Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі «Талібану» заявілі ў Маскве, што кантралююць больш за 85% тэрыторыі Аўганістану


Дэлегацыя руху «Талібан» на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве.

Прадстаўнікі руху «Талібан» на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве паабяцалі процідзейнічаць кантрабандзе наркотыкаў з Аўганістану, піша РБК.

Кіраўнік дэлегацыі Шахабудын Дэлавар заявіў, што ў Аўганістане няма іншай сілы, якая «здольная спыніць вытворчасьць наркотыкаў і іх кантрабанду з тэрыторыі нашай краіны». Паводле яго слоў, у «Талібана» ёсьць прыклад, калі вытворчасьць наркотыкаў у краіне была даведзеная да нуля.

«Мы гарантуем, што зробім захады барацьбы супраць вытворчасьці наркотыкаў, і хочам гарантаваць гэта сусьветнай супольнасьці, у прыватнасьці па супрацьдзеяньні кантрабандзе», — прыводзіць РБК яго словы.

Дэлегацыя «Талібану» таксама заявіла, што групоўка кантралюе больш за 85% тэрыторыі Аўганістану, і запэўніла Расею, што не дазволіць выкарыстоўваць гэтую краіну ў якасьці плятформы для нападаў на іншых, піша Reuters. Тры прадстаўнікі руху ў Маскве паспрабавалі даць зразумець, што яны не ўяўляюць пагрозы для ўсяго рэгіёну. Гэтая ж дэлегацыя, як паказвае выданьне, днём раней заявіла, што групоўка ня будзе атакаваць таджыцка-аўганскую мяжу.

Талібы на фоне вываду з Аўганістану вайскоўцаў ЗША і іншых краін NATO працягваюць наступ. Заходняя кааліцыя плянуе цалкам вывесьці свае сілы да сярэдзіны верасьня. Паводле дадзеных ураду Аўганістану, з прычыны канфлікту паміж урадавымі войскамі і баевікамі «Талібану» ўцекачамі сталі больш за два мільёны чалавек.

Таджыкістан ужо зьвярнуўся да дзяржаў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) па дапамогу ў ахове мяжы з Аўганістанам. Як адзначаюць таджыцкія ўлады, пад кантролем радыкальных ісламістаў цяпер прыкладна дзьве траціны ад агульнай лініі мяжы з Аўганістанам.

Прадстаўнікі руху «Талібан» напярэдадні прыляцелі ў Маскву. Афіцыйны прадстаўнік руху Махамад саха Шахін сказаў ТАСС, што яны прыбылі ў Маскву для абмеркаваньня бягучай сытуацыі ў Аўганістане з расейскім бокам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG