Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Застаецца сьціснуць зубы і трываць зьдзекі». Хворы палітвязень падрабязна распавёў, што зь ім адбываецца ў калёніі


Сяргей Верашчагін
Сяргей Верашчагін

31-гадовага жыхара Гомеля Сяргея Верашчагіна пры затрыманьні летась 12 жніўня моцна пабіла міліцыя. Ён атрымаў, паводле адвакаткі, ня менш за 100 удараў. Ягонае здароўе моцна пагоршыўся. Суд пакараў Сяргея пазбаўленьнем волі на 5 гадоў.

Цяпер Сяргею ўдалося перадаць ліст на волю з падрабязным апісаньнем зьдзекаў з боку адміністрацыі і лекараў калёніі.

Што адбылося

12 жніўня 2020 году Сяргей Верашчагін назіраў са свайго вакну (ён жыве ў цэнтры Гомля. — РС), як міліцыя разганяла і біла ўдзельнікаў акцыі пратэсту, у тым ліку дзяўчат. Сяргей закрычаў на міліцыянтаў і кінуў у іх бок плястыкавую бутэльку. Да яго ў кватэру ўварваліся міліцыянты і моцна яго пабілі — дома, а затым у РАУСе. На судзе Сяргей расказваў, што міліцыянты скакалі па ягонай галаве, абражалі і сьмяяліся зь яго.

Суд прызнаў яго вінаватым у «гвалце над міліцыяй» і пакараў пазбаўленьнем волі на пяць гадоў. Адбываць пакараньне Сяргея накіравалі ў адну з самых жорсткіх, паводле праваабаронцаў, калёнію — № 13 у Глыбокім.

Грамадзкасьць была занепакоена станам здароўя палітвязьня і зьбірала подпісы за ягоную шпіталізацыю. У траўні Сяргея зьмясьцілі ў Глыбоцкі раённы шпіталь на шэсьць дзён, а потым зноў перавялі ў калёнію.

Яму ўдалося перадаць на волю знаёмаму ліст без цэнзуры, дзе ён апісаў усе зьдзекі. Копію лісту Свабодзе перадаў блізкі чалавек Сяргея.

Блізкі чалавек зазначыў: «Сяргею пагражалі ў калёніі, што калі ён напіша на волю, будзе скардзіцца на нешта — „мы цябе згноім у адзіночцы“. Нягледзячы на гэта, ён напісаў. Значыць, гэта ўжо край для яго!».

«Не магу зразумець — за што я пакутую»

Напачатку лісту Сяргей дзякуе ўсім неабыякавым людзям, якія пішуць яму лісты, але заўважае, што не разумее тых, хто піша пра матылькоў, дрэвы і іншае.

«Я не магу зразумець, за што я пакутую, за што ў мяне адабралі здароўе — відаць за матылькоў і за дрэвы,, вакол толькі адны словы і адны абяцаньні, а дзеяньняў ніякіх. Цяпер атрымліваецца тое, што дзейнічае толькі бясчынная міліцыя, якой мы самі разьвязалі рукі і дапусьцілі яшчэ больш самаволі ў гэтай краіне — дык калі ж мы пачнём „здымаць акуляры“ і нешта будзем рабіць для таго, каб мы — беларусы — жылі квітнеючы, радаваліся і ўсьміхаліся. І каб нашы мамы плакалі толькі ад радасьці, а не ад таго, што іх сыноў забіваюць і незаконна садзяць у турму — задумайцеся, грамадзяне беларусы, за што мы тут пакутуем, і за што ў нас адымаюць здароўе — вось калі вы ў сваёй душы на гэтыя пытаньні адкажаце, вось тады мы прыйдзем да адзінага, радаснага і сьветлага, а пакуль будзем жыць аднымі словамі і абяцаньнямі, ад якіх проста часам становіцца сьмешна, балюча і сумна», — піша Сяргей.

«На гэта месца мяне адправілі на гібель»

«Я распавяду пра тое, якога гэта быць прыніжаным, адрынутым, як гэта — адчуваць сапраўдную крыўду за ўсю несправядлівасьць, што са мной адбываецца. З моманту знаходжаньня ў калёніі я падвяргаюся бесьперапыннай зьнявазе з боку адміністрацыі. Я зразумеў, што гэта месца мяне адправілі на гібель. Мне ствараюцца такія ўмовы, у якіх жывы пазайздросьціць мёртвым. Калі я прыбыў у калёнію, два тыдні знаходзіўся ў карантыне. За гэты час мяне зрабілі злосным парушальнікам рэжыму, у той час, калі я нічога не парушаў. Першыя два парушэньні былі за тое, што я прылёг, калі ў мяне кружылася галава і я губляў прытомнасьць, не гледзячы на тое што ў маёй картцы было адзначана „пасьцельны рэжым“. Трэцяе пакараньне было выдуманым. Але мяне паставілі перад фактам, што за парушэньні я пазбаўлены перадач і спатканьняў», — напісаў Сяргей.

На яго, паводле лісту, «павесілі ўсе магчымыя прафіляктычныя ўлікі». Гэта — экстрэмізм, здольнасьць да суіцыду, нападу на адміністрацыю, захоп закладнікаў.

«У мяне пастаянна кружыцца галава, я дрэнна стаў бачыць, у мяне здранцьвеньне левага боку ўсяго цела, пастаянныя моцныя галаўныя болі, я губляю прытомнасьць, у мяне разьбітыя ўсе суставы на руках і нагах, ад чаго я адчуваю пастаянную моцную боль. Дык вось, я паспрабаваў патрапіць у мэдчастку, трапіць да загадчыцы і іншых лекараў. Доўгі час я проста не мог дайсьці туды, мяне не пускалі, па шляху ў мэдчастку мяне заўсёды спынялі работнікі калёніі, адпраўлялі назад па розных прычынах або без прычынах. Прычыны такія: «Ты не паголены», ці «Цябе туды не выклікалі — пайшоў адсюль!», — узгадвае ў лісьце вязень.

«Лекарка казала: „Перадайце яму, што я не прымаю!“»

Сяргей піша, што начальніку рэжымнай часткі Сяргею Стожыку не спадабалася, што ён ходзіць у мэдчастку. А калі ён усё-ткі туды трапіў, то дапамогі не атрымаў. Яму было складана трапіць да начальніцы мэдчастцы.

„Усё ж я злавіў начальніцу мэдчасткі — Надзею Паткевіч, і ўсё патлумачыў. Яна памерала ціск, паглядзела картку, выслухала мяне, потым сказала: „Давайце памераю ціск“, і я зразумеў, што тут нешта ня так. Потым яна сказала, што ня ведае, што са мной трэба рабіць, што ёй трэба параіцца з адміністрацыяй калёніі. І сказала, каб я ішоў на працу. Я пайшоў, ледзь перасоўваючы ногі, у стане, блізкім да страты прытомнасьці. Пасьля гэтага трапіць да яе, дзесяткі маіх спробаў, прайшлі беспасьпяхова. Калі я заходзіў у мэдчастку, яна, бачачы мяне, і бачачы тое, што я бачу яе, казала кантралёру: „Скажыце яму, што я сёньня не прымаю“. Я трапіў да іншых лекараў за гэты час, да прыкладу, да тэрапэўта Алега Дубаса. Патлумачыў яму, што турбуе мяне, што я не сплю ад моцнага галаўнога болю, што ў мяне кружыцца галава і што я губляю прытомнасьць, што складана было дайсьці да яго... Ён сказаў: „Ты мне надакучыў са сваімі хваробамі““, даў мне таблетку парацэтамолу і аправіў на працу», — піша жыхар Гомеля.

Таксама ён піша, што атрымаў таблетку амэпразолу (лекі для страўніка, — РС) пры скаргах на аняменьне левага боку цела.

Калі наступным разам Сяргей ішоў з накіраваньнем да нэўроляга, начальнік рэжымнай часткі Ігар Стожык, паводле слоў вязьня, прыйшоў у лютасьць. «Схапіўшы маё накіраваньне, ён пабег наперадзе мяне ў мэдчастку, лаючыся матам, насварыўся на мэдыкаў і зьдзекліва сказаў: «Няма ў цябе больш бальнічнага, і паспрабуй толькі прылегчы ці прысесьці».

Апроч працы ў будзённыя дні, Сяргей мусіць працаваць і ў суботу, бо ён — «палітычны».

«Адчуваньне поўнай адзіноты і разуменьне, што мне ніхто не дапаможа»

«Мой начальнік першага атрада Мікалай Рачыла напісаў на мяне чарговае парушэньне, якое я не зьдзяйсьняў. Ён напісаў, што я гаварыў з чалавекам, зь якім у той момант я не размаўляў. За гэта парушэньне мяне пасадзілі ў штрафны ізалятар. 9 сутак я там сядзеў адзін. Потым яны «дапісалі» мне яшчэ 7 сутак. Ад таго холаду і вільготнасьці там я не спаў увесь гэты час, ня спаў цалкам, так як немагчыма заснуць на такім холадзе. Лежачы на халоднай падлозе, я марыў аб коўдры або кофце, трываючы такі холад, якога ніколі не ведаў у такой ступені. Вось такія ў мяне мары. А думкі пра тое, што раніцай можа адбыцца нешта яшчэ горшае, чым ёсьць цяпер, і гэта адчуваньне поўнай адзіноты і разуменьне, што мне ніхто не дапаможа, спараджае пачуцьцё трывогі, пачуцьцё глыбокага смутку і моцнай крыўды за ўсё, што са мной адбываецца, ад якой у мяне міжволі цякуць сьлёзы. Калі прыходзіць раніца, я бачу міліцыю, якая прыходзіць на праверкі, яны правяраюць, ці не зьявілася пад тонкай майкай у мяне іншая майка... Правяраючы рукой, весела кажуць: «Адна майка», і на выхадзе сьмяюцца: «Паглядзіце, як яго перакасіла ад холаду», — апісвае сваё жыцьцё Сяргей.

«Я ня спаў 11 сутак, і маё сэрца перастала біцца»

На 12 суткі штрафнога ізалятару Сяргея адвялі, як ён піша, у мэдчастку. Бо на той момант аб стане яго здароўя турбаваліся многія людзі, якія тэлефанавалі ў калёнію, пісалі звароты, падпісвалі пэтыцыі. «Мне зрабілі кардыяграму, потым паўторную — і выклікалі „хуткую“. Мяне адразу пераапранулі, каб лекары не ўбачылі надпіс „ШИЗО“ на адзеньні. Прыехала „хуткая“ — паглядзелі кардыяграму, зрабілі ўкол, потым яшчэ зрабілі кардыяграму — у мяне сэрца білася 37 удараў у хвіліну, быў зьбіты рытм, бо я не спаў ад холаду 11 дзён, і сэрца пераставала біцца», — апісвае вязень.

У Глыбоцкім шпіталі ён быў шэсьць дзён пад кропельніцамі, калолі атрапін. «Больш асабліва ніякіх дасьледаваньняў не было. Я казаў, што ў мяне ўвесь час кружыцца і баліць галава, што я губляю прытомнасьць, што ў мяне нямее левы бок цела — ніхто гэтыя праблемы не глядзеў. Глядзелі толькі сэрца, якое доўгі час не адпачывала, таму што я ня спаў 11 сутак ад холаду, калі знаходзіўся ў штрафным ізалятары. Тое, што ў бальніцы мне калолі атрапін, гэтым зрабілі толькі горш майму здароўю, у мяне ў бальніцы пачало балець сэрца і цяпер працягвае балець пастаянна. Мне трэба было даць паспаць і адпачыць у цяпле, а не калоць мяне прэпаратамі, каб падняць пульс», — лічыць Сяргей.

Ён піша, што па вяртаньні са шпіталю ў калёнію непрыязь да яго з боку адміністрацыі вырасла, працягнуліся абразы і зьдзекі.

«Некаторыя супрацоўнікі калёніі гэтым нават карыстаюцца (што Сяргей стаіць на ўліку як экстрэміст, — РС), для задавальненьня сваіх псыхічных адхіленьняў, ім усё дазволена ў адносінах да мяне, нават заахвочваецца тое, што зьяўляецца злачынствамі», — піша вязень.

Ён лічыць, што ўсе зьдзекі накіраваныя на тое, каб зьнішчыць яго фізычна.

«Мяне кормяць, як сабаку на ланцугу»

«На сёньняшні дзень парушаныя амаль усе мае канстытуцыйныя правы, парушаныя ўсе законы ў дачыненьні да мяне, якія існуюць. Адміністрацыя калёніі хоча ператварыць мяне ў жывёлу, якая не ўмее думаць, не здольная гаварыць і сказаць што-небудзь некаму. Мне ствараюцца такія ўмовы, што я сплю на падлозе, не маю магчымасьці мець коўдру і я ня бачу неба, паветра, ня маю права харчавацца нармальнай ежай, мяне кормяць, як сабаку на ланцугу. Усяляк імкнуцца адгарадзіць ад зносін зь людзьмі, абмежаваць у тэлефонных званках, тэлефанаваць мне даюць вельмі рэдка і толькі ў прысутнасьці двух міліцыянтаў, яны стаяць нада мной і слухаюць, каб нічога ня змог расказаць маме. Нядаўна я даведаўся ад мамы, што ня ўсе мае лісты ёй даходзяць», — апісвае свой побыт вязень.

«Застаецца толькі адно: сьціснуць зубы і трываць зьнявагі з боку супрацоўнікаў калёніі», — завяршае ліст Сяргей.

Блізкія людзі Сяргея паведамілі Свабодзе са спасылкай на ягоны ліст, што яго, як злоснага парушальніка, пераводзяць у ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, дзе могуць трымаць да шасці месяцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG