Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольны клюб з Рэчыцы здымаецца з чэмпіянату: няма грошай


Эмблема рэчыцкага «Спадарожніка».
Эмблема рэчыцкага «Спадарожніка».

1 чэрвеня два дзясяткі прадстаўнікоў «Спадарожніка» падпісалі праўладны ліст спартоўцаў, падзякаваўшы ўладам «за вялізную ўвагу, якую яны надаюць спорту».

Беларуская фэдэрацыя футболу атрымала заяву, у якой адміністрацыя клюбу «Спадарожнік» з Рэчыцы паведаміла, што ў сувязі зь фінансавай сытуацыяй калектыў вымушаны спыніць удзел у чэмпіянаце краіны.

Сёлета «Спадарожнік» дэбютаваў у вышэйшай лізе, але так нічога і ня здолеў супрацьпаставіць супернікам — апошняе месца пасьля першага кругу першынства.

Празь фінансавыя праблемы каманду пакінула большая частка гульцоў, якія наракалі, што за прамінулы час толькі аднойчы атрымалі заробак. Вядома, што шэраг футбалістаў падалі ў суд на ўладальнікаў клюбу.

Адметна, што 1 чэрвеня два дзясяткі прадстаўнікоў «Спадарожніка» падпісалі праўладны ліст спартоўцаў, падзякаваўшы ўладам «за вялізную ўвагу, якую яны аддаюць спорту». Гэта быў самы шматлікі калектыўны подпіс.

Перад пачаткам першынства калектыў трапіў у скандал: з клюбнай эмблемы раптам зьнікла выява «Пагоні», якая ёсьць на гербе Рэчыцы. Пазьней гэта патлумачылі «рэбрэндынгам».

У сэзоне 2021 году «Спадарожнік» згуляў 15 з 30 матчаў, то бок роўна палову. Згодна з рэглямэнтам чэмпіянату Беларусі, калі каманда правяла больш за 50% сустрэчаў, ёй залічваюцца паразы ў астатніх матчах 0:3, а ўсім супернікам прысуджаюцца перамогі з такім жа лікам.

Сытуацыя вакол «Спадарожніка» будзе разгледжана на бліжэйшым пасяджэньні выканкаму фэдэрацыі 28 ліпеня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG