Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі сэрбаў будуць байкатаваць усе органы Босьніі і Герцагавіны


Прадстаўнік басьнійскіх сэрбаў у Прэзыдыюме Босьніі і Герцагавіны Міларад Додзік

Лідэры басьнійскіх сэрбаў прынялі рашэньне, што іх прадстаўнікі будуць байкатаваць усе органы Босьніі і Герцагавіны, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.

Сэрбы ня будуць удзельнічаць у рабоце Рады міністраў, Прэзыдыюму і Парлямэнцкай асамблеі. У выніку згаданыя органы будуць фактычна заблякаваныя.

Галоўныя службовыя асобы Рэспублікі Сэрбскай і лідэры сэрбскіх палітычных партыяў такім чынам адрэагавалі на рашэньне высокага прадстаўніка міжнароднай супольнасьці ў краіне аб забароне адмаўляць генацыд.

Гэтую пасаду займае Валентын Інцка. 23 ліпеня на падставе сваіх паўнамоцтваў ён унёс у Крымінальны кодэкс краіны зьмены, якімі забаронена аспрэчваць, перамяншаць або апраўдваць генацыд, злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы, учыненыя на тэрыторыі краіны і ўстаноўленыя кампэтэнтным прысудам.

Міларад Додзік, сэрбскі прадстаўнік у Прэзыдыюме Босьніі і Герцагавіны, заявіў, што Інцка «ня мае легітымнасьці» і што Рэспубліка Сэрбская больш ня будзе ўспрымаць яго рашэньняў. Ён дадаў, што парлямэнт басьнійскіх сэрбаў неўзабаве на надзвычайнай сэсіі прыме два закона, якія тычацца рашэньняў высокага прадстаўніка.

Міжнародны трыбунал для былой Югаславіі ўстанавіў, што ў ліпені 1995 году ў Срэбраніцы, мястэчку на ўсходзе Босьніі і Герцагавіны, сілы басьнійскіх сэрбаў учынілі генацыд — расстралялі больш за 8000 мужчын басьнійскай нацыянальнасьці. Устаноўленыя таксама шматлікія злачынствы супраць чалавечнасьці і ваенныя злачынствы.

У ніводным з прысудаў не гаворыцца пра сэрбскі народ, а ідзецца пра канкрэтныя злачынствы, учыненыя канкрэтнымі асобамі.

Лідэры басьнійскіх сэрбаў, а таксама пэўныя палітычныя дзеячы ў Сэрбіі апошнім часам сьцьвярджаюць, што генацыду і злачынстваў не было і што сэрбы ў 1992–95 гадах вялі абарончую вайну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG