Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы прапанаваў пашырыць санкцыі на транзыт беларускага калію


Кантрабанда беларускіх цыгарэтаў у Літву. Ілюстрацыйнае фота
Кантрабанда беларускіх цыгарэтаў у Літву. Ілюстрацыйнае фота

Літва прапануе паглыбіць галіновыя санкцыі супраць Беларусі. Гэта, хутчэй за ўсё, паўплывае на вытворчасьць угнаеньняў, да якой будуць прымяняцца больш жорсткія абмежаваньні, чым ужо прадугледжана.

Цяпер, паводле міністра замежных спраў Габрыеліса Ландсбергіса, санкцыі ахопліваюць каля 20 працэнтаў новых кантрактаў на грузы, якія праходзяць праз тэрыторыю Літвы, паведамляе delfi.lt.

«Гэта азначае, што пэўнае ўзьдзеяньне ёсьць, але гэта не ахоплівае ўсе грузы. Цяпер Літва ўнесла прапанову аб пашырэньні санкцый — таксама галіновых. Мы не назвалі, якіх менавіта, але, мабыць, лягічна трэба зразумець, што гэты сэктар, хутчэй за ўсё, таксама будзе ахоплены. Гэта азначае, што былі б уключаныя новыя прадукты калійных угнаеньняў, і гэтыя грузы зьменшацца», — заявіў міністар замежных спраў журналістам перад пасяджэньнем ураду.

Ландсбергіс сказаў, што гэта можна зрабіць не раней за верасень, калі Рада Эўразьвязу вернецца да пасяджэньняў пасьля летняга перапынку.

Кантрабанда ў грузах з угнаеньнямі — тэндэнцыя ці не?

Міністар замежных спраў таксама зьвярнуў увагу на апублікаваную ў аўторак інфармацыю пра кантрабанду цыгарэт у грузе «Беларуськалію».

«Гэта выклікае вялікі неспакой. Нам трэба высьветліць, ці няма тут пэўнай тэндэнцыі», — сказаў Г. Ландсбергіс.

Як ужо паведамлялася, кантрабанду цыгарэт выявілі ў грузе беларускага вытворцы ўгнаеньняў «Беларуськалій», які перавозіўся цягніком у Літву, паведаміла ў аўторак крымінальная служба Літоўскай мытні.

Паводле папярэдніх ацэнак, было выяўлена 159 скрыняў, або амаль 80 тысяч пачкаў цыгарэт «NZ Gold» і «Minsk capital», вырабленыx на горaдзенскім заводзе «Нёман».

Кошт нелегальных тытунёвых вырабаў з абавязковымі падаткамі павінен скласьці каля 259 тысяч эўра.

Крымінальная служба мытні пачне дасудовае расьсьледаваньне па факце кантрабанды цыгарэт.

Паводле інфармацыі службы, літоўскія чыноўнікі апошнім часам амаль кожны тыдзень выяўлялі вялікія партыі цыгарэт, якія кантрабандай дастаўляюцца цягнікамі зь Беларусі.

Для перавозу нелегальных тытунёвых вырабаў кантрабандысты выкарыстоўваюць усе віды чыгуначнага транспарту — адкрытыя і закрытыя вагоны, кантэйнэры, цыстэрны.

Намагаюцца выкарыстоўваць асаблівасьці канструкцыі вагонаў, напрыклад, усталёўваюць двухстворкавыя схованкі ззаду вагонаў, гаворыцца ў справаздачы.

Цыгарэты таксама часта хаваюцца «пад прыкрыцьцём» — скрынкі з цыгарэтамі ўкладаюцца паміж афіцыйным грузам.

У такіх выпадках цыгарэты часта хаваюцца ў цяжка кантраляваных сыпкіх грузах — хлярыдна-калійных угнаеньнях, закопваюцца ў гравій або закладаюцца ў драўніну, кажуць чыноўнікі.

Адно з найбольш папулярных сховішчаў гэтага тыпу — так званыя «труны», калі цыгарэты перавозяцца ў паражнінах, выразаных у драўніне.

Паводле інфармацыі крымінальнай службы мытні, службовым асобам цяжка агледзець вагоны як з прычыны вялікага патоку тавараў, так і абмежаванага часу на праверку.

Колькасьць затрыманьняў кантрабанды на чыгуначным транспарце апошнімі гадамі расьце.

У 2019 годзе афіцэры зафіксавалі 14 затрыманьняў кантрабанды на чыгунцы, у 2020 годзе — 36, а ў першай палове 2021 году — 37.

Кошт кантрабанды цыгарэт на чыгуначным транспарце, канфіскаванай сёлета, складае каля 4 мільёнаў эўра.

Галіновыя санкцыі ўвялі пасьля прымусовай пасадкі самалёта

Галіновыя санкцыі былі ўведзеныя супраць Беларусі пасьля пасадкі пасажырскага самалёта зь беларускім апазыцыйным блогерам Раманам Пратасевічам у траўні.

Міністар транспарту і камунікацыяў Марыюс Скуодзіс заявіў, што санкцыі будуць ахопліваць каля 20 працэнтаў беларускіх угнаеньняў, якія перавозяцца празь Літву, і будуць пашырацца толькі на новыя кантракты.

Мантас Бартушка, кіраўнік кампаніі «Літоўскія чыгункі», якая перавозіць прадукцыю, заявіў, што з прычыны санкцыяў кампанія страціць каля 20 мільёнаў эўра даходу.

Пасьля ўвядзеньня санкцыяў у Літву зь Беларусі рынуў паток нелегальных мігрантаў — сёлета ў Літву незаконна ўехалі ўжо больш за 4 тысячы чалавек. Літоўскія чыноўнікі вінавацяць у гэтым беларускі рэжым і называюць гэта гібрыднай агрэсіяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG