Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі натхнілася тым, як калегі працягваюць працу». Пра што пішуць зьняволеныя журналісты Tut.by


15 затрыманых у «справе Tut.by»
15 затрыманых у «справе Tut.by»

Прайшло больш за два месяцы ад разгрому ўладамі Беларусі найбуйнейшага інфармацыйнага парталу Tut.by і ўзяцьця пад варту 15 супрацоўнікаў кампаніі.

Крымінальная справа супраць службовых асобаў ТАА «Тут Бай Медыя» завялі па ч. 2 арт. 243 КК («ухіленьне ад выплаты падаткаў у буйным памеры»). Паводле сьледзтва, кампанія нібыта неправамерна карысталася льготамі як рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) і нанесла шкоду на «мільёны даляраў». Усе абвінавачаныя ў гэтай справе прызнаныя палітвязьнямі.

DW даведалася, пра што пішуць некаторыя журналісты парталу з-за кратаў.

«Галоўная праблема цяпер — сьпякота, — піша ў адным зь лістоў рэдактарка Tut.by Вольга Лойка журналістцы Дар’і Ламаноўскай. — Душна нават зь вэнтылятарам, але мы трываем, нічога ня зробіш».

З словаў Ламаноўскай, нядаўна Вольга Лойка напісала, што атрымала ад яе фотапаштоўкі і вельмі ім узрадавалася.

«Мы зь ёю вельмі любім Балтыку, вось жа ў паштоўках часта фігуруе гэтая тэма, яна ўспамінае свае паездкі ў Калінінград», — кажа Дарʼя. — Апошняя вестачка ад Лойкі прыйшла даволі станоўчая.

«Добрых навін мала, але яны абавязкова будуць, нікуды не падзенуцца», — цытуе зьмест паштоўкі журналістка.


Галоўная рэдактарка парталу Марына Золатава амаль заўсёды дзеліцца тым, як выглядаюць яе справы:

«Яна робіць зарадку раз ці два ў дзень, базавыя фізычныя практыкаваньні. Кажа, што гэта прыводзіць думкі ў парадак», — расказаў муж Золатавай Васіль Кішкурна.

Акрамя таго, Марына малюе ў турме і шле малюнкі родным.

«Нядаўна прыслала аўтапартрэт і партрэт дачкі. У цэлым лісты ад яе прыходзяць больш-менш хутка і амаль усе, зважаючы на нумарацыю», — кажа Кішкурна.

Ён таксама расказаў, што праз арышт Марына прапусьціла важныя падзеі ў жыцьці іхнае дачкі — выпускны ў школе і паступленьне ва ўнівэрсытэт:

«Гэтымі месяцамі шмат лістоў былі прысьвечаныя таму, як пройдзе ў дачкі выпускны, а цяпер Марына перажывае за яе экзамэны. Вядома, цікавіцца і сынавымі справамі».

Асабліва Кішкурна адзначыў тое, што ягоная жонка ведае пра запуск новага праекту zerkalo.io (новы сайт, які адкрылі былыя журналісты Tut.by):

«Марына вельмі натхнілася тым, як калегі працягваюць працу. Яна іх вельмі хваліць і падтрымлівае».

18 чэрвеня ўлады Беларусі заблякавалі Tut.by: у траўні 2020 на сайце было зафіксавана 176 млн наведваньняў за месяц, гэта агульнабеларускі рэкорд. 15 чалавек, зьвязаных з сайтам, уключна зь яго кіраўніцтвам, арыштаваныя.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG