Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея паабяцала Таджыкістану вайсковую падтрымку з прычыны наступу талібаў у Аўганістане


Нарада міністраў абароны дзяржаваў-удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Душанбэ, 28 ліпеня 2021
Нарада міністраў абароны дзяржаваў-удзельніц Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Душанбэ, 28 ліпеня 2021

На фоне наступу радыкальна-ісламісцкага руху «Талібан» у Аўганістане Расея абяцае вайсковую падтрымку Таджыкістану і Кіргізстану.

Гаворка ідзе пра дапамогу «ў мадэрнізацыі нацыянальных узброеных сілаў, аснашчэньні іх узбраеньнем і вайсковай тэхнікай, навучаньні кадраў», — заявіў міністар абароны РФ Сяргей Шайгу на нарадзе з калегамі з краінаў — удзельніц ШАС (Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва) у Душанбэ.

Пра гэта паведамляе DW.

Акрамя таго, РФ мае намер павысіць баявую гатовасьць уласных вайсковых базаў у Таджыкістане і Кіргізстане і ўмацаваць іх патэнцыял рэагаваньня на крызісныя сытуацыі, адзначыў Шайгу. На наступным тыдні ў Цэнтральнай Азіі пройдуць расейска-таджыцка-ўзбэцкія вучэньні, якія зьяўляюцца мерай рэагаваньня на абвастрэньне сытуацыі ў Аўганістане, паведаміў Шайгу.

Адначасова кіраўнік расейскага абароннага ведамства абвінаваціў ЗША ў дачасным вывадзе сілаў з Аўганістану. На яго думку, Вашынгтон нясе адказнасьць за абвастрэньне сытуацыі ў рэгіёне. «Спадзяёмся, што канфліктуючыя сілы ў Аўганістане здолеюць знайсьці агульныя падыходы і стабілізаваць абстаноўку ў інтарэсах мірнага разьвіцьця краіны», — дадаў ён.

Акрамя таго, Шайгу паведаміў аб пранікненьні на тэрыторыю Аўганістану баевікоў «Ісламскай дзяржавы» і іншых тэрарыстычных груповак з Сырыі, Лібіі і іншых краінаў. Дадзены працэс выклікае «асаблівую заклапочанасьць», дадаў ён.

У сувязі з захопам талібамі абласьцей у Аўганістане, якія мяжуюць з Таджыкістанам, Душанбэ зьвярнуўся да Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) з просьбай аказаць дапамогу ў ахове паўднёвай мяжы краіны.

У сярэдзіне ліпеня Таджыкістан правёў вайсковыя вучэньні. Акрамя таго, Душанбэ перакінуў каля 20 тысяч салдатаў да паўднёвай мяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG