Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьцяна плачу» зьявілася ў Магілёве на габрэйскіх могілках


Адзін з калектыўных помнікаў (ляпідарыюм) на габрэйскіх могілках
Адзін з калектыўных помнікаў (ляпідарыюм) на габрэйскіх могілках

Яе склалі на двух абэлісках з аскепкаў надмагільных пліт, сабраных за тры гады аднаўленьня гістарычнай часткі кладоў. У 2019 годзе Магілёўскі аблвыканкам прызнаў іх гісторыка-мэмарыяльным месцам пахаваньня. Такі статус габрэйскаму нэкропалю ў Беларусі надалі ўпершыню.

Сабраныя, але ня выкарастаныя аскепкі надмагільных пліт
Сабраныя, але ня выкарастаныя аскепкі надмагільных пліт

Могілкавыя помнікі і тое, што ад іх засталося, актывісты габрэйскай грамады ратуюць на ахвяраваньні суродзічаў. З абломкаў надмагільных пліт нельга скласьці помнік, каб атрымаць поўную інфармацыю пра нябожчыка, таму і было вырашана скласьці ляпідарыюм — часткі помнікаў сабралі разам. Актывісты лічаць, што іхная руплівасьць на могілках працуе на імідж гораду і некалі паспрыяе разьвіцьцю настальгічнага турызму.

«Кралі агароджы, да якіх пліты былі прымацаваныя, прадавалі надмагільлі», — тлумачыць адна з актывістак, чаму шмат абломкаў на могілках.

Другі абэліск з аскепкаў на фоне надмагільных помнікаў, якія чакаюць рамонту
Другі абэліск з аскепкаў на фоне надмагільных помнікаў, якія чакаюць рамонту

Паводле яе, шмат магілаў зруйнаваныя, а імёны пахаваных страчаныя. Гэта прывяло да перарываньня сямейных і генэалягічных сувязяў, тоеснасьці зь месцам нараджэньня.

Габрэйскія могілкі ў Магілёве займаюць 6,6 гектара, траціна іх прыпадае на гістарычную частку. Нямала помнікаў на ёй паламана ці перакулена, бо дагледзець іх няма каму. Многія за апошнія 50–60 гадоў панішчаныя.

Адноўленая пляцоўка могілак
Адноўленая пляцоўка могілак

За аднаўленьне надмагільляў у 2018 годзе актывісты габрэйскай грамады ўзяліся пасьля таго, як пад пагрозай зьнішчэньня апынулася больш за сто пахаваньняў ХІХ і пачатку ХХ стагодзьдзяў. Знаўцы габрэйскай культуры лічаць многія зь іх узорамі мастацтва. Вырабляліся яны ня толькі ў Беларусі, але ў Польшчы, Літве ды Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG