Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калесьнікава расказала пра спробы схіліць яе да інтэрвію, як было з Пратасевічам


Марыя Калесьнікава, жнівень 2020-га
Марыя Калесьнікава, жнівень 2020-га

Марыі Калесьнікавай у СІЗА прапаноўвалі выступіць на БТ з інтэрвію накшталт таго, якое зьнялі з былым галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу NEXTA Раманам Пратасевічам. Пра гэта сама Калесьнікава апавяла ў інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождь».

Паводле Калесьнікавай, ёй некалькі разоў «у розных формах» прапаноўвалі супрацоўнічаць зь сьледствам і напісаць прашэньне аб памілаваньні.

«Я сама прапаную ініцыяваць дыялёг, перамовы, каб спыніць супрацьстаяньне ў грамадзтве. Мяне „пачулі“ і прапанавалі зьняцца ў кіно а-ля Раман [Пратасевіч]», — расказала яна.

Калесьнікава дадала, што пагадзілася даць інтэрвію журналісту АНТ Марату Маркаву пры ўмове, што яна раскажа «шакавальную праўду пра выкраданьне, сьледзтва і беззаконьне ў турме».

Прасіць памілаваньня яна адмовілася, бо ня лічыць сябе вінаватай.

«Гэта банда подлых баязьлівых напарстачнікаў, і дзіўна было б ім давяраць. Яны ж заўсёды хлусяць. Ня вер, ня бойся, не прасі і сьмейся — гэта мой прынцып зносінаў зь імі», — патлумачыла Калесьнікава.

Марыю Калесьнікаву затрымалі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт.

У верасьні ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт», а ў сьнежні — яшчэ адно, за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне такім фармаваньнем» (маецца на ўвазе Каардынацыйная рада для ўрэгуляваньня палітычнага крызісу).

Суд пачнецца 4 жніўня і будзе закрытым. Ёй пагражае да 12 гадоў няволі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG