Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Turkmen.news: На мяжы Аўганістану і Туркмэністану чуваць страляніну, туркмэнскія вайскоўцы вывозяць свае сем’і


Туркмэнскія памежнікі правяраюць уцекачоў на туркмэнска-аўганскай мяжы, архіўнае фота, 2020 год
Туркмэнскія памежнікі правяраюць уцекачоў на туркмэнска-аўганскай мяжы, архіўнае фота, 2020 год

У горадзе Сэрхетабад на поўдні Туркмэністану 8 ліпеня было чуваць стрэлы з аўганскага паселішча Тургундзі, піша Turkmen. news cо спасылкай на крыніцы.

Мясцовыя жыхары бачылі, як праз Сэрхетабад праехалі восем грузавікоў з салдатамі ў поўным рыштунку, а таксама матацыклісты.

Іншая крыніца выданьня расказала, што ў адным з памежных атрадаў на поўдні Марыйскай вобласьці вайскоўцы пачалі эвакуаваць свае сем’і далей ад мяжы з Аўганістанам. «Адпраўляюць жонак і дзяцей дадому, да родных, цяпер небясьпечна», — сказаў агенцтву неназваны чалавек.

Паводле дадзеных суразмоўцаў, у Мары 7 ліпеня сеў самалёт Узброеных сіл Украіны, які прыляцеў з Анкары. Хто або што было на борце — невядома. Журналісты зафіксавалі самалёт на сэрвісе Flightradar, але пасьля ён зьнік з поля зроку.

Як далёка можа рушыць наперад «Талібан» і пры чым тут Масква?

Раней выданьне са спасылкай на Menafn паведамляла пра закрыцьцё кантрольна-прапускнога пункту «Акіна» на мяжы Аўганістану і Туркмэністану з прычыны таго, што мясцовасьць па другі бок лініі разьмежаваньня ўзялі пад кантроль талібы. Махамад Розі, член рады правінцыі Фар’яб, якая знаходзіцца на паўночным захадзе Аўганістану каля туркмэнскай мяжы, заявіў, што талібы перакрылі дарогу да КПП, у выніку перакрыты канал імпарту прадуктаў. Урадавыя сілы разьмешчаныя за дзесяць кілямэтраў.

Талібы працягваюць наступ адначасова з вывадам з Аўганістану вайскоўцаў ЗША і іншых краін NATO. Заходняя кааліцыя плянуе цалкам вывесьці свае сілы да сярэдзіны верасьня. Паводле ўраду Аўганістану, з прычыны канфлікту паміж урадавымі войскамі і баевікамі «Талібану» ўцекачамі сталі больш за два мільёны чалавек.

Таджыкістан ужо зьвярнуўся да дзяржаў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) па дапамогу ў ахове мяжы з Аўганістанам. Як адзначаюць таджыцкія ўлады, пад кантролем радыкальных ісламістаў цяпер знаходзяцца прыкладна дзьве траціны ад агульнай лініі мяжы з Аўганістанам.

Прадстаўнікі руху «Талібан» напярэдадні прыляцелі ў Маскву. Афіцыйны прадстаўнік руху Махамад саха Шахін сказаў ТАСС, што яны прыбылі ў Маскву для абмеркаваньня бягучай сытуацыі ў Аўганістане з расейскім бокам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG