Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«За твар Лукашэнкі, якім вязень накрыў кубак, страшна білі і далі 25 дзён карцару». Як сядзяць у СІЗА крымінальнікі і палітвязьні


Гомельскі СІЗА. Архіўнае фота.

Жыхар Гомля прабыў некалькі месяцаў у СІЗА і расказаў Свабодзе, як ставяцца да «палітычных» крымінальнікі і адміністрацыя, як вязьні змагаюцца за свае правы і як выжыць у турме.

Віктар* (імя на просьбу героя артыкулу зьменена. — РС), правёў некалькі месяцаў у гомельскім СІЗА-3 у чаканьні суду за крымінальнае злачынства. Пасьля ён атрымаў «хімію» і выйшаў на волю. За час побыту ў турме Віктар перасякаўся са многімі «палітычнымі».

«Супрацоўнікі СІЗА распускаюць плёткі пра Ціханоўскага»

«Сяргей Ціханоўскі сядзіць у новым корпусе турмы ў адзіночцы. Супрацоўнікі СІЗА распускаюць плёткі, што гэта зьвязана зь ягоным нібыта „нізкім сацыяльным статусам“. Насамрэч гэта ня так і ўсе зэкі пра гэта ведаюць. У Сяргея нармальны статус, проста так на яго ціснуць „органы“. Яшчэ з Валадаркі ўсе ведаюць (у нашым асяродку грэх не схаваеш у мех), што Сяргей — нармальны», — зазначыў былы вязень.

Віктар кажа, што праваабаронцу Леаніда Судаленку пасадзілі ў падвальнае памяшканьне старога будынку СІЗА. «Там высокая вільготнасьць, холадна, вада цячэ проста па сьценах», — зазначыў былы вязень.

«Крымінальнікі патрабавалі, каб „палітычныя“ „грэлі“ Валадарку»

Паводле суразмоўцы, на Валадарцы быў канфлікт паміж «палітычнымі» і крымінальнікамі, сутнасьць якога ў тым, што палітвязьні атрымлівалі шмат перадач ад валянтэраў. Гэта выклікала незадаволенасьць зэкаў.

«Крымінальнікі ім загадалі, каб лепшыя цыгарэты і што-кольвек зь перадачаў ішло на „абагрэў“ Валадаркі. Але „палітычныя“ не згадзіліся на гэта», — кажа Віктар.

Паводле яго, крымінальнікі ставяцца да палітычных па-рознаму. Адны лічаць усьлед за прапагандай, што гэта «праплачаныя Захадам», іншыя — што гэта «нармальныя людзі», якія супраць улады, і таму вельмі паважаюць «палітычных».

«Змагаўся за правы — атрымаў карцар, галадаў і траціў прытомнасьць»

Адміністрацыя гомельскага СІЗА загадала, каб палітвязьні спалі толькі на другім паверсе нараў.

«Але, напрыклад, Дзьмітры Івашкоў абурыўся такому загаду, сказаў супрацоўніку СІЗА: «Ты яшчэ мо загадаеш мне спаць каля парашы?! — і спаў на першым паверсе нараў. Дзьмітры актыўна супрацьстаяў адміністрацыі, за што шматкроць быў пакараны. Калі яго пасадзілі ў карцар, ён абвясьціў галадаваньне. Чатыры дні піў толькі па адным кубку вады ў дзень. На чацьвёрты дзень яму зрабілася блага. Ён траціў прытомнасьць. З апошніх сілаў пагрукаў у дзьверы. Прыйшла лекарка і сказала: „Выбар адзін: ці ты пачынаеш есьці, ці памрэш, а мы цябе проста сьпішам“. Дзіма пачаў тады есьці», — расказаў былы вязень.

Віктар апавядае, што крымінальнікаў, якія траплялі ў камэры да «палітычных», потым выклікаюць супрацоўнікі СІЗА і ГУБАЗіК і дапытваюць: пра што размаўлялі «палітычныя», якія прозьвішчы называлі ў размовах.

«Нават тыя, хто сядзіць за наркотыкі — супраць улады»

Былы вязень кажа, што у СІЗА супраць улады часам выступаюць ня толькі «палітычныя», але і «звычайныя крымінальнікі». «Адзін хлопец сядзеў у нас за наркотыкі. Ён таксама ня любіць уладу, бо яго падставілі з тымі наркотыкамі міліцыянты. Ён у камэры выразаў твар Лукашэнкі з газэты „СБ — Беларусь Сегодня“ і тым тварам прыкрываў кубак з гарбатай. Што там пачалося! Супрацоўнікі СІЗА вывелі яго і страшна білі. Прычым той твар Лукашэнкі паставілі перад ім, калі лупцавалі. Потым яшчэ далі яму 25 дзён карцару. Прычым „па законе“ карцару можна даваць толькі 10 дзён, а яму адразу 25», — дадаў Віктар.

У цэлым, кажа суразмоўца, «палітычным» нашмат цяжэй у турме, чым крымінальнікам. «Па-першае — спаць толькі на другім паверсе. Па-другое — у іх часьцейшыя праверкі, калі трэба бягом бегчы да „кармушкі“ і дакладаць, што я такі і такі, стаю на ўліку як экстрэміст. Па-трэцяе, іх нашмат часьцей караюць за „парушэньні“, то бок да іх проста чапляюцца, часта ні за што. Ня так сеў, ня так стаў. Потым чалавек з такім наборам рапартаў паедзе на „зону“ — і там яму будзе вельмі блага», — разважае былы вязень.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG