Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта паказваць Пратасевіча на шпацыры і гукавыя шчыты МУС — камэнтар прадстаўніка BYPOL


Сілы хуткага рэагаваньня дэманструюць новую экіпіроўку для разгону пратэстаў, 2 ліпеня 2021
Сілы хуткага рэагаваньня дэманструюць новую экіпіроўку для разгону пратэстаў, 2 ліпеня 2021

Былы галоўны рэдактар тэлеграм-каналу Nexta, затрыманы ў Беларусі пасьля прымусовай пасадкі самалёта і пераведзены нядаўна пад хатні арышт, завёў твітэр. У запісе ад яго імя зьявілася відэа з прагулкі, там жа аўтар просіць задаваць яму пытаньні.

У акаўнце паведамляецца, што ён жыве ў загарадным доме разам са сваёй дзяўчынай, расіянкай Соф’яй Сапегай, а «таварыш маёр жыве паверхам ніжэй».

Адзін з карыстальнікаў папрасіў падаць знак, што ён піша гэтыя паведамленьні пад кантролем, напрыклад, напісаць два знакі прыпынку запар. У адным з твітаў Пратасевіч паставіў два злучкі запар замест працяжніка.

Навошта зьявіўся гэты акаўнт і наколькі можна давяраць яго зьместу, «Настоящему времени» расказаў экс-начальнік аддзелу ГУБАЗіК беларускага МУС Аляксандар Азараў.

Ці добраахвотна выйшаў Пратасевіч у сацсеткі

— Вядома, нядобраахвотна. Калі чалавек пад арыштам, у дачыненьні да яго распачата крымінальная справа за зьдзяйсьненьне асабліва цяжкіх злачынстваў, то ён добраахвотна наогул рабіць нічога ня можа. Што ён робіць — гэта ўсё толькі па ўказцы таго ж КДБ, які курыруе гэтыя справы. Таму ставіцца да гэтага сурʼёзна нельга.

Тут улада працуе менавіта з Эўразьвязам. Пратасевіча адпусьцілі з-пад варты, трымаюць яго ў нейкім доме, але гэта спроба вытаргаваць нейкія прэфэрэнцыі перад Эўразьвязам, таму што ўлада бачыць, што санкцыі дзейнічаюць, і гэта вельмі моцна ўплывае на эканоміку.

Я, дапусьцім, ведаю, што цяпер нават паступіла ўказаньне ўсім прадпрыемствам дзяржаўнай формы ўласнасьці скасаваць дамовы з Эўразьвязам і пераарыентаваць іх на ўсход. Але тыя ж расейцы ўжо ня хочуць з намі заключаць дамовы. Расейцы заключаюць дамовы чыста з-за таго, што Лукашэнка асабіста да іх зьезьдзіць, папросіць, і яны ў выглядзе выключэньня скажуць: «Ну добра, так ужо і быць, давайце купім 10 трактароў». Ім ужо ня трэба беларускае абсталяваньне, і ў нас ужо цяпер ідуць такія размовы ў структурах улады, што ўжо небывалы крызіс. Таму ўлады ідуць на ўсё, што можна: «Давай выпусьцім Пратасевіча і што-небудзь папросім», — толькі так я бачу.

«Вясёлы» выгляд Рамана Пратасевіча

— Яму ставіцца задача — ён яе павінен выконваць. Як мы раней разьбіралі яго прамовы — гэта ў большасьці сваёй завучаныя адказы на пытаньні. Яму пішуцца тэксты, ён іх завучвае, а потым іх агучвае ў эфіры. Нават радасьць у яго можа быць непадробная, таму што ён сядзіць ня ў камэры з крымінальнікамі, а знаходзіцца на сьвежым паветры на вуліцы і глядзіць удалячынь. Чалавек гэтаму можа радавацца. А любы выхад чалавека з камэры — нават па службе, да прыкладу, ты чалавека падымаеш з камэры для размовы, і ён ужо рады, што ты яго забраў з гэтай камэры, і ня важна, для чаго яго адтуль забралі. Проста само знаходжаньне ў камэры вельмі цяжкое, і любы выхад — няважна для чаго: для даваньня інтэрвію, для правядзеньня сьледчых дзеяньняў або яшчэ чагосьці — яго вельмі радуе.

Якія могуць быць далейшыя дзеяньні ў дачыненьні да Пратасевіча

— Наконт свабоды я сумняюся. Яму могуць, вядома, зьменшыць тэрмін альбо памяняць артыкулы крымінальныя. Але каб яго цалкам адпусьцілі — мне здаецца, гэта немагчыма. Ён адназначна будзе асуджаны, але пытаньне — калі? Таму што ў нас па палітычных справах рашэньні прымаюцца зьверху — не як сьледчы вырашыць, а як яму скажуць зрабіць. Таму справу могуць расьсьледаваць бясконца доўга. І калі Эўразьвяз не адрэагуе на гэтыя паслабленьні ў дачыненьні да Рамана, то, адпаведна, Раман стане не патрэбны ўладам, яны яго назад пасадзяць у камэру і забудуцца пра яго.

* * *

Тым часам беларускі тэлеканал СТВ паказаў фільм, прысьвечаны 22-годзьдзю стварэньня Спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня (САХР) МУС. На кадрах — новае ўзбраеньне, з дапамогай якога байцы спэцназу будуць змагацца з апазыцыяй: супрацьударныя шчыты, гукавыя шчыты, дручкі-электрашокеры.

Ці сапраўды САХР маглі ўзмацніць гэткімі спэцсродкамі

Калі я служыў, САХР заўсёды выкарыстоўваўся ГУБАЗіК менавіта для затрыманьня злачынцаў, то бок вельмі шчыльна працавалі мы разам, і заўсёды, калі група ГУБАЗіК кудысьці ехала, бралі групу САХР для затрыманьняў.

Гэты фільм у мяне выклікае толькі ўсьмешку, таму што гэтая экіпіроўка падобная да экіпіроўкі нейкіх супэрмэнаў з амэрыканскіх фільмаў. САХР ня можа ніяк яе ўжыць у рэальнасьці, таму што іх задача — затрыманьне злачынцы. Яны падʼяжджаюць на мікрааўтобусе, хуценька выскокваюць, затрымліваюць чалавека, засоўваюць у мікрааўтобус, зьяжджаюць. Гэта значыць, яны не прызначаныя для разгону нейкіх дэманстрацый. Іх падразьдзяленьне малалікае. Да прыкладу, уявіце, што выскоквае з аўтобуса супрацоўнік САХРу зь віламі, якія два мэтры вышынёй, — яны ў мікрааўтобус ня зьмесьцяцца, іх трэба мацаваць на даху. Гэта ўвогуле непрактычнае ўзбраеньне, і я лічу, што гэты фільм зьняты чыста для дэманстрацыі нейкай сілы, каб людзей напалохаць. Гэта таксама чыстая прапаганда. Вы ўсе ведаеце, што цяпер сродкаў фінансавых няма, і закупляць дарагое ўзбраеньне няма магчымасьці. І такое абсталяваньне можа быць набытае, як я чытаў камэнтары, нават людзі знаходзілі на кітайскіх нейкіх сайтах. То бок гэта набыта чыста ў адзінкавым экзэмпляры, толькі каб зьняць фільм.

Ім не патрэбныя ніякія шчыты, вілы ці яшчэ нешта. Яны павінны быць мабільнымі. Ім нават аўтамат перашкаджае. Яны выскокваюць з аўтобуса імгненна, кагосьці захопліваюць, назад у аўтобус запіхваюць і зьяжджаюць. То бок, гэта іх задача. Але каб зь віламі, са шчытамі бегаць — ну гэта наогул...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG