Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі больш за 600 палітвязьняў. Гэта гістарычны максымум за часы незалежнасьці


Колькасьць палітвязьняў у Беларусі дасягнула 606 чалавек. Гэта самая вялікая лічба ў найноўшай гісторыі краіны.

З0 ліпеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 7 чалавек. Гэта Максім Сарычаў, Яўген Цітоў, Давід Шаракоў, Сяргей Велікародны, Ільля Дзярагін, Юры Кавалёў і Дзьмітры Краўцоў.

Дзьмітры Карабейнік і Рыгор Саладоўнікаў пачалі адбываць пакараньне на «хіміі» — яны зноў зьявіліся ў сьпісе палітвязьняў, паведамляе «Вясна».

Маладачанцаў Дзьмітрыя Карабейніка і Рыгора Саладоўнікава затрымалі 22 лістапада. Іх абвінавацілі ў перакрыцьці вуліцы Вялікі Гасьцінец у Маладэчне з расьцяжкай «Пакуль у краіне беззаконьне, супраціўленьне — наш абавязак». 31 сакавіка Дзьмітрыю і Рыгору прысудзілі па 1 году і 6 месяцаў «хіміі».

29 ліпеня Карабейнік быў накіраваны для адбыцьця пакараньня ў папраўчую ўстанову № 6. Саладоўнікаў 30 ліпеня — у папраўчую ўстанову № 17.

Пры гэтым праваабаронцы зазначаюць, што ня ўсе арыштаваныя і асуджаныя за пратэсты супраць фальшаваньня выбараў і гвалт сілавікоў атрымалі статус палітычных зьняволеных.

Так, сёньня прэс-служба Сьледчага камітэту РБ паведаміла, што са жніўня 2020 году была ўзбуджаная 4691 «пратэставая» крымінальная справа.

«У ліку зарэгістраваных найбольшую ўдзельную вагу складаюць злачынствы, прадугледжаныя арт. 341 (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі», — паведамляе прэс-служба СК.

У Сьледчым камітэце заявілі, што са жніўня 2020 году асноўныя намаганьні ведамства сканцэнтраваліся «на выяўленьні, спыненьні і дасьледаваньні абставінаў крымінальных праяў, спалучаных зь незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, акцыямі пратэсту, замахам на дзяржаўны сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку, наўмысным зьнішчэньнем і пашкоджаньнем маёмасьці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненьні да службовых асоб і членаў іх сем’яў».

Пры гэтым у сакавіку ведамства паведамляла аб узбуджэньні 2407 крымінальных спраў «экстрэмісцкай накіраванасьці». У гэты лік былі ўключаныя ўсе «палітычныя» справы — ад надпісаў на будынках да ўжываньня гвалту ў дачыненьні да сілавікоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG