Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Guardian апублікавала «дакумэнты Крамля» аб дапамозе Масквы Трампу


Дональд Трамп у ліфце, 2017 год
Дональд Трамп у ліфце, 2017 год

Брытанскае выданьне The Guardian апублікавала дакумэнты, якія, паводле журналістаў, пацьвярджаюць зацікаўленасьць Крамля ў перамозе Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША ў 2016 годзе.

У артыкуле не гаворыцца, як менавіта выданьне атрымала дакумэнты. Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ідэя аб тым, што расейскія высокапастаўленыя палітыкі і чыноўнікі сустракаліся і дамовіліся падтрымаць Трампа на пачатку 2016 году, — «вялікая выдумка».

Паводле зьвестак газэты, дакумэнт быў прыняты на «ключавой сустрэчы» — нарадзе з чальцамі Савету бясьпекі 22 студзеня 2016 году і падпісаны прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным. Аўтарам дакумэнту журналісты называюць Уладзіміра Сіманенку — начальніка экспэртнага ўпраўленьня прэзыдэнта. Удзельнікі сустрэчы пагадзіліся, што ўрад Трампа дапаможа забясьпечыць стратэгічныя мэты Масквы: «сацыяльныя беспарадкі» ў ЗША і аслабленьне пазыцыі амэрыканскага прэзыдэнта на перамовах.

У «дакумэнтах Крамля» гаварылася, што трэба выкарыстоўваць «усю магчымую сілу» для перамогі Трампа, якая прывядзе да «дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сыстэмы ЗША». «Тром расейскім спэцслужбам загадалі знайсьці спосабы падтрымаць Трампа», — гаворыцца ў матэрыяле.

У дакумэнтах таксама ёсьць характарыстыка самога Дональда Трампа. Яго ацанілі як «псыхічна нестабільнага, імпульсіўнага, неўраўнаважанага чалавека з комплексам непаўнавартасьці». У дакумэнтах указвалі, што, «улічваючы некаторыя падзеі, якія мелі месца падчас яго знаходжаньня на тэрыторыі РФ», трэба падтрымаць Трампа на выбарах. Пра якія менавіта падзеі ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

  • Расейская дэвэлапэрская кампанія Crocus Group бацькі і сына Араза і Эміна Агаларавых фігуравала ў трох ключавых эпізодах расьсьледаваньня спэцпракурора Робэрта Мюлера. У 2013 годзе Агаларавы праводзілі з Трампам у Маскве конкурс «Міс Сусьвет», у 2015-м — абмяркоўвалі сумеснае будаўніцтва Trump Tower у Маскве, а ў 2016-м — дапамагалі арганізаваць сустрэчу адваката Натальлі Весяльніцкай зь зяцем Трампа Джарэдам Кушнерам і кіраўніком яго штабу Полам Манафортам, якім юрыстка нібыта абяцала кампрамат на Гілары Клінтан.
  • У 2019 годзе было апублікавана расьсьледаваньне спэцпракурора Робэрта Мюлера. У дакладзе гаварылася, што спэцпракурор не знайшоў доказаў каардынацыі дзеяньняў людзей Трампа з расейцамі ў ходзе выбарчай кампаніі. Адначасова высьветлілася, што як мінімум 17 чалавек — сярод іх чыноўнікі зь Белага дому і дарадцы Трампа — агулам больш за сотню разоў кантактавалі з расейцамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG