Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы патрабуюць ад уладаў адкрытага суду над Калесьнікавай і Знакам


Марыя Калесьнікава і Максім Знак на прэсавай канфэрэнцыі штабу Віктара Бабарыкі, 14 ліпеня 2020

Штаб Віктара Бабарыкі запусьціў адкрыты зварот, каб заклікаць Сьледчы камітэт, Генэральную пракуратуру, Вярхоўны суд і прэзыдэнцкую Адміністрацыю зрабіць суд над членамі прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам адкрытым.

«Адкрыты суд — гэта магчымасьць публічна паказаць, што ў дзеяньнях Максіма і Марыі няма складу злачынства», — гаворыцца ў звароце да ўладаў.

Ліст ужо падпісалі вядомыя беларусы, у тым ліку Сьвятлана Алексіевіч, Надзея Астапчук, Уладзімер Цэсьлер, Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка, Вольга Кавалькова, Павал Латушка, Сяргей Чалы, Маргарыта Ляўчук, Натальля Дуліна, Андрэй Курэйчык.

Ліст адкрыты для падпісаньня ўсімі ахвотнымі.

Суд над Марыяй Калесьнікавай і Максімам Знакам павінен пачацца 4 жніўня. Калі ён будзе закрыты, ні прадстаўнікі незалежных СМІ, ні іншыя грамадзяне ня змогуць прысутнічаць на пасяджэньнях.

Хто такія Марыя Калесьнікава і Максім Знак

  • Марыя Калесьнікава — флейтыстка і арт-дырэктарка. У траўні 2020 году яна далучылася да каманды будучага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, а пасьля ягонага арышту аб’яднала ягоны штаб са штабамі Сьвятланы Ціханоўскай і Валера Цапкалы. За сваю дзейнасьць ад верасьня 2020 году Марыя Калесьнікава атрымала сем міжнародных узнагарод.
  • Максім Знак — юрыст і лектар, кандыдат юрыдычных навук, атрымаў ступень MBA, уваходзіць у міжнародныя рэйтынгі юрыстаў Chambers Europe, Who is Who Legal, IFLR-500. У траўні 2020 году далучыўся да каманды Віктара Бабарыкі, каб дапамагаць камандзе штабу зь юрыдычнымі пытаньнямі. Пазьней Максім Знак прадстаўляў інтарэсы Святланы Ціханоўскай.
  • Марыя Калесьнікава і Максім Знак — сябры прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, якая была створаная для пераадоленьня палітычнага крызісу ў Беларусі. ЭЗ і ЗША прызналі Каардынацыйную раду прадстаўнічым органам беларускага грамадзтва.
  • Марыя Калесьнікава і Максім Знак знаходзяцца ў турме зь верасьня 2020 году. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітычнымі вязьнямі.

У чым абвінавачваюць Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака

Максіма Знака і Марыю Калесьнікаву абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады);
  • ч. 1 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы);
  • ч. 3 арт. 361-1 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).

Ім пагражае да 12 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG