Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выведуць войскі з Іраку да канца 2021 году


База амэрыканскіх вайскова-паветраных сілаў Айн аль-Асад на захадзе Іраку, архіўнае фота
База амэрыканскіх вайскова-паветраных сілаў Айн аль-Асад на захадзе Іраку, архіўнае фота

Раней амэрыканскія вайскоўцы пачалі пакідаць Аўганістан, у якім знаходзіліся 20 гадоў. У Іраку яны былі 18 гадоў.

ЗША завершаць баявую місію ў Іраку да канца 2021 году. Пра адпаведную дамоўленасьць заявілі прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і прэм’ер-міністар Іраку Мустафа аль-Кадымі ў выніку сустрэчы ў Вашынгтоне, паведамляе Reuters.

З наступнага году амэрыканскія вайскоўцы будуць толькі вучыць і кансультаваць ірацкіх вайскоўцаў і ня будуць браць удзелу ў баявых дзеяньнях.

Рашэньне завяршыць баявую місію мае шмат у чым фармальны характар — фактычна амэрыканскія вайскоўцы ўжо даўно спэцыялізуюцца на трэнінгу іракцаў і рэдка ўдзельнічаюць у баявых апэрацыях. Пры гэтым амэрыканцы не ўважаюць сваю місію цалкам выкананай: у адміністрацыі прэзыдэнта яшчэ напярэдадні перамоваў заявілі, што канчатковай мэтай застаецца «поўны разгром „Ісламскай дзяржавы“».

Цяпер у Іраку знаходзяцца 2500 амэрыканскіх вайскоўцаў.

За ліпень амэрыканскія дыпляматы і войскі ў Іраку і Сырыі зазналі тры ракетныя і бесьпілётныя атакі. Магчыма, што напады былі апэрацыямі групаў, якія падтрымлівае Іран.

Войскі ЗША ўвайшлі ў Ірак у 2003 годзе. Афіцыйнай падставай была меркаваная сувязь тагачаснага кіраўніка краіны Садама Хусэйна з тэрарыстамі. Пасьля зрынаньня дыктатарскага рэжыму Хусэйна амэрыканскія войскі праводзілі лякальныя апэрацыі супраць «Аль-Каіды» і «Ісламскай дзяржавы».

Як паведамлялася раней, 11 верасьня ЗША мерацца вывесьці ўсе войскі і з Аўганістану. Там амэрыканцы знаходзіліся з 2001 году. Пазьней Джо Байдэн назваў ранейшую дату выхаду — 31 жніўня. Вывад войскаў, зрэшты, выклікае шмат асьцярогаў у мясцовых жыхароў, якія баяцца рэпрэсіяў талібаў, якія ўжо сталі займаць гарады краіны.

Экс-прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-малодшы раскрытыкаваў рашэньне адміністрацыі Байдэна вывесьці амэрыканскія войскі з Аўганістану, заявіўшы, што сыход ЗША стане катастрофай для жанчын і дзяўчат гэтай краіны. Але дзейны прэзыдэнт настойвае на тым, што ЗША прыходзілі ў Аўганістан не дзеля дзяржаўнага будаўніцтва.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG