Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізноў Мюлер. Тлумачым на пальцах, чаму ня будзе імпічмэнту Трампа


Робэрт Мюлер

Былы спэцпракурор Міністэрства юстыцыі ЗША Робэрт Мюлер даў у сераду паказаньні ў двух камітэтах Кангрэсу ЗША аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе. Апанэнты спадзяваліся, што ягоныя паказаньні дадуць падставу для імпічмэнту Дональду Трампу.

Справаздачу са свайго сьледзтва аб умяшаньні Расеі ў амэрыканскія выбары з мэтаю дапамагчы Трампу Робэрт Мюлер апублікаваў яшчэ вясной. Гэта 448 старонак. Аднак грамадзкай думцы была прадстаўленая толькі кароткая вэрсія дакумэнту. Прыхільнік Трампа генпракурор ЗША Бар заявіў тады, што прэзыдэнт «ня дзейнічаў у змове» з расейцамі.

Дэмакраты спадзяваліся, што падчас пяцігадзінных паказаньняў у жывым эфіры Робэрт Мюлер раскрые дэталі, якія нашкодзяць Трампу, і адкажа на пытаньне, ці перашкаджаў прэзыдэнт сьледзтву Мюлера.

Ці была сэнсацыя?

Адказваючы на пытаньні дэмакратычных кангрэсмэнаў, спэцыяльны пракурор пацьвердзіў тое, што ўжо было ў рапарце. Галоўнае, што ён не знайшоў цьвёрдых доказаў «змовы» Дональда Трампа з Расеяй. Але Мюлер падкрэсьліў, што «не адмовіўся» ад абвінавачаньняў прэзыдэнта ў перашкодзе сьледзтву.

Чаму тады Мюлер не пачаў крымінальную справу?

Спэцпракурор патлумачыў, што правілы Дэпартамэнту юстыцыі, які даў яму мандат на сьледзтва, не дазваляюць заводзіць крымінальную справу супраць прэзыдэнта. Але гэта, па сутнасьці, было вядома ад пачатку. Паводле Канстытуцыі ЗША, прэзыдэнта можна судзіць толькі тады, калі Кангрэс пазбавіць яго пасады ў выніку імпічмэнту.

Ці прадставіў Мюлер доказы таго, што Трамп перашкаджаў сьледзтву?

Не. На пытаньне пра доказы, якія маглі б даць Кангрэсу падставу для імпічмэнту, Мюлер адмовіўся адказваць. Ён дадаў, што Трамп можа быць абвінавачаны пасьля сыходу з пасады. Але ёсьць адна дэталь. Паводле закону, праз 5 гадоў у гэтага злачынства заканчваецца тэрмін даўнасьці.

Што з рэштай пытаньняў?

На большасьць пытаньняў Робэрт Мюлер адказваў коратка: «Я ня буду ў гэта паглыбляцца», «Гэта не датычыць сьледзтва», «Я не магу на гэта адказваць».

Дональд Трамп
Дональд Трамп

Які вынік гэтай сустрэчы ў Кангрэсе?

Нічога новага гэтая сустрэча не дала. Выступ Мюлера ня стаў сэнсацыяй, а экспэрты падкрэсьліваюць, што Дональд Трамп, які першпачаткова быў занепакоены актыўнасьцю Мюлера, пасьля паказаньняў у Кангрэсе можа задаволены. Спэцпракурор пазьбягаў абвінавачваньняў прэзыдэнта і вострых палітычных фармулёвак, якія не датычылі ягонага сьледзтва. Адпаведна, учорашнія паказаньні Мюлера ня стануць імпульсам для чарговай спробы імпічмэнту.

Хто хоча імпічмэнту?

Левае крыло Дэмакратычнай партыі. Але супраць выказваецца лідэр дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі. Без падтрымкі рэспубліканцаў імпічмэнт немагчымы. Як падкрэсьліваюць аглядальнікі, бясконцыя спробы дэмакратаў яго ініцыяваць могуць толькі нашкодзіць Дэмакратычнай партыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG