чакаць нейкай гандлёвай блякады з боку Вільні.

Сярод іншага, Літва відавочна можа праводзіць ня самую дружалюбную палітыку адносна саміх мігрантаў, каб гэты канал не лічыўся надта спрыяльным. Не сакрэт, што мігрантам важна дасягнуць Заходняй Эўропы, найперш Нямеччыны. Але знаходжаньне ў лягеры ўцекачоў у Літве — зь вялікай верагоднасьцю, што яны ня будуць легалізаваныя ў якасьці палітычных уцекачоў — прывядзе да таго, што папулярнасьць гэтага шляху будзе зьніжана. Калі яны зразумеюць, што аўтаматычна легалізавацца ў Літве яны ня могуць — многія зь іх будуць вымушаныя пакінуць Літву, і папулярнасьць такога каналу міграцыі ў Эўропу будзе зьніжана.

— Ці стала мігранцкая праблема ўжо дастаткова сур’ёзнай тэмай ва ўнутранай літоўскай палітыцы? Ці можна сказаць, што ў такіх пытаньнях адказным палітычным сілам варта праяўляць нейкае салідарнае стаўленьне ў рэчышчы агульных інтарэсаў краіны? Ці ўсё ж асобныя сілы выкарыстоўваюць гэтую сытуацыю, каб атакаваць сваіх палітычных апанэнтаў з кіроўнай кааліцыі?

— Розныя сілы ў Літве спрабуюць па-рознаму гэтую сытуацыю выкарыстаць, але пытаньне ў тым, ці ёсьць альтэрнатыва. У прынцыпе, ісьці на нейкія перамовы і кампрамісы з Лукашэнкам ніводная адказная палітычная сіла Літвы ня будзе. Перш за ўсё таму, што Лукашэнка лічыцца недамоваздольным. І любы кампраміс будзе азначаць, што сама пагроза застанецца. Напрыклад, мігранцкі крызіс будзе вырашаны, але ў любы зручны момант Лукашэнка зноў можа ўключыць гэты рубільнік.

І гэта становіцца пастаяннай пагрозай для нацыянальнай бясьпекі. Так што літоўцы разумеюць, што праблему трэба вырашаць кардынальна. І тут нейкія перамовы зь беларускімі ўладамі — гэта толькі частковае рашэньне, яно можа спрацаваць толькі тактычна. Так што я лічу, што прынцыпова пазыцыя Літвы ў гэтым пытаньні ня зьменіцца.

— Беларускія прапагандысты са зларадзтвам пішуць, што калі ў Літве асядуць некалькі дзясяткаў тысяч мігрантаў, мужчын маладога ўзросту — то гэта будзе больш за літоўскую армію. І ў іхных марах павінны адбыцца нейкія канфлікты паміж мігрантамі і літоўскімі праваахоўнымі органамі. Пры якой лічбе — 20, 30 тысяч мігрантаў — гэтая праблема стане сапраўды вельмі істотнай для Літвы?

— Мне нават лічба 20 тысяч падаецца даволі нерэалістычнай. Літоўскае войска ўзброенае, яно мае даволі сур’ёзных саюзьнікаў па NATO. Так што праблемы бясьпекі мігранцкі крызіс ня створыць. Гуманітарную праблему — так, яна ёсьць.

Мяркую, Літва здолее не давесьці гэтую лічбу да нейкіх крытычных памераў. Ня ўсе мэханізмы яшчэ выкарыстаныя. Некаторыя яшчэ толькі запускаюцца.

Праўладныя беларускія прапагандысты думаюць, што яны мігранцкім крызісам нанесьлі нейкі ўдар Літве, і яна зараз пойдзе на нейкія палітычныя саступкі, напрыклад, адмовіцца ад санкцыяў ці аслабіць дапамогу беларускай дэмакратыі. Але гэта ня будзе прадметам кампрамісу зь Менскам. Літва проста ўключыць некаторыя дадатковыя мэханізмы, і супольны адказ Эўразьвязу будзе яшчэ мацнейшы.

Таму я ня бачу, якім чынам беларускія ўлады здолеюць выкарыстаць мігранцкі крызіс на сваю карысьць. Літва на дадзены момант не разглядае пытаньні, якія хацеў бы паставіць афіцыйны Менск для перамоваў, як прымальныя для торгу.

— Але часам дзеяньні цяперашніх беларускіх уладаў і не накіраваныя на тое, каб дасягнуць нейкай мэты. Часам гэта проста жаданьне ўдарыць па камені, аб які спатыкнуўся… А вось зь якімі пачуцьцямі Масква глядзіць на гэты беларуска-літоўскі канфлікт?

— Крэмль проста назірае, як беларускія ўлады разбураюць свае стасункі з Захадам, сваю шматвэктарнасьць, — і пры гэтым становяцца яшчэ больш залежнымі ад Масквы. Для многіх людзей у Расеі, асабліва зь сілавога блёку, гэта добрая сытуацыя. Бо для іх самы галоўны страх — што Беларусь пойдзе на Захад. І дзеяньні Менску апошні год робяць такі сцэнар усё менш імаверным.

У Масквы застаецца даволі шмат рычагоў уплыву на Беларусь. Калі раптам складзецца такая сытуацыя, што міграцыйны крызіс на беларуска-літоўскай мяжы можна будзе выкарыстаць у торгу з Эўразьвязам, ЗША, то Расея можа гэты крызіс вельмі хутка вырашыць, аказаўшы прамы ціск на афіцыйны Менск. Але пакуль у Масквы няма асаблівых матываў, прычынаў і жаданьня ўмешвацца ў гэты працэс.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG