Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты 5 жніўня: маці Сяргея «Хлопотное Дельце» на Акрэсьціна, фатографу Дзьмітрыеву 15 сутак, супраць актывіста Вінаградава новая справа

абноўлена

Дзьмітры Дзьмітрыеў
Дзьмітры Дзьмітрыеў

У Беларусі працягваюцца затрыманьні грамадзянскіх актывістаў і журналістаў, а таксама заводзяцца крымінальныя справы на апанэнтаў рэжыму.

Зноў прыйшлі ў дом да Сяргея «Хлопотное Дельце» Міронава

У сьпісах затрыманых, якія рыхтуюць валянтэры, значыцца мянчанка Сьвятлана Чапурко. Гэта маці Сяргея Міронава, які стаў папулярным праз мэм пра «Хлопотное Дельце».

На мінулым тыдні Сяргея і Сьвятлану Аляксееўну ўжо затрымлівалі, але празь некалькі гадзін адпусьцілі.

Што стала падставай да чарговага візыту сілавікоў — на гэты момант дакладна невядома. Таксама няма інфармацыі, ці на волі сам Сяргей Міронаў.

Маці і сын ужо па некалькі разоў адседзелі адміністрацыйныя арышты.

Крымінальная справа супраць Вінаградава за «паклёп»

У дачыненьні да грамадзкага актывіста Паўла Вінаградава завялі справу паводле арт. 367 ч.1 КК (паклёп на прэзыдэнта).

«Затэлефанаваў сьледчы. У дачыненьні да Паўла пачатая крымінальная справа за той самы пост у Фэйсбуку ад 8 траўня. Як я разумею, ён пакуль у статусе падазраванага», — паведаміла ягоная жонка Сьвятлана Вінаградава.

7 ліпеня суд Бярэзанскага раёну Менскай вобласьці на выязным пасяджэньні ў мясцовым РАУС пастанавіў арыштаваць былога палітвязьня Паўла Вінаградава на 15 сутак. Яго прызналі вінаватым па ч. 2 арт. 24.23 КаАП (заклік да масавага мерапрыемства з парушэньнем парадку яго арганізацыі або правядзеньня) за пост у Фэйсбуку, дзе, на думку міліцыі, утрымліваецца заклік да выхаду на акцыю пратэсту.

Пазьней да гэтага тэрміну дадалі яшчэ 30 сутак зьняволеньня.

Падтрымаць Паўла Вінаградава можна лістамі і паштоўкамі: 223311. Бярэзань, вул. Перамогі, 22. Ізалятар часовага ўтрыманьня.

Затрыманьне фатографа «Новага часу» і 15 сутак арышту

Раніцай 5 жніўня а 6.40 Дзьмітры Дзьмітрыеў паведаміў, што да яго прыйшлі, піша «Новы час».

Жонка фотакарэспандэнта Кацярына паведаміла, што Дзьмітрыя павезьлі, праўдападобна, у Сьледчы камітэт. Яна ня ведае, па якім артыкуле забралі мужа.

Пазьней яго асудзілі на 15 сутак нібыта за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

У сакавіку сёлета Дзьмітрыева ўжо дапытвалі ў Сьледчым камітэце ў якасьці падазраванага паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Сацыёляга Аксану Шэлест адпусьцілі пад падпіску

Старшы аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, кандыдат сацыялягічных навук (PhD) Аксана Шэлест пасьля допыту выйшла на волю. Яна знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе, піша сайт беларускіх дасьледаваньняў Thinktanks.by.

4 жніўня пра зьнікненьне сувязі з калегай напісаў генэральны дырэктар міжнароднай няўрадавай арганізацыі «ЭўраБеларусь» Андрэй Ягораў.

Аксана Шэлест — экспэрт аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў, ляўрэат прэміі Міжнароднага кангрэсу дасьледнікаў Беларусі 2013 году ў намінацыі «Сацыяльныя і палітычныя навукі». Аўтарка дасьледаваньня «Голас вуліц». Гэта была адна з першых работ, у якой аналізаваліся пратэсты ў Беларусі летам-восеньню 2020 году. У апошнім дасьледаваньні, апублікаваным у ліпені, Шэлест аналізавала дынаміку і зьмест лякальных тэлеграм-чатаў, якія сталі важным інструмэнтам самаарганізацыі мясцовых супольнасьцяў.

Ператрус у рэдактара «Сильных новостей»

Да бацькоў рэдактара «Сильных новостей» Аляксея Шкурава прыйшлі прыкладна а 7-й гадзіне, піша выданьне. Цягам гадзіны ішоў ператрус, але нічога не забралі. Таксама сілавікі адмовіліся сказаць, паводле якой крымінальнай справы праводзілі ператрус.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG