Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў у задавальненьні заявы Tut.by аб скасаваных ільготах


Акцыя салідарнасьці з парталам Tut.by у Вільні, 18 траўня 2021
Акцыя салідарнасьці з парталам Tut.by у Вільні, 18 траўня 2021

Суд адмовіў у задавальненьні заявы Tut.by з просьбай прызнаць несапраўдным рашэньне аб страце права на льготы ў 2019–2021 гадах. Рашэньне па заяве таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Тут Бай Медыа» да назіральнай рады і адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій вынесьлі на судовым пасяджэньні 9 ліпеня ў эканамічным судзе Менску.

Пра гэта паведамляе афіцыйны Тэлеграм-канал парталу.

Па хадайніцтве адміністрацыі ПВТ са спасылкай на ліст Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю пасяджэньне праходзіла ў закрытым рэжыме. Суд адмовіў у задавальненьні заявы ТАА «Тут Бай Медыа». Кампанія будзе абскарджваць рашэньне суду ва ўстаноўленым законам парадку.

18 траўня, яшчэ да афіцыйнага рашэньня аб нейкіх парушэньнях, Tut.by выключылі з Парку высокіх тэхналёгій, рэзыдэнтам якога ААТ было з 2019 году. У гэты дзень Камітэт дзяржкантролю прыйшоў у офіс Tut.by на праспэкце Дзяржынскага, 57 у Менску зь ператрусам і паведаміў, што на службовых асобаў ААТ «Тут Бай Медыа» заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).

Доступ да сайта заблякавалі ўлады, а супрацоўнікі Tut.by пасьля ператрусу ўжо фактычна ня мелі доступу ў офіс.

24 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Менску ў закрытым рэжыме пачаў разгляд справы аб прызнаньні экстрэмісцкімі матэрыялаў Tut.by. Працэс прыпынілі на няпэўны тэрмін, бо партал Tut.by абскардзіў дзеяньні камісіі.

Працяг справы прайшоў у Эканамічным судзе Менску 6 і 7 ліпеня. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме. Судзьдзя Аляксей Русецкі 7 ліпеня вынес пастанову — адмовіць у задавальненьні пазову.

Прадстаўнікі экспэртнай камісіі ў суд так і не зьявіліся. Прысутнічала толькі адвакатка Марыя Анапольская. Яна сказала, што будзе абскарджваць рашэньне суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG