Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У кайданках, разам з сабакам у службовым аўта». Адар’я Гуштын пра затрыманьне мужа і дапамогу «Нашай ніве»


Адар'я Гуштын

Жонка галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча, журналістка Адар’я Гуштын расказала пра тое, як затрымлівалі яе мужа, патлумачыла, чаму яна непакоіцца за ягоны стан здароўя, і параіла, як можна ў гэтай сытуацыі падтрымаць «Нашу ніву» і ўсе незалежныя СМІ Беларусі.

Адарʼя Гуштын непакоіцца за стан здароўя мужа, якому падчас допыту ў Сьледчым камітэце выклікалі хуткую дапамогу. Паводле жонкі, Ягор ня меў праблемаў са здароўем, і ў такой сытуацыі можна меркаваць пра магчымыя катаваньні.

Журналістка расказала пра абставіны затрыманьня Ягора Марціновіча. Паводле яе, гэта адбылося, калі ён выгульваў сабаку Альму. Яго ў кайданках разам з сабакам пасадзілі ў спэцтранспарт і павезьлі ў рэдакцыю.

«Затрыманыя сумленныя людзі, патрыёты», — такім чынам яна пракамэнтавала арышт супрацоўнікаў «Нашай нівы». «Трэба трымацца праўды і закону», — такім было жыцьцёвае крэда яе мужа, падкрэсьлівае журналістка.

Сёньня тэлефон Ягора Марціновіча быў пэрыядычна актыўны ў інтэрнэце. Адарʼя кажа, што паролі на тэлефоне былі вельмі надзейныя, і калі нехта ў яго заходзіў, то, магчыма, мужа прымусілі іх назваць, мяркуе Адарʼя.

На частае пытаньне, якое ёй задаюць сёньня, чым можна дапамагчы, Адарʼя заклікае людзей працягваць чытаць «Нашу ніву» і іншыя незалежныя СМІ на розных плятформах. «Назад дарогі няма, у нас сумленьне чыстае. Журналісты Беларусі павінны працаваць», — лічыць яна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG