Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні чалавек прыйшлі разьвітацца зь Мікітам Крыўцовым. ФОТА, ВІДЭА

абноўлена

Пахаваньне ўдзельніка мірных пратэстаў з Маладэчна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:17 0:00

Пахаваньне ўдзельніка акцый пратэсту, якога не маглі знайсьці дзесяць дзён, адбываецца ў Маладэчне.

Разьвітаньне зь Мікітам Крыўцовым пачалося ў 12.30 у рытуальнай залі Маладэчна на вуліцы Янкі Купалы, 50. Людзі пачалі там зьбірацца за гадзіну да пачатку. Акрамя знаёмых, на разьвітаньне зь Мікітам прыйшлі ўдзельнікі фанацкага руху з Маладэчна, а таксама зь іншых гарадоў, у тым ліку зь Берасьця, Барысава і Менску. Да 12:30 каля рытуальнай залі сабраліся некалькі соцень чалавек.

«Мы ня верым у тое, што Мікіта зрабіў гэта сам, — сказаў журналістам адзін з удзельнікаў фанацкага руху Маладэчна. — Не магло яго цела столькі часу знаходзіцца ў пятлі ў парку Менску».

Знаёмыя нябожчыка расказваюць, што бачылі яго 10 жніўня на месцы акцый пратэсту ў Менску.

«Практычна ні ў кога няма сумневаў, што Мікіту забілі, — сказаў на разьвітаньні адзін з прысутных. — Мікіта выйшаў за нашу і вашу свабоду. Ён быў адзін зь першых, хто выйшаў на плошчу ў Маладэчне зь бел-чырвона-белым сьцягам. Яны адсочваюць такіх людзей. Будзе час, калі ў Маладэчне зьявіцца вуліца імя Мікіты Крыўцова. Жыве Беларусь».


Раней бацька Мікіты Крыўцова ў прысутнасьці незалежнага судова-мэдычнага экспэрта і адваката агледзеў цела сына ў моргу.

«Паводле нашага экспэрта, трэба дачакацца вынікаў дасьледаваньняў, найперш гісталягічных, — паведаміў Радыё Свабода адвакат Крыўцовых Віктар Мацкевіч. — Цела за гэты час моцна зьмянілася. Бацьку вельмі цяжка было на гэта глядзець».

Паводле экспэрта, як перадае адвакат, «адбыліся выразныя гніласныя зьмены мяккіх тканак цела, паказаліся косьці».

Жыхар Маладэчна Мікіта Крыўцоў зьнік 11 жніўня 2020 году. 12 жніўня жонка заявіла пра яго зьнікненьне. Перад зьнікненьнем ён хадзіў на акцыі пратэсту.

22 жніўня цела Мікіты Крыўцова знайшлі ў лесапарку ў раёне Парніковай вуліцы ў Менску. Паводле інфармацыі СК, ягоная сьмерць ня носіць крымінальнага характару. Сям’я Мікіты Крыўцова не пагадзілася з вэрсіяй «самагубства» і падала заяву ў Сьледчы камітэт.

Пахаваюць Мікіту Крыўцова на старых могілках Маладэчна. Труну зь целам ад рытуальнай залі нясуць на руках. Яна накрытая бел-чырвона-белым сьцягам.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG