Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала чарговыя дакумэнты справы аб умяшаньні Расеі ў выбары


Дональд Трамп-малодшы перад слуханьнямі ў Сэнаце 12 чэрвеня 2019 году.
Дональд Трамп-малодшы перад слуханьнямі ў Сэнаце 12 чэрвеня 2019 году.

Міністэрства юстыцыі ЗША чарговы раз апублікавала службовыя дакумэнты ФБР, якія ўключаюць допыты ключавых сьведак у справе аб імаверным умяшаньні Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 2016 году.

Расьсьледаваньне два гады вёў спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер. Дакумэнты аб’ёмам 356 старонак публікуюць тэлеканал CNN і сайт BuzzFeed.

У дакумэнтах, у прыватнасьці, зьмяшчаецца інфармацыя аб сустрэчы сына прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа-малодшага з расейскім юрыстам Натальляй Весяльніцкай у гатэлі Trump Tower ў Нью-Ёрку ў чэрвені 2016 году. Паказаньні пра сустрэчу даў топ-мэнэджэр расейскага будаўнічага холдынгу Crocus Group Іраклі Кавэладзэ.

Згодна з запісам ФБР, з просьбай наведаць сустрэчу да Кавэладзэ зьвярнуўся першы віцэ-прэзыдэнт групы кампаній Crocus Group. Паводле словаў Кавеладзэ, памочнік Агаларава паведаміў, што Весяльніцкая мае нэгатыўную інфармацыю аб суперніцы Трампа на выбарах Гілары Клінтан і гэта нібыта зьяўляецца тэмаю сустрэчы.

Кавэладзэ сказаў сьледчым, што ў Trump Tower прысутнічаў старэйшы дарадца і зяць прэзыдэнта ЗША Джарэд Кушнер. Паводле бізнэсмэна, Кушнер быў раздражнёны і не разумеў неабходнасьці сустрэчы. Дарадца, з словаў Кавэладзэ, адразу пасьля пачатку перамоваў пацікавіўся, ці маюць удзельнікі інфармацыю пра Клінтан.

Кавэладзэ заявіў, што час быў выдаткаваны марна.

Акрамя інфармацыі пра допыт Кавэладзэ, дакумэнты зьмяшчаюць запісы аб гутарках зь іншымі пэрсонамі з атачэньня прэзыдэнта ЗША.

Выданьне BuzzFeed зьвяртае ўвагу, што Міністэрства юстыцыі ЗША падало дакумэнты ў адрэдагаваным выглядзе.

  • У ліпені 2017 году Трамп-малодшы апублікаваў электронныя лісты, зь якіх вынікае, што ён сустрэўся з Натальляй Весяльніцкай. Перад гэтым яму паведамілі, што яна валодае кампраматам на кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратаў Гілары Клінтан.
  • Сын прэзыдэнта ЗША адзначыў пасьля, што сустрэча не прынесла ніякай карысьці. Весяльніцкая адмаўляе наяўнасьць у яе дакумэнтаў, якія ганяць Клінтан.
  • У сакавіку 2019 году каманда спэцпракурора Робэрта Мюлера завяршыла працу над дакладам пра меркаванае ўмяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША.
  • Двухгадовае расьсьледаваньне даказала спробы Масквы паўплываць на амэрыканскі выбарчы працэс.
  • Але сувязяў паміж перадвыбарным штабам Дональда Трампа і Крамлём сьледчыя не знайшлі.
  • Пры гэтым Мюлер не прыйшоў да адназначнай высновы, ці спрабаваў Трамп перашкаджаць правасудзьдзю.
  • Масква сваё дачыненьне да выбараў у іншых дзяржавах адмаўляе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG