Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Рамуальда Траўгута і Вячаслава Адамчыка


Рамуальд Траўгут
Рамуальд Траўгут

Падзеі 5 жніўня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

Дата дня

5 жніўня 1864 году ў Варшаве быў пакараны сьмерцю праз павешаньне Рамуальд Траўгут, генэрал, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 гадоў.

Тых, хто памёр, сьмерць не палохае. Думаю, яна не палохала Рамуальда Траўгута і пры жыцьці. Іначай ён выбудоўваў бы гэтае жыцьцё зусім іначай. Але, гледзячы на партрэты кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, я міжволі лаўлю сябе на думцы, што дагератып Рамуальда Траўгута трапіў у гэтую галерэю выпадкова.

Траўгут зь ягонай акуратнай шчотачкай вусоў і элеганцкім пэнснэ больш за ўсё нагадвае мне маладога прафэсара.

Між тым у яго, выпускніка Сьвіслацкай гімназіі (той самай, дзе пазьней вучыўся Каліноўскі), былі іншыя ўнівэрсытэты.

Траўгут ужо ў дзевятнаццаць гадоў паступіў на вайсковую службу. Браў удзел у Крымскай кампаніі, а ў трыццаць шэсьць адстаўным падпалкоўнікам пасяліўся ў спадчынным маёнтку Востраў.

Да паўстаньня ў Польшчы і Літве-Беларусі заставаліся лічаныя месяцы. Былы баявы афіцэр выдатна разумеў, што перамагчы велізарную вайсковую машыну царскай імпэрыі немагчыма, але, калі прыйшла пара, бяз роздуму зрабіў выбар.

Ачолены Траўгутам у красавіку 1863-га кобрынскі аддзел інсургентаў правёў некалькі пасьпяховых нападаў на расейскіх карнікаў, узяў удзел у бясстрашным баявым рэйдзе на Пiншчыну й паўночную Валынь. (На месцы колішняга маёнтку Божы Дар на Кобрыншчыне, дзе Траўгут прысягнуў на вернасьць паўстаньню, цяпер нагадваюць пра тыя падзеі два мэмарыяльныя камяні.)

Пасьля жорсткіх баёў у антопальскіх лясах у Пецярбург пайшла ўзрадаваная рэляцыя, што адзін з самых небясьпечных паўстанцкіх камандзіраў забіты. Але Траўгут застаўся жывы.

Яго ўратавала ў сваім маёнтку маладая сувязная паўстанцаў Эліза Ажэшка, будучая знакамітая пісьменьніца.

У яе карэце пад выглядам сваяка Траўгут здолеў дабрацца да Варшавы. Неўзабаве ён ачоліў патрыятычны Нацыянальны ўрад i ўсе збройныя паўстанцкія сілы.

Ён адмовіўся выехаць за мяжу і мужна ішоў насустрач непазьбежнасьці.

Увесну 1864-га генэрала Траўгута схапілі, а ў жніўні ён, пагардліва зірнуўшы на ката, узышоў у Варшаўскай цытадэлі на эшафот.

У горадзе Сьвіслачы, на захадзе Беларусі, апрача помніка Леніну, ёсьць і помнік Рамуальду Траўгуту. Побач, у тым самым сквэры, — бюст Каліноўскага.

Відаць, такая вялікая канцэнтрацыя паўстанцкіх правадыроў камусьці падалася надзвычай небясьпечнай, і пры канцы XX стагодзьдзя па суседзтве з Траўгутам і Каліноўскім уладкаваўся адноўлены бюст Ёсіфа Сталіна.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.74-75.

Таксама ў гэты дзень

1506 — адбылася бітва пад Клецкам, у якой Міхал Глінскі на чале войска ВКЛ ушчэнт разьбіў войска крымскага хана.

1772 — Адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстра-Вугоршчынай.

1940 — Латвія ўключаная ў склад СССР.

У гэты дзень нарадзіліся

1461 — Аляксандар Ягелёнчык, вялікі князь літоўскі і кароль польскі.

1850 — Гі дэ Мапасан, францускі пісьменьнік.

Гі дэ Мапасан, 1889
Гі дэ Мапасан, 1889

1924 — Аркадзь Жураўскі, беларускі мовазнаўца.

1930 — Ніл Армстранг, амэрыканскі астранаўт, першы чалавек, ступіўшы на Месяц.

1947 — Віталь Скалабан, гісторык, літаратар, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1990-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Віталь Скалабан
Віталь Скалабан

Адзін з найлепшых айчынных архівістаў, які адкрыў мноства таямніцаў беларускага нацыянальнага руху, нашае культуры двух мінулых стагодзьдзяў, які на роўных вёў свае маўклівыя гаворкі зь Мітрафанам Доўнар-Запольскім, Усеваладам Ігнатоўскім, Максімам Гарэцкім.

Дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук, які сам не па чутках знаёмы з архіўнымі сховішчамі, дакладна заўважыў, што многія іх дасьледнікі хварэюць на сындром «скупога рыцара». Скалабан жа сапраўды быў рыцарам фэнамэнальна шчодрым: зь нязьменнай хітрынкаю ў вачах падказваў маладзейшым калегам шляхі пошукаў, выступаў на вечарынах, пісаў сцэнары, зьяўляўся ў свабодаўскіх праграмах «Беларуская Атлянтыда», «Вострая Брама», «Вольная студыя», што для чалавека на афіцыйнай пасадзе было яшчэ і рызыкай.

У ягоных публікацыях гісторыя набывала плоць і кроў і пачынала прамаўляць, крычаць, сьмяяцца, стагнаць і плакаць галасамі жывых рэальных людзей.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.612-613

1947 — Віктар Маркавец, мастак, удзельнік нацыянальнадэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Віктар Маркавец
Віктар Маркавец

Віктар стаў адным з заснавальнікаў незалежнай мастакоўскай суполкі «Пагоня» і заслаўскага аб’яднаньня «Мастак».

З намі ягоныя працы: жывапіс (найперш геніяльнае «Сьвята ў Докшыцах»), габэлены, маляваныя дываны, бо Віктар належаў да шанавальнікаў спадчыны Язэпа Драздовіча і Алены Кіш. Ён стварыў партрэты Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і яго дачкі Камілы — таленавітай артыстычнай натуры і адчайнай патрыёткі.

Цэлую сэрыю прысьвяціў Кастусю Каліноўскаму, якім усё жыцьцё захапляўся і натхняўся.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.646-647

1962 — Юлія Чарняўская, пісьменьніца, культуроляг, палітычны вязень.

Юлія Чарняўская
Юлія Чарняўская

У памяці

1816 — Тамаш Ваўжэцкі, палітык, генэрал, адзін з кіраўнікоў вызвольнага паўстаньня 1794 году, палітвязень.

Ня ведаю, ці падлічаная колькасьць выступаў у Вярхоўным Савеце Беларусі дэпутата Зянона Пазьняка, але дакладна вядома, што за два стагодзьдзі да яго пасол ад шляхты Браслаўскага павету Вялікага Княства Літоўскага Тамаш Ваўжэцкі браў слова на гiстарычным для Рэчы Паспалітай Чатырохгадовым сойме 1788–1792 гадоў роўна 169 разоў.

Параўнаньне не выглядае некарэктным, бо і тады, і на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагодзьдзя вырашаўся лёс Бацькаўшчыны. Палымяныя прамовы Ваўжэцкага прысьвячаліся рэформам, што павінны былі пазбавіць дзяржаву залежнасьці ад Расеі. Дэпутатаў, каго прыемна, а каго — наадварот, уразіла тое, што, ставячы на абмеркаваньне прапанову палепшыць стан сялянаў, браслаўскі пасол у сваім маёнтку ўжо некалькі гадоў таму скасаваў паншчыну і даў прыгонным волю.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.24-25

1895 — Фрыдрых Энгельс, нямецкі філёзаф і эканаміст, адзін з родапачынальнікаў марксізму.

1908 — Валеры Ўрублеўскі, дзеяч польскага і міжнароднага рэвалюцыйнага руху, удзельнік паўстаньня 1863-1964 гадоў і Парыскай камуны 1871 году.

1962 — Мэрылін Манро, амэрыканская кіназорка.

Мэрылін Манро
Мэрылін Манро

2001— Вячаслаў Адамчык, пісьменьнік.

Вячаслаў Адамчык
Вячаслаў Адамчык

Першая кніга, напісаная, як сьцьвярджаюць сыны пісьменьніка, звычайнай школьнай асадкаю з сталёвым пяром, адкрыла мне некалі ня толькі й ня столькі вобраз заходнебеларускае вёскі, аб чым гаварылася ў падручніках.

Яна адкрывала душу народу, наканаваньнем якога сталася быць жывой і пакутнай мяжой паміж Захадам і Ўсходам. Не выпадкова фільм Валерыя Рыбарава «Чужая бацькаўшчына», што выйшаў у 1982 годзе ўсьлед за тураўскімі «Людзьмі на балоце», успрыняўся як абяцаньне сапраўды нацыянальнага кінэматографу. У тым фільме зьняўся юны Зьміцер Бартосік. Пазьней ён будзе ўспамінаць пра той, думаю, неверагодна важны для барда і пісьменьніка жыцьцёвы эпізод: «Я трапіў у іншую краіну. Канчаткова разбуралі звыклую савецкую рэчаіснасьць гукі жывой беларускай мовы, якая тут панавала паўсюль. Беларусь на імгненьне паказала свой сапраўдны твар. І ён быў чароўны».

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.480-481.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG