Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пакуль вы з намі, мы будзем працягваць». Каманда Tut.by запусьціла новы сайт


15 арыштаваных у «справе Tut.by»

У новым выданьні будзе працаваць частка каманды сайту і сацыяльных сетак Tut.by.

Каманда Tut.by запусціла новае інтэрнэт-мэдыя пад назвай Zerkalo.io. Ужо праз гадзіну сайт Zerkalo.io перастаў адчыняцца на тэрыторыі Беларусі. Цяпер сайт даступны толькі праз VPN.

Пра гэта журналісты паведамілі 8 ліпеня ў афіцыйным Телеграм-канале парталу.

«Мы — гэта частка былой каманды рэдакцыі і сацыяльных сетак Tut.by. Мы — гэта і вы, нашы чытачы. Zerkalo.io, як і Tut.by, можна (і трэба) чытаць. Мы працягнем публікаваць самыя важныя навіны грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі. У Zerkalo.io, як і ў Tut.by, можна (і трэба) пісаць пра набалелае. Мы і далей будзем чытаць усе вашы лісты і вырашаць разам з вамі надзённыя праблемы: ад адключэньня гарачай вады (тут вось мы бяз працы не застанёмся) да чэргаў і судоў (тут, на жаль, таксама)», – паведамляецца ў публікацыі Tut.by у Telegram.

Каманда парталу таксама паведаміла, што сацсеткі Tut.by стануць сацсеткамі Zerkalo.io, з часам яны таксама зьменяць назву.

«Імі па-ранейшаму займаецца каманда, якую вы ведаеце і якой давяраеце, — напісалі журналісты. — І, мабыць, галоўнае. Zerkalo.io скончыць сваё існаваньне ў той дзень, калі Tut.by зможа легальна аднавіць сваю паўнавартасную працу ў Беларусі з усім архівам публікацый. Калі гэта адбудзецца, мы ня ведаем. Але мы верым. І, пакуль вы з намі, мы будзем працягваць».

18 траўня, яшчэ да афіцыйнага рашэньня аб нейкіх парушэньнях, Tut.by выключылі з Парку высокіх тэхналёгій, рэзыдэнтам якога ААТ было з 2019 году. У гэты дзень Камітэт дзяржкантролю прыйшоў у офіс Tut.by на праспэкце Дзяржынскага, 57 у Менску зь ператрусам і паведаміў, што на службовых асобаў ААТ «Тут Бай Мэдыя» заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 КК (ухіленьне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры).
Доступ да сайту заблякавалі ўлады, а супрацоўнікі Tut.by пасьля ператрусу ўжо фактычна ня мелі доступу ў офіс.

24 чэрвеня суд Цэнтральнага раёну Менску ў закрытым рэжыме пачаў разгляд справы аб прызнаньні экстрэмісцкімі матэрыялаў Tut.by. Працэс прыпынілі на няпэўны тэрмін, бо парталам Tut.by была пададзена заява аб абскарджаньні дзеяньняў камісіі. Аднак судзьдзя Эканамічнага суду Аляксей Русецкі 7 ліпеня вынес пастанову адмовіць у задавальненьні пазову. Адвакатка Марыя Анапольская сказала, што будзе абскарджваць рашэньне суду.

Такім чынам, неўзабаве ў судзе адновяцца слуханьні ў справе аб «экстрэмізьме» ў матэрыялах парталу.

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрыманыя агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі быў пазбаўлены статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • 18 чэрвеня стала вядома, што МУС зьвярнулася ў суд, каб матэрыялы Tut.by прызналі экстрэмісцкімі і заблякавалі ўсе люстэркі і акаўнты парталу ў сацсетках.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 28 чэрвеня Tut.by падаў пазоў у Эканамічны суд Менску супраць адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій, каб аспрэчыць выключэньне са сьпісу рэзыдэнтаў ПВТ.
  • 5 ліпеня галоўнага бухгальтара Tut.by Анжэлу Асад, мэнэджара Андрэя Аўдзеева і дырэктара стартапу RocketData Дар’ю Данілаву перавялі зь СІЗА КДБ у СІЗА № 1 на вул. Валадарскага

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG