Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва пабудуе ля мяжы зь Беларусьсю кантэйнэрны гарадок для 40 000 мігрантаў


Карыкатура на тэму міграцыі
Карыкатура на тэму міграцыі

Гарадок зьявіцца ў Сьвянцянскім раёне.

Рашэньне прынята ў сувязі з магчымым пагаршэньнем сцэнару, які пагражае Літве з прычыны бескантрольнай міграцыі празь Беларусь, паведамляе партал Delfi.lt.

Кіраўнік службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустам Любаеў сказаў, што цяпер вядуцца перамовы зь Мінфінам аб фінансаваньні гэтых работ.

«Сытуацыя на мяжы цяжка прагназавальная. Мы ня ведаем, калі і колькі дамкоў спатрэбіцца. Мы павінны быць гатовыя да любога варыянту», — сказаў ён.

Цяпер у Сьвянцянскім раёне разьмешчаныя 484 мігрантаў (Пабрадэ, Цэнтар рэгістрацыі іншаземцаў). Намесьнік Любаева Відас Мачайціс сказаў, што гэтымі днямі праходзіць конкурс на куплю 219 кантэйнэраў, каб паставіць іх у Медніках (на гэта выдзелена 4,6 млн. эўра), але рыхтуецца вялікі конкурс на закуп да 10 000 такіх кантэйнэрных хатак.

У Медніках гарадок павінен быць гатовы да 5 жніўня. Калі купіць кантэйнэрныя домікі да гэтага тэрміну ня ўдасца, прыйдзецца зноў разьбіць намётавы лягер.

«Мы ня ведаем, калі паток мігрантаў спыніцца, трэба быць гатовымі да ўсяго», — сказаў Мачайціс.

«Цяпер галоўная праблема — ня колькасьць, 1800 чалавек — гэта ня тая колькасьць, зь якой Літва ня можа справіцца. Значна горшая рэч — дынаміка, бо мы бачым рост на працягу некалькіх тыдняў, і патэнцыял у гэтага росту вялікі», — сказала 15 ліпеня прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце пасьля візыту ў Грэцыю.

Кіраўнік Frontex Фабрыс Лэджэры падчас візыту ў Літву сказаў, што былі асьцярогі, што Беларусь выкарыстоўвае супраць Літвы нелегальную міграцыю як палітычную зброю, таму зь мінулай восені за мяжой Літвы і Беларусі вялося назіраньне. Паводле яго слоў, урад Аляксандра Лукашэнкі наўмысна заахвочвае наплыў міграцыі, прыкрываючыся вакцынацыяй ад каранавірусу, запрашае прыяжджаць у Беларусь бязь візаў (гэта тычыцца грамадзян 73 краін, яны могуць правесьці ў Беларусі 5 дзён).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG