Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калесьнікава ў інтэрвію перад судом: «Лукашэнка забыўся, што жыць яму ня з Пуціным»


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

У дзень пачатку суду над Марыяй Калесьнікавай расейскі тэлеканал «Дождь» апублікаваў інтэрвію, якое яна дала з-за кратаў.

— Неўзабаве вашу справу будуць разглядаць у судзе. Што вы цяпер можаце расказаць пра гэтыя абвінавачаньні?

— Абсурднае абвінавачаньне, паводле якога нам з Максімам Знакам пагражае да 12 гадоў за тое, чаго мы не ўчынялі, — гэта сьведчаньне праўнай сваволі паліцэйскай дзяржавы. Улада панічна баіцца адкрытага працэсу, дзе ўсе пабачаць, што насамрэч галоўнай небясьпекай і пагрозай для беларусаў, Беларусі і нацыянальнай бясьпекі сама ўлада і ёсьць.

— Ці вам за ўвесь гэты час прапаноўвалі супрацоўнічаць? Мо напісаць прашэньне аб памілаваньні ці прызнаць віну ў абмен на свабоду?

— Так, у розных формах, але, прапануючы, яны і самі ня надта каб верылі ў маю згоду. Я сама прапаную ініцыяваць дыялёг, перамовы, каб спыніць супрацьстаяньне ў грамадзтве. Мяне «пачулі» і прапанавалі здымацца ў кіно а-ля Раман [Пратасевіч]. Адказала, што Маркаў (кіраўнік АНТ. — РС) можа прыйсьці, я падрабязна апавяду шокавую праўду пра выкраданьне, сьледзтва і беззаконьне ў турме. Нешта не прыходзіць :-). Паколькі я невінаватая, то выключаю магчымасьць напісаньня прашэньняў.

— Калі будуць такія прапановы, як бы вы адрэагавалі?

— Гэта банда подлых баязьлівых напарстачнікаў, і дзіўна было б ім давяраць. Яны ж заўсёды хлусяць. Ня вер, ня бойся, не прасі і сьмейся — гэта мой прынцып зносінаў зь імі.

— Што вы думаеце пра людзей, якія пагаджаюцца на такія ўмовы для выхаду на свабоду?

— Ні ў якім разе нікога не асуджаю. Кожны з нас сам робіць свой выбар, зыходзячы з абставінаў, у якіх знаходзіцца, і сам нясе за яго адказнасьць, найперш перад сабой.

— Ці вам удаецца неяк атрымліваць навіны? Ці можаце неяк сачыць за тым, што адбываецца ў краіне?

— Часткова ад адвакатаў, дзяржаўных газэт і ТВ. Не заўжды зразумела, праўда, ці то БТ — філія КДБ, ці то наадварот. Сьмешна, як яны ўжо больш за год наперабой даказваюць адно аднаму, што іх большасьць, але ня 3% :-)

— Вы, пэўна, чулі пра вырак Віктару Бабарыку. Ці чакалі, што тэрмін будзе такі суровы?

— Не сумнявалася, што ён будзе суровы. Бо чым слабейшая ўлада, тым суровейшы прысуд. Віктар Дзьмітрыевіч ужо больш як год у турме, але ў яго высокі рэйтынг, ён стварыў партыю, ня здрадзіў сабе, не пайшоў на ўгоды з сумленьнем, нягледзячы на тое, што ягоны сын, блізкія і каманда ў закладніках. Яны баяцца яго, бо самі ні на што, апроч гвалту, ня здатныя.

— Хутка будзе год пасьля вашага затрыманьня. Ці чакалі, што прабудзеце ў СІЗА гэтак доўга? Ці думалі пра гэта?

— Я ведала, што, застаўшыся ў Беларусі пасьля 9 жніўня, лёгка і проста ня будзе, але я была да гэтага гатовая. А 7 верасьня я ўвогуле не была ўпэўненая, што застануся жывой і гэта не апошні панядзелак у маім жыцьці. Праз год я жывая — і гэта ня можа ня радаваць!

— Ці шкадуеце пра нешта цяпер, праз год? Ці дапускалі, што лепш варта было зьехаць?

— Ні пра што я не шкадую, лічу, што парваць пашпарт, выключыўшы сваю дэпартацыю, — адзінае правільнае рашэньне. Выявілася, што ўсе чуткі пра магутнасьць КДБ моцна перабольшаныя, і аднаго руху рукі дастаткова, каб усе іхныя баязьлівыя пляны рассыпаліся ўшчэнт. Зло абавязкова перагульвае само сябе.

— Год пасьля выбараў. Зь якімі эмоцыямі вы ўспамінаеце той жнівень і падзеі, якія адбыліся далей? Ці зьявілася расчараваньне, ці мо наадварот?

— Усё лета — абсалютны драйв, мора пазытыву, дабра, усьмешак і любові. Было складана, але гэта было таго варта. Расчараваньняў няма, а вось захапленьняў — акіян! Захапленьне неймавернымі беларусамі і непераадольным імкненьнем да свабоды, гатовасьцю за яе змагацца.

— Як сытуацыя можа разьвівацца далей? Што павінна здарыцца, каб сытуацыя ў Беларусі зьмянілася?

— Сытуацыя мяняецца гэтак імкліва, што ў стане турбулентнасьці немагчыма нешта прагназаваць. Ясна, што бяздушныя ўчынкі ўлады, рэпрэсіі, зачысткі мэдыя- і інфаполя, «Боінг» (пасадка самалёта з Пратасевічам. — заўв. «Дождь»), мігранты, забойства бізнэсу і паталягічная няздатнасьць пралічваць наступствы сваіх дзеяньняў хоць на крок-два наперад на тле поўнай адсутнасьці даверу народу і зваротнай сувязі немінуча вядзе да яе [улады] краху.

— Ці на некага і на нешта разьлічваеце цяпер у гэтым пытаньні?

— Думаю, што і цяпер беларусы маглі б самі вырашыць свае праблемы, але для гэтага патрэбная палітычная воля, мудрасьць і сьмеласьць. Пачаць дыялёг з народам — гэта адзінае, што відавочна задаволіла б усіх і адвяло б краіну ад краю прорвы, да якой так няўмольна вядзе ўлада.

— Ці могуць эўрапейскія санкцыі неяк паўплываць на тое, што адбываецца? Ці павінны заходнія краіны рэагаваць на падзеі ў Беларусі і як?

— Для беларусаў вельмі важная падтрымка міжнароднай супольнасьці, важна ведаць і адчуваць, што ў сытуацыі тэрору і «зварʼяцелага катка» мы не адны.

— У мінулых інтэрвію мы абмяркоўвалі з вамі і ролю Расеі ў тым, што адбываецца. Расейскія ўлады падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, прынамсі на афіцыйным узроўні. Наколькі вялікая роля Расеі ў тым, што адбываецца цяпер у Беларусі, і ў тым, што Аляксандар Лукашэнка захаваў пост?

— Ніхто не дапускае думкі, што кіраўніцтва РФ давярае Лукашэнку ці хоць на ёту верыць ягоным абяцаньням. Мы ня ведаем, ці ёсьць падтрымка насамрэч і ў чым яна выяўляецца, апроч размоваў пра яе. Факты — упартая рэч: банк «Газпрому» зьнішчаны, топы ў турме, [Софʼя] Сапега ў Менску, самалёты ў Крым так і не паляцелі і гэтак далей. Усе размовы пра «падтрымку» — пыл у вочы. Але відавочна, што Лукашэнку прасьцей на каленях паўзьці па «падтрымку», чым спыніць супрацьстаяньне ў Беларусі. Ён, відаць, забыўся, што жыць яму ня з Пуціным, а зь беларусамі.

— Ці разьлічвалі вы напачатку на падтрымку Расеі?

— Не. Як штаб Бабарыкі мы прынцыпова былі супраць умяшаньня іншых краінаў ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусі. Калі Лукашэнка разьвязаў вайну супраць нас, мы прапаноўвалі пачаць дыялёг сваімі сіламі альбо пры пасярэдніцтве РФ, ЭЗ і АБСЭ. Гэта наша сумленная і пасьлядоўная пазыцыя. Я і цяпер лічу, што толькі дыялёг дазволіць выйсьці з крызісу.

— Што вы хацелі б сказаць беларусам?

— Я веру ў беларусаў і люблю Беларусь. Перажываю за ўсіх, але ведаю, што зло абавязкова перагуляе само сябе, а дабро абавязкова пераможа. Нашы маленькія крокі вядуць да вялікіх перамог. А свабода і будучыня Беларусі вартыя таго, каб за іх змагацца. Разам пераможам!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG