Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ў закрытым працэсе судзяць палітвязьняў Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака

абноўлена

Марыя Калесьнікава ў судзе

Аб 11-й гадзіне ў Менскім абласным судзе пачаўся працэс над паплечнікамі Віктара Бабарыкі і сябрамі асноўнага складу Каардынацыйнай рады Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам.

Працэс закрыты, на яго не пусьцілі нават родных абвінавачаных.

Максім Знак
Максім Знак
Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава і Максім Знак у судзе
Марыя Калесьнікава і Максім Знак у судзе

11:00 «Спутник» апублікаваў відэа з Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам у клетцы.

Бацька Марыі Калесьнікавай Аляксандар Калесьнікаў пракамэнтаваў відэа з судовай залі, на якім Марыя Калесьнікава ўсьміхалася і паказала сэрцайка.

«У гэты момант мне таксама хочацца паказаць ёй сэрцайка, і, вядома, я захапляюся ейнымі паводзінамі. Гэта сапраўды паказвае, наколькі чалавек свабодны. Яна адчувае ўнутраную свабоду сваю, таму застаецца той Машай, якую мы заўжды прывыклі бачыць. Я разумеў, што яна, вядома ж, пакажа стойкасьць свайго характару і перакананьняў, але тое, што яна разьняволілася настолькі — гэта для мяне дзівосна», — паведаміў тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.

Аляксандар Калесьнікаў прыйшоў да суду з кветкамі, каб падараваць іх адвакатам Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака.

10:50 Telegram-канал Віктара Бабарыкі апавёў, як Марыя Калесьнікава рыхтуецца да суду:

«Рыхтуюся інтэнсіўна і бадзёра. Будзе займальна, шкада, што гэтага ня змогуць пабачыць людзі. Закрыты працэс і наша ізаляцыя — гэта пацьвярджэньне страху і слабасьці.

Я чакаю пасяджэньня ў тым ліку для таго, каб убачыць Максіма Знака. Абдыму і скажу, што ён — неймаверны.

Буду ў чорнай любімай сукенцы, чырвоная памада абавязковая, мэйк-ап — папоўніцы!

10:35 Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака павезьлі на суд, паведамілі сацсеткі Віктара Бабарыкі.

10:30 Напярэдадні кандыдатка на пасаду канцлера Нямеччыны Анналена Бэрбак падпісала адкрыты ліст з патрабаваньнем правесьці суд над Калесьнікавай і Знакам у адкрытым рэжыме.

Хто такія Максім Знак і Марыя Калесьнікава?

Да траўня 2020 году гэтыя прозьвішчы былі вядомыя толькі ў вузкіх колах. Марыя Калесьнікава займалася арганізацыяй культурных імпрэзаў і музыкай, чытала лекцыі з гісторыі мастацтва. Максім Знак займаўся юрыдычнай дзейнасьцю, выкладаў у БДУ, удзельнічаў у дасьледаваньнях Сусьветнага банку і праграмах ААН.

Пасьля заявы Віктара Бабарыкі аб намеры ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата абодва далучыліся да яго каманды і фактычна сталі яе тварамі. Менавіта Знак з Калесьнікавай суправаджалі Бабарыку ў ЦВК падчас працэдуры рэгістрацыі, а таксама давалі камэнтары да выбарчай кампаніі свайго кандыдата.

Пасьля адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі абодва ўвайшлі ў аб’яднаны выбарчы штаб Сьвятланы Ціханоўскай. З словаў Марыі Калесьнікавай, менавіта яна прапанавала Вераніцы Цапкале і Сьвятлане Ціханоўскай аб’яднацца «пасьля невялікай сумеснай размовы». Максім Знак суправаджаў Ціханоўскую ў будынак ЦВК на наступны дзень пасьля выбараў 9 жніўня пры падачы скаргі на афіцыйныя вынікі галасаваньня.

Як доўга яны знаходзяцца пад вартай?

Неўзабаве пасьля ад’езду з краіны Сьвятланы Ціханоўскай была створаная Каардынацыйная рада, у прэзыдыюм якой увайшлі таксама Максім Знак і Марыя Калесьнікава. Абаіх выклікалі на допыты ў Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту з гэтай нагоды. Знака і Калесьнікаву затрымалі з розьніцай у два дні — 7 і 9 верасьня 2020 году. Абое з таго часу пад вартай. Марыя Калесьнікава большую частку тэрміну адбыла ў сьледчай турме № 8 у Жодзіне, Максім Знак — у менскім СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

Сьледзтва ў справе Знака і Калесьнікавай неаднаразова працягвалася, абвінавачаным выстаўлялі новыя артыкулы. Неўзабаве пасьля затрыманьня 9 верасьня Максім Знак, пратэстуючы супраць абвінавачаньня, абвяшчаў галадаваньне.

У чым абвінавачваюць Знака і Калесьнікаву і што ім можа пагражаць?

Абаіх палітзьняволеных вінавацяць адразу ў трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 357 — Змова, альбо іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам;
  • ч. 3 арт. 361 — Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусі, або здрады дзяржаве, цi ажыцьцяўленьня акту тэрарызму або дывэрсіі, або зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, альбо распаўсюд матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія заклікі, учыненыя з выкарыстаньнем СМІ або інтэрнэту;
  • ч. 1 арт. 361-1 — Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва такім фармаваньнем, або структурнымі падразьдзяленьнямі, якія ў яго ўваходзяць.

Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх выстаўлена абвінавачаньне, прадугледжваюць пакараньне пазбаўленьнем волі да 12 гадоў.

Сваёй віны абвінавачаныя не прызнаюць. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зьняволенымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG