Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускай дзяржаўнай тэлевізіі афіцыйна назвалі Ўкраіну «недружалюбнай дзяржавай»


Менскі штаб ГУБАЗіК
Менскі штаб ГУБАЗіК

Прадстаўнік ГУБАЗіК, акрамя заявы пра Ўкраіну, пахваліўся, што ўладам удалося нэўтралізаваць футбольных фанатаў.

МУС вывучаў досьвед украінскіх падзеяў 2014 году, каб супрацьстаяць беларускім пратэстам. Пра гэта ў этэры тэлеканалу СТБ заявіў начальнік аддзелу ГУБАЗіК МУС Юры Ткачук, паведамляе «Эўрарадыё».

«Мы ўжо ў 2014 годзе прааналізавалі пагрозу, якая можа існаваць для Беларусі, зразумелі, што абарачэньне зброі, якаое незаконна арганізоўвалася на тэрыторыі Ўкраіны, можа прабрацца на тэрыторыю нашай краіны. Натуральна, прыняты пэўныя захады, узмоцнены апэратыўныя пазыцыі, таму такога павальнага пранікненьня незаконнай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь не адбылося», — сказаў прадстаўнік ГУБАЗіК.

Ткачук заявіў, што з улікам украінскіх падзей асаблівая ўвага надавалася фанацкаму руху. На думку сілавіка, гэты рух удалося нэўтралізаваць.

«Мы зьвярнулі ўвагу на гэтую групу асоб, якія вельмі лёгка паддаюцца ўплыву і маглі б павесьці за сабой пэўныя дэструктыўныя сілы. Натуральна, да 2020 году мы да гэтага таксама падрыхтаваліся. Як вы бачылі, фанацкі рух ня змог праявіць сябе, хоць былі такія спробы зь іх боку».

Ткачук сказаў, што цяпер Украіна ня будзе перашкаджаць экспарту зброі ў Беларусь, «тым больш што цяпер Украіна лічыцца недружалюбнай дзяржавай у наш адрас».

Заявы пра кантрабанду зброі з Украіны ў Беларусь неаднаразова гучалі з боку ўладаў. Аднак на зварот украінскіх памежнікаў агучыць такія факты афіцыйны Менск ніякіх доказаў не прадставіў.

Яшчэ ў 2017 годзе ў раптоўна пачатай крымінальнай справе за фанацкую бойку ў тралейбусе ў чэрвені 2014 году асудзілі шэраг прыхільнікаў менскага клюбу МТЗ-РІПА, адзін з фанатаў Ільля Валавік, які, па прызнаньні жонкі, змагаўся супраць адэптаў «русского мира», атрымаў 10 гадоў турмы. Справу праз два гады пасьля бойкі, якая не нанесла значнай шкоды, пачаў ГУБАЗіК. Іншыя фігуранты справы атрымалі ад 4 да 12 гадоў турмы.

У жніўні 2020 году пасьля пратэстаў загінуў адзін зь лідэраў фанатаў футбольнага клюбу «Маладэчна» Мікіта Крыўцоў. Сваякі і блізкія ня вераць у афіцыйную вэрсію, згодна зь якой мужчына павесіўся, скончыўшы жыцьцё самагубствам. У сакавіку намесьнік начальніка ГУБАЗіК палкоўнік Міхаіл Бедункевіч назваў лічбу ў 65 футбольных фанатаў, супраць якіх завялі крымінальныя справы пасьля жнівеньскіх падзей 2020 году.

Пасьля сфальшаваных выбараў 2020 году шэраг фанацкіх рухаў Беларусі афіцыйна заявіў пра спыненьне актыўнай падтрымкі сваіх камандаў да зьмены палітычнага становішча ў Беларусі. На гэты момант толькі лічаныя клюбы маюць фанацкія сэктары на стадыёнах краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG