Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Батутыст Іван Літвіновіч заваяваў першы залаты мэдаль Беларусі на Алімпіядзе ў Токіё


Іван Літвіновіч

Найвышэйшую ўзнагароду беларус здабыў у скачках на батуце.

У восьмы дзень Алімпійскіх гульняў у японскім Токіё беларусы заваявалі свой першы мэдаль. У скачках на батуце сярод мужчын золата заваяваў Іван Літвіновіч, набраўшы 61,715 бала.

Срэбра ўзяў Дон Дон з Кітаю (61,235), бронза ў Дылана Шміта з Новай Зэляндыі (60,675).

Дзякуючы першаму золату Беларусь узьнялася на 35-е месца ў агульным заліку. Больш за ўсё ўзнагарод у Кітаю — 43 (20 залатых, 12 срэбных і 11 масяжовых), далей ідуць Японія — 28 (17+4+7) і ЗША — 45 (16+17+12). У мэдалёвым заліку прыярытэт надаецца не краіне, у якой больш узнагарод агулам, а краіне, якая заваявала больш залатых мэдалёў.

Літвіновіч — падпісант ліста ў падтрымку Лукашэнкі.

Пасьля перамогі Літвіновіча спрабавалі спытаць пра палітыку расейскія журналісты з газэты «Спорт-Экспресс». Ён прызнаў, што падпісаў праўладны ліст, сказаўшы, што заўсёды «лічыў спорт па-за палітыкай». Далейшыя пытаньні перарвала прадстаўніца адміністрацыйнага блёку зборнай Беларусі, заявіўшы, што спартовец паводле Алімпійскай хартыі ня можа гаварыць пра палітыку, хаця насамрэч артыкул 50 забараняе не выказваньні стасоўна палітыкі, а палітычную прапаганду.

На мінулых Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра золата таксама заваяваў беларус. Тады не было роўных Уладзіславу Ганчарову. На цяперашніх Гульнях Ганчароў застаўся 4-м.

У Токіё да посьпеху Літвіновіча ў беларусаў ужо былі два мэдалі, але заваяваныя ў складзе зборных іншых краін. Ганна Пракацень, якая цяпер выступае за Расею, стала срэбранай прызэркай у акадэмічным веславаньні ў аднамесным судне на дыстанцыі 2000 мэтраў, а сын беларускіх эмігрантаў рапірыст Аляксандар Шупеніч прынёс Чэхіі першы за 113 год масяжовы мэдаль у фэхтаваньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG