Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У берасьцейскіх ініцыятывах «Крылы халопа» і «Грунт будучыні» расказалі, што будуць рабіць пасьля страты рэгістрацыі


Уручэньне прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» 2019 году. Віктар Клімус перамог у намінацыі «Крэатыў году» за мабільную аплікацыю ReBrest. Менск, студзень 2020

У Берасьці ў канцы чэрвеня на ініцыятыву пракуратуры ліквідавалі дзьве папулярныя культурныя пляцоўкі — тэатар «Крылы халопа» і «Грунт будучыні».

DW паразмаўляла з кіраўнікамі культурных установаў і высьветліла, чаму іх закрылі і што яны зьбіраюцца рабіць далей.

У пракуратуры Берасьця заявілі, што са жніўня 2020 году, пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў і масавага гвалту супраць удзельнікаў пратэстаў, у тэатры «Крылы халопа» сталі займацца дзейнасьцю, «не адпаведнай статутным мэтам».

У загадзе ведамства гаворыцца, што створаная пры тэатры прастора «КХ» зьяўлялася арганізатарам выстаў і мастацкіх прэзэнтацый твораў, «мэта якіх — фармаваць у грамадзян ухвальнае стаўленьне да супрацьпраўных дзеяньняў».

Што тычыцца культурна-асьветніцкай установы «Грунт будучыні», то ў пракуратуры таксама палічылі, што ў апошнія гады замест аказаньня культурна-асьветніцкіх паслуг арганізацыя займалася іншай, не замацаванай статутам, дзейнасьцю.

Акрамя таго, заснавальніку і кіраўніку «Грунту будучыні» Віктару Клімусу паставілі ў віну ягоны ўдзел у Каардынацыйнай радзе гораду Берасьця, створанай з мэтай дыялёгу зь мясцовымі ўладамі для пераадоленьня грамадзка-палітычнага крызісу пасьля выбараў у жніўні 2020 году.

У пракуратуры яго назвалі адным з арганізатараў масавых акцый пратэсту ў Берасьці і паведамілі, што пасьля таго, як кіраўнік «Грунт будучыні» пакінуў тэрыторыю Беларусі, установа, якую ён узначальваў, па юрыдычным адрасе ўжо не разьмяшчаецца.

У сувязі з крымінальным перасьледам Віктар Клімус вырашыў пакінуць Беларусь, бо да гэтага яму доўгі час даводзілася хавацца.

«На мяне завялі крымінальную справу за арганізацыю пратэстаў: у кватэры міліцыя правяла ператрус, забралі ня толькі сьцягі і ноўтбук, але і гукавую тэхніку, якую выстаўлялі на плошчы», — расказаў Віктар Клімус.

Гаворачы пра сытуацыю зь арганізацыяй, якую ён узначальваў, Клімус адзначыў, што сам факт адмены рэгістрацыі «Грунту будучыні» ня стаў нечаканасьцю. Ён лічыць, што такім чынам рэжым Лукашэнкі спрабуе зрабіць немагчымай любую грамадзкую дзейнасьць. Аднак Клімус сумняваецца ў посьпеху падобных дзеяньняў уладаў, у тым ліку і ў дачыненьні да «Грунту будучыні», паколькі, па ягоных словах, застаюцца людзі, іх веды і патэнцыял.

«Тое, што мы робім і можам рабіць, практычна ніяк не залежыць ад фармальнага статусу», — перакананы Віктар Клімус. Пры гэтым ён адзначае, што ня ўсё, чым цяпер займаецца арганізацыя, можна абмяркоўваць публічна, каб не нашкодзіць людзям.

Падобны пункт гледжаньня выказвае дырэктарка тэатру «Крылы халопа» і кіраўніца прасторы «КХ» Аксана Гайко. Яна паведаміла, што пасьля весткі аб ліквідацыі сацыяльна-культурнай установы было вельмі шмат спачувальных камэнтароў.

«Але мы не бядуем з гэтай нагоды: будзе менш бюракратыі і благой папяровай працы. Як тэатар мы працуем 20 гадоў, і толькі пяць апошніх зь іх мелі рэгістрацыю», — сказала Аксана Гайко.

Паводле яе, тэатар зьявіўся як актывісцкі праект, які аб’ядноўвае ў сабе мастацтва і крытычны погляд на сацыяльную і палітычную сытуацыю ў Беларусі. Спэктаклі амаль заўсёды зьбіралі поўныя залі ў Берасьці, а гастрольная геаграфія ўключала паўсотні міжнародных тэатральных і культурных фэстаў у Польшчы, Расеі, Украіне, Беларусі, Даніі, Францыі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году актыўнасьць незалежнай культурнай прасторы «КХ» прыцягнула ўвагу сілавых структур. За кароткі тэрмін ва ўстанове пабывалі з праверкамі прадстаўнікі фінансавай міліцыі, МНС і падатковых органаў. Пасьля гэтага стала вядома, што Аксана Гайко, зьяўляючыся кіраўніцай установы, стала падазраванай у крымінальнай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула «прычыненьне шкоды ў буйным памеры».

Тым часам у пракуратуры Берасьцейскай вобласьці папярэдзілі, што маюць намер «працягваць працу ў выяўленьні арганізацый, якія ажыцьцяўляюць дзейнасьць, якая не адпавядае статутным мэтам».

Як лічаць у асяродзьдзі творчай інтэлігенцыі, размытасьць фармулёвак сьведчыць аб тым, што мясцовыя ўлады і сілавікі маюць намер працягваць «зачыстку» альтэрнатыўных культурных пляцовак, бо бачаць у іх пагрозу ў якасьці «рассадніка» пратэставых настрояў.

Пры гэтым у Берасьці працягвае існаваць супольнасьць актыўных і ініцыятыўных людзей, якія і ў цяперашніх экстрэмальных умовах гатовыя падтрымліваць адзін аднаго.

«Наша задача — захаваць гэты патэнцыял і быць гатовымі да таго, што сытуацыя ў Беларусі будзе мяняцца. А ў тым, што зьмены адбудуцца вельмі хутка, я перакананы», — заявіў Віктар Клімус.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG