Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША распрацоўваюць тактыку на выпадак умяшаньня Расеі ў выбары


Ілюстрацыйнае фота

Злучаныя Штаты Амэрыкі распрацоўваюць тактыку інфармацыйнай вайны ў выпадку, калі Расея паспрабуе ўмяшацца ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША 2020 году. Пра гэта піша газэта The Washington Post са спасылкай на крыніцы сярод цяперашніх і былых амэрыканскіх вайсковых чыноўнікаў.

Паводле суразмоўцаў газэты, адзін з варыянтаў, які вывучае камандаваньне кібэрнэтычных службаў ЗША, будзе скіраваны супраць высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, сілавікоў і буйных бізнэсоўцаў. Яны атрымаюць лісты з патрабаваньнем спыніць умяшаньне ў выбары. У адваротным выпадку Вашынгтон пагражае апублікаваць і выкарыстаць у сваіх мэтах канфідэнцыйную інфармацыю пра чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, блізкіх да Крамля. Крыніцы не раскрываюць, якую менавіта «сакрэтную інфармацыю» яны спадзяюцца сабраць аб такіх высокапастаўленых расейскіх дзеячах, але гэты акт можа патэнцыйна зрабіць ціск на краіну, каб спыніць умяшаньне ў справы ЗША.

Паводле крыніц, такая тактыка наўрад ці будзе ўжытая супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Гэта было б «занадта правакацыйна», піша Washington Post.

У сакавіку 2019 году каманда спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера завяршыла працу над дакладам аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе. Двухгадовае расьсьледаваньне даказала спробы Масквы паўплываць на выбарчы працэс у ЗША. Умяшаньне адбывалася рознымі спосабамі, у тым ліку праз узлом электроннай пошты і распаўсюджваньне фэйкавых навінаў у Facebook. Але сьледчыя не знайшлі сувязі паміж выбарчым штабам Дональда Трампа і Крамлём.

Мюлер, аднак, не прыйшоў да адназначнай высновы, ці спрабаваў Трамп перашкаджаць правасудзьдзю. Масква адмаўляе сваю датычнасьць да ўмяшаньня ў выбары.

Камітэт выведкі Сэнату ЗША апублікаваў 25 ліпеня даклад аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

У дакладзе Сэнату, як і ў дакладзе спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера, робіцца выснова, што ўмяшаньне Расеі ва ўнутраныя справы ЗША ў 2016 годзе не зьяўляецца адзінкавай зьявай і што Крэмль працягвае сваю падрыўную дзейнасьць, маючы на мэце ўплыў на прэзыдэнцкія выбары 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG