Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн: вайсковая місія ЗША ў Аўганістане завершыцца 31 жніўня


Джо Байдэн

Вайсковая місія ЗША ў Аўганістане завершыцца 31 жніўня, заявіў прэзыдэнт Джо Байдэн.

Кіраўнік Белага дому адзначыў, выступаючы ў чацьвер, што амэрыканцы ў свой час увайшлі ў Аўганістан не для таго, каб умацоўваць яго дзяржаўнасьць. «Аўганскія лідэры цяпер павінны аб’яднацца, каб разам рухацца да будучыні», — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.

Пасьля ўступленьня на пасаду Байдэн абвясьціў аб намеры вывесьці з Аўганістану ўсіх амэрыканскіх вайскоўцаў да 11-га верасьня сёлета, а менавіта да 20-й гадавіны тэрактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Менавіта пасьля гэтых нападаў амэрыканцы пачалі апэрацыю ў Аўганістане супраць руху «Талібан» і тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Кайда».

Байдэн лічыць слушным сваё рашэньне не зацягваць тэрміны вываду. «Хуткасьць — гэта бясьпека», — падкрэсьліў ён 8-га ліпеня. Заява зроблена на фоне распачатага ў Аўганістане наступу талібаў на ўрадавыя сілы. Значная частка аўганскіх вайскоўцаў адступіла ў Таджыкістан. Пад кантроль ісламістаў перайшлі шырокія тэрыторыі на поўначы Аўганістану.

Выступаючы ў чацьвер, Джо Байдэн таксама паведаміў аб гарантыях бясьпекі тым аўганцам і іх сем’ям, якія працавалі з амэрыканскімі вайскоўцамі. «У Злучаных Штатах для вас ёсьць дом», — сказаў кіраўнік амэрыканскай адміністрацыі, дадаўшы, што ўжо ў ліпені Вашынгтон пачне вывазныя рэйсы для тых аўганцаў, якія атрымалі адмысловыя візы. Некаторым з гэтых аўганцаў, паводле Байдэна, будзе аказана дапамога ў пераезьдзе ў трэція краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG