Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Амэрыцы завяршылі расьсьледаваньне аб расейскім умяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША


Спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер
Спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер

Расьсьледаваньне так званага расейскага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкую выбарчую кампанію ў ЗША ў 2016 годзе завершана. Спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер, які ўзначальвае гэтае расьсьледаваньне, перадаў свой адмысловы даклад аб галоўных высновах расьсьледаваньня ў офіс генэральнага пракурора ЗША.

Да гэтага моманту сьледчая група хавала ход расьсьледаваньня ад СМІ і грамадзкасьці, паведамляе Голас Амэрыкі. За час працы былі прад’яўленыя больш за 200 абвінавачваньняў 34 фізычным і двум юрыдычным асобам. 26 абвінавачаных — грамадзяне Расеі.

Шасьцёра — былыя дарадцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа: Майкл Флін, былы дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы; Пол Манафорт, былы кіраўнік выбарчага штаба; Рык Гейтс, былы намесьнік кіраўніка выбарчага штаба; Майкл Коэн, былы асабісты адвакат Трампа і Роджэр Стоўн, былы дарадца Трампа.

Сямёра абвінавачаных прызналі сябе вінаватымі ва ўчыненьні ўсіх або часткі інкрымінаваных ім злачынстваў, пяць былі прызнаныя вінаватымі судом.

Белы дом пакуль не азнаёмлены з дакладам

Дональд Трамп першапачаткова называў расьсьледаваньне «паляваньнем на ведзьмаў» і сьцьвярджаў, што паміж яго выбарчай кампаніяй і Расеяй не было ніякага супрацоўніцтва.

CNN паведамляе, што Белы дом пакуль не азнаёмлены з дакладам.

Прэс-сакратар Белага дома пацьвердзіла, што даклад не паступаў прэзыдэнту. Паводле яе слоў, цяпер варта чакаць разьвіцьця падзей, а наступныя крокі — за генэральным пракурорам Уільямам Бары.

Генпракурор ЗША Уільям Бар праінфармаваў заканадаўцаў, што вывучае даклад і пасьля кансультацый са сваім намесьнікам і Мюлерам вызначыць, якая інфармацыя будзе прадастаўлена Кангрэсу. Раней Бар даваў зразумець, што кангрэсмэны і сэнатары могуць атрымаць гэтую інфармацыю ўжо ў бліжэйшыя дні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG