Плятформа Pasluga — онлайн-сэрвіс для замовы і прапановы паслугаў беларусам плянэты. Кожны ахвочы можа пакінуць апісаньне сваёй паслугі ці абраць нешта патрэбнае з прапанаваных, піша «Белсат».
Сузаснавальнік праекту Вадзім Дабравольскi расказаў, што ідэя плятформы вынікла з практыкі іншага праекту:
«Мы рабілі плятформу, каб людзі ў Беларусі мелі магчымасьць дадаткова зарабіць. Гэта ня першы праект, які мы запусьцілі. Пасьля жнівеньскіх падзеяў мы стварылі IneedHelpBy і апекаваліся людзьмі, якія трапілі ў цяжкую сытуацыю, пацярпелі ад рэпрэсіяў, чыіх блізкіх пасадзілі. Мы ім дапамагалі прадуктамі».
Вядомыя ня ўсе імёны стваральнікаў плятформы, бо шэраг іх мае блізкіх сваякоў у Беларусі, ім можа пагражаць небясьпека.
Pasluga, як адзначае адзін з сузаснавальнікаў, дапамагае знайсьці або сталую працу, або прынамсі пэўны даход.
На плятформе могуць разьмяшчацца прапановы ня толькі на экспэртныя паслугі. Попыт мае і праца, якія не вымагаюць адмысловай адукацыі. Так, людзі за мяжой ня могуць прыбраць могілкі сваякоў ці паклапаціцца пра блізкіх — за дапамогу такога кшталту яны гатовыя плаціць тым, хто цяпер у Беларусі.
Людзі, якія прапаноўваюць паслугі на плятформе, вызначаюць і іх кошт, аднак ёсьць і пэўная мадэрацыя. Цяпер на Pasluga можна знайсьці прапановы заняткаў ёгай, асабовага росту, догляду дзяцей і жывёлінаў, стварэньня сайтаў, фота- і відэапрадуктаў. Мэдычных і псыхалягічных паслуг на сайце няма — міжнародныя правайдэры, зь якімі супрацоўнічае плятформа, не дазваляюць транзакцыяў на аплату такіх паслуг.
Прапановы на плятформу можна пісаць праз электронную пошту.
На старонцы Pasluga пазначаныя дзьве цаны — за самую паслугу і з улікам камісіі 6%. Вадзім Дабравольскі патлумачыў, што праект рабіўся на грошы ўдзельнікаў каманды, зарэгістраванай у ЗША. Манэтызацыя праекту мае адбыцца менавіта праз закладзеную камісію.