Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 24 гадзіны яшчэ 134 уцекачы. На літоўскай мяжы зноў затрымалі мігрантаў


Затрыманыя ў Літве мігранты пасьля перасячэньня мяжы зь беларускага боку

На мяжы Беларусі і Літвы працягваецца міграцыйны крызіс. Колькасьць мігрантаў, затрыманых літоўцамі пасьля парушэньня мяжы зь беларускага боку, перавысіла 1200 чалавек.

За апошні дзень літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 134 чалавекі, якія незаконна перасеклі мяжу краіны зь беларускага боку, паведаміла Дзяржаўнае бюро бясьпекі Літвы.

У ноч з 3 на 4 ліпеня быў пастаўлены рэкорд за год — 160 уцекачоў.

Усяго з пачатку году на мяжы зь Беларусьсю літоўскія памежнікі затрымалі 1232 чалавекі, якія пераважна былі без дакумэнтаў і называліся грамадзянамі Іраку і іншых азіяцкіх і афрыканскіх дзяржаў. За ўвесь мінулы год у Літве затрымалі 81 мігранта з тэрыторыі Беларусі.

На мінулым тыдні дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус заявіў, што неабходна выставіць Беларусі рахунак за мігрантаў празь міжнародны суд. Афіцыйная Вільня абвінавачвае Беларусь у нядбайнасьці і нават у спрыяньні перапраўцы іншаземцаў да мяжы Літвы. Міністарка ўнутраных спраў Літвы Агне Білатайце назвала тое, што адбываецца, пачаткам гібрыднай вайны.

Наплыў мігрантаў зь беларускага боку працягваецца, нягледзячы на тое, што ад 2 ліпеня ў патруляваньні літоўскай мяжы мясцовым памежнікам дапамагаюць афіцэры Эўрапейскага агенцтва памежнай аховы Frontex. Акрамя іх, да памежных участкаў з тэрыторыяй Беларусі прыкамандзіравалі службовых асобаў іншых падразьдзяленьняў Службы аховы дзяржаўнай мяжы і выдзелілі на ахову пазачарговыя тэхнічныя рэсурсы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG