Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У яе дзень народзінаў я вырашыў быць побач і тыдзень хадзіў каля турмы», — бацька Марыі Калесьнікавай


Марыя Калесьнікава, Менск, 29 жніўня 2020 году

Пра тое, як бацьку і дачцэ ўдаецца камунікаваць, пра што піша Марыя, як бацька перажывае яе зьняволеньне, у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» расказаў бацька Марыі Калесьнікавай Аляксандар Калесьнікаў.

Марыя Калесьнікава — адна зь лідарак беларускага пратэсту, каардынатарка выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай пады. Невядомыя выкралі яе 7 верасьня ў цэнтры Менску. Затым спэцслужбы Беларусі спрабавалі вывезьці яе з краіны, але Марыя парвала пашпарт на беларуска-ўкраінскай мяжы і была затрыманая. З тых часоў яна ў зьняволеньні. У родных не было ніводнага спатканьня зь ёй, перапіска праходзіць зь вялікімі цяжкасьцямі. Марыі выставілі абвінавачаньні адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу, ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Ніводнага спатканьня з моманту затрыманьня

— Калі вы апошні раз бачылі сваю дачку? Ці ўдалося вам зь ёй пагаварыць?

— Дакладную дату ня памятаю. Гэта было напярэдадні актыўных падзеяў, хутчэй за ўсё, пасьля рэгістрацыі, дакладней, спробы рэгістрацыі Віктара Дзьмітрыевіча [Бабарыкі]. І што мне на памяць прыходзіць — гэта былі першыя паездкі прадстаўнікоў аб’яднаных штабоў Веранікі Цапкалы, Сьвятланы Ціханоўскай і штабу Віктара Бабарыкі ў асобе Машы. Гэта, напэўна, быў жнівень, перад тымі падзеямі, калі Маша была затрыманая.

— Я вас спытаўся, каб зразумець, наколькі вам удаецца атрымліваць сустрэчы з Марыяй.

— На жаль, спатканьня ніводнага ў мяне ня было, хоць з моманту Машынага затрыманьня я кожны месяц пісаў заявы з просьбай спатканьня. Па-мойму, каля 12 зваротаў я напісаў. Але, на жаль, без тлумачэньня прычын я атрымаў адмовы на свае звароты. Гэта значыць, Машу я ня бачыў.

— Нават ніяк не тлумачаць гэтую адмову?

— Як патлумачылі мне адвакаты, сьледчы, які вядзе справу, мае права без тлумачэньня прычын адмовіць у спатканьні. Гэта нашыя законы.

— Мы бачылі той адзіны кадар з суду, дзе яна выходзіла, празь відэасувязь. Было бачна, што яна досыць бадзёра трымалася, цьвёрда. Вы, бацька, ведаючы Марыю лепш за ўсіх, напэўна, бачыце яе такой жа?

— Нават больш за тое — мне прыемна адзначыць, што Маша ў сваіх лістах заўсёды падтрымлівае мяне. Я крыху пазьней, можа, дам вытрымкі зь ліста, зь яе паштовак, дзе яна настолькі аптымістычна глядзіць у будучыню, што мне не застаецца нічога, як толькі браць зь яе прыклад.

Уявіце сабе, яна дасылае мне паштоўку з выглядам на італьянскую архітэктуру — гэта Флярэнцыя, гэта Рым — і піша: «Тата, мы там яшчэ не былі, але ведай, што хутка там будзем. Мы абавязаны там пабываць». Так што ўсе яе лісты вельмі пазытыўныя, вельмі кранальныя. І я разумею, наколькі ёй цяжка гэта даецца, але прынамсі яна спрабуе ў кожным лісьце мяне супакоіць, з аптымізмам глядзець у будучыню, [і на лістах] яе вядомыя сэрцайкі.

Аляксандр Калесьнікаў чытае лісты дачкі:

— Нягледзячы на турэмную цэнзуру, ці ўдаецца ёй адпраўляць вам лісты?

— Наколькі я разумею, вялікая частка лістоў зьнікае альбо не праходзіць цэнзуру. Зьнікае — я разумею, што, хутчэй за ўсё, не хапае часу, не хапае супрацоўнікаў, каб апрацоўвалі. Але на запыты адвакатаў нам адказваюць: «Гэта, хутчэй за ўсё, на пошце».

— Ці расказвае яна, у якіх умовах яе трымаюць?

— У лістах — не. Яна толькі піша, што яе самаадчуваньне нармальнае, яна зараджае мяне — пра што я казаў — добрым настроем. У лістах яна адзначае, што сочыць за падзеямі празь дзяржаўныя тэлеканалы і, вядома ж, робіць свае высновы. Ну што там казаць, гэта ўсё гучыць зь велізарнай іроніяй. Я так разумею, яна навучылася ня толькі чытаць паміж радкоў, але і глядзець паміж кадраў.

— А як да яе ставяцца наглядчыкі, сукамэрніцы — яна пра гэта піша?

— Так, часам яна піша, што стаўленьне да яе нармальнае, і адвакаты гэта мне таксама пацьвярджаюць. Я магу сказаць больш — што Маша змагаецца за свае правы, бо ў адным зь лістоў яна напісала: «Інструкцыі напісаныя ня намі, а краінай, у якой я зараз знаходжуся ў зьняволеньні, таму я патрабую, каб яны выконвалі свае ж інструкцыі».

— А што пішаце вы ёй?

— Да яе ўжо доўгі час не прыходзяць мае лісты — недзе, напэўна, за два месяцы. У мяне быў час, калі я, вядома ж, пісаў ёй пра свае пачуцьці, пра свае захапленьні, пра сваю любоў. Потым я пераключыўся на, скажам так, весялейшыя лісты. Стараўся ў кожным лісьце зьмясьціць нейкі анэкдот. Для гэтага я знайшоў зборнік габрэйскіх анэкдотаў і стараўся ёй па тэме [напісаць], дапусьцім, пра музыку, далей — пра судзьдзяў, далей — аб нейкіх жыцьцёвых сямейных сытуацыях. Разнастаіць, каб ёй таксама было весела. Але я так разумею, што ніводзін анэкдот да яе не дайшоў, хоць, па маіх ацэнках, адпраўлена дзесьці 15 такіх лістоў. Пакуль я не зразумеў. Мабыць, мае лісты могуць зараджаць яе на больш пазытыўнае стаўленьне, і гэтыя лісты, хутчэй за ўсё, не дайшлі. Прынамсі яна мне не пісала, каб я працягнуў альбо што яна прачытала нейкі анэкдот.

Аляксандар Калесьнікаў
Аляксандар Калесьнікаў

— А як часта лісты ад яе даходзяць да вас?

— Апошні месяц я не атрымаў ніводнага ліста, я гэта перадаў адвакатам. Прарыў быў у чэрвені, але гэта былі лісты за травень. Прыйшло каля 15 лістоў і паштовак. І гэта, я скажу наўпрост, для мяне было нечакана, таму што Маша зь лістапада практычна піша мне кожны дзень, акрамя суботы і нядзелі. Мяркуючы па атрыманых лістах, статыстыка была такая: тры-пяць лістоў у сярэднім у месяц. Гэта была, вядома, блякада.

Я разумею, што, мабыць, і сьледчыя, і, хутчэй за ўсё, адміністрацыя турмы настойвалі на тым, каб стварыць для яе інфармацыйны вакуўм. Мяркую, што яны хацелі паказаць, маўляў, пра яе ніхто не памятае, пра яе забыўся і бацька, і сваякі. Але магу сказаць, што ў іх нічога не атрымалася. Мы проста вельмі зьвязаныя адно з адным духоўна, у думках. Маша пра гэта піша мне заўсёды. Пасьля таго як я расказаў адвакатам, што часта бываю каля турмы, маю зносіны зь ёю праз сьцены, яна напісала, што яна адчувае маю прысутнасьць, адчувае мае думкі, пяшчотна абдымае. І гэта нікуды ня дзенеш, гэта, напэўна, дадзена нам з духоўнай блізкасьці.

— Ці часта вы ходзіце да будынку турмы?

— Цяпер стаў радзей, але быў час, асабліва ў дзень нараджэньня Машы, і паколькі я разумеў, што спатканьне не дадуць, але для яе важна, каб у гэты дзень хтосьці быў побач, я і вырашыў быць побач. І я, напэўна, тыдзень хадзіў каля турмы. І праяжджаючы каля будынку турмы, я заўсёды ў думках перадаю ёй прывітаньне і маю зносіны — як атрымліваецца. У мяне такое жаданьне ўзьнікае часта, таму я нават узяў адзін час за правіла адпраўляць лісты не са сваёй пошты, а менавіта зь Менскага паштамту, бо гэта за два крокі ад турмы на Валадарскага, 2.

— Калі вы праходзіце міма турмы ці гуляеце каля гэтых муроў, пра што вы думаеце? Ці можаце падзяліцца гэтым?

— Я думаю толькі пра адно — пра сваю надзвычайную дачку, якой я вельмі ганаруся. Я думаю, што яна ўсё правільна зрабіла, гэта адпавядае яе выхаваньню, яе бачаньню разьвіцьця падзеяў. Разумею, што яна часам, скажам так, ня ўсё мне піша і кажа, разумею, як ёй цяжка, і стараюся ў думках зьвярнуцца да яе з тым, каб яна ўсё гэта годна перанесла. Ну і, вядома ж, мара аб хуткім спатканьні. Гэта асноўныя думкі.

«Пачуваюся вінаватым»

— Марыя пад арыштам зь леташняга верасьня, ёй вытавілі абвінавачаньні па трох артыкулах, ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Калі вы пачулі гэтыя абвінавачаньні і тэрмін, які ёй пагражае, што падумалі ў гэты момант?

— Цяжка перадаць словамі. Тут самае страшнае — калі бацька, які любіць сваю дачку, ня можа нічога зрабіць. Бездапаможнасьць.

— Думаеце, дадуць максымальны тэрмін?

— Нават не сумняваюся. Ведаеце, я так звыкся з гэтай думкай, што пасьля абвяшчэньня рашэньня суду наконт Віктара Дзьмітрыевіча Бабарыкі ня маю ніякіх ілюзіяў. Я разумею, што гэта будзе ня суд, а судзілішча, разумею, што нашы судовыя органы настолькі залежныя, настолькі прывыклі чыніць не па законе, а «па паняціях», што ілюзій няма.

— Цяпер, па сканчэньні часу, як вы думаеце, ці варта было браць удзел Марыі ў перадвыбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі?

— Я пытаньне так ня стаўлю. У маёй дачкі свой сьветапогляд, сваё бачаньне. Тут я больш думаю пра свае памылкі. Мне здаецца, што я і людзі майго пакаленьня дапусьцілі, што ў нашай краіне 26 гадоў няма асноўнага, што трэба для чалавека, — гэта права. Права выбару, права на самастойнае мысьленьне, на самастойныя абдуманыя ўчынкі. Для нас у тыя часы пачатку карэнных зьменаў было, напэўна, не да канца зразумела, што такое свабода: свабода слова, свабода думкі. Таму я пачуваюся ў пэўным сэнсе вінаватым. Вось гэта больш за ўсё мне прыходзіць на думку.

А тое, што мая дачка паступіла так — я ганаруся гэтым учынкам. І я гатовы разам зь ёю цярпець дзеля яе ж выдатных словаў: «Дабро пераможа». І фактычна я гэта бачу, адчуваю, хоць, можа, гэта і банальна гучыць. Бо сапраўды, агулам кажучы, тое, што зараз адбываецца ў нашай краіне, — гэта барацьба дабра са злом.

— Марыя, як мы ведаем, парвала пашпарт на мяжы, калі яе гвалтоўна спрабавалі вывезьці з краіны. Ня ведаю, ставіце вы так пытаньне ці не, але, можа, усё ж такі варта было зьехаць, як Ціханоўская, як Цапкала і многія іншыя палітыкі?

— Форма, у якой мая дачка выказала пратэст, мяне вельмі зьдзівіла. Але ў стаўленьні — ці правільна яна зрабіла — я лічу, гэта быў яе выбар. І ганаруся яе ўчынкам, бо я, напэўна, зрабіў бы неяк так. Калі б у гэты момант яна паступіла па-іншаму, то бок абрала дзейнасьць за мяжой, яна б падвяла сваю каманду. Я магу сказаць, што Маша і выхоўвалася так, і гэтыя якасьці ў яе заўсёды былі.

Па-першае, гэта вялікая адказнасьць. Па-другое, яна як выкладчык выдатна разумела, што яе ўчынак будзе прыкладам для тых, хто паверыў ёй. І ўсё, што яна зрабіла, — гэта, хутчэй за ўсё, ішло ад яе асабістых якасьцяў, яе сьветапогляду. Я паўтараю, што, хутчэй за ўсё, я б таксама, напэўна, выбраў сяброў, выбраў гонар, абраў бы адказнасьць. Яна паступіла так, як павінна была паступіць. Вялікі ёй дзякуй, я вельмі ганаруся.

— Як вы думаеце, як скончыцца гэтая гісторыя для Марыі? Маю на ўвазе арышт.

— Вы ведаеце, мне вельмі хочацца, і я думаю, што, вядома ж, дабро пераможа зло. І гэта пацьвярджаюць мае шматлікія сустрэчы, часам нават зь незнаёмымі людзьмі. Я прыходжу да высновы, што ў паветры ў Беларусі лунае вецер перамен. Хаця гэта словы зь песьні, але такое пачуцьцё я адчуваю. Упэўнены, што вярнуцца да старога ўжо немагчыма. Гэта адбылося шмат у каго, у мільёнаў беларусаў. Жаданьне пераменаў лунае ў паветры. Таму я спадзяюся, што ўсё вырашыцца як у добрай казцы.

— Вы застаяцеся ў Беларусі. Вам самому ня страшна? Ці не адчуваеце вы ціску?

— Я пра гэта ня думаю, бо калі ў мяне ёсьць такая мужная дачка, а я ўжо большую палову свайго жыцьця пражыў, як я магу баяцца і гэта паказваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG