Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У асуджаных палітвязьняў патрабуюць кампэнсацыю за «перакрыцьцё дарог» на пратэстах


Разгон пратэстаў у Менску. 10 жніўня 2020 году.
Разгон пратэстаў у Менску. 10 жніўня 2020 году.

Апошні тыдзень чэрвеня ў менскіх судах пачаліся грамадзянскія працэсы па пазовах пракурораў Менску ў інтарэсах «Менсктрансу» да асуджанных палітзьняволеных.

У іх патрабуюць кампэнсацыю шкоды за «перакрыцьцё дарог» на пратэстах. Так, судзіцца пачалі мінімум зь пяцьцю палітвязьнямі. Агульная сума гэтых пазоваў за пратэсты 9-11 жніўня, 4 кастрычніка ўжо налічвае 74 021 рублёў.

Але яшчэ ніводны працэс ня скончыўся: абвяшчалі месячныя перапынкі, пераносілі ў іншыя суды і аб’ядналі справы зь іншымі палітвязьнямі. «Вясна» расказала, што вядома пра грамадзянскія працэсы з палітзьняволенымі за «перакрыцьцё дарог».

Суды зь Лявонам Халатаранам і Арцёмам Саўчуком

21 чэрвеня ў судзе Фрунзенскага раёну разглядалі грамадзянскія пазовы першага намесьніка пракурора Менску ў інтарэсах «Менсктрансу» да палітзьняволеных Лявона Халатарана і Арцёма Саўчука аб «кампэнсацыі маёмаснай шкоды, нанесенай злачынствам». Лявон 13 чэрвеня пачаў адбываць пакараньне паводле ч. 1 арт. 342 КК — 2 гады «хіміі» ў вёсцы Сушкі ў Берасьцейскай вобласьці. Арцём адбывае пакараньне за «удзел у масавых беспарадках» (ч. 2 арт. 293 КК) — 4 гады ўзмоцненага рэжыму ў шклоўскай калёніі № 17.

Справы палітвязьняў разглядаў суддзьдзя Мікалай Багамякаў. Пазоў да Арцёма складае 21 839 рублёў, да Лявона — 6 126 рублёў. Сам Лявон на працэсе прысутнічаць ня мог, бо адбывае пакараньне. Але потым пракаментаваў гэты суд:

«Гэта грамадзянскі пазоў, ён выведзены з крымінальнай справы. У маёй крымінальнай справе няма ніводнага доказу маёй віны, у тым ліку знаходжаньня мяне на праезнай частцы, блякавання вуліцы. Разам з тым ёсьць доказ таго, што ў 01:44 я рабіў званок зусім зь іншага месца. А з будынка на вуліцу я выйшаў не раней за 01:30, значна пазьней, чым транспарт скончыў сваю працу.

Тым ня менш у прысудзе ў крымінальнай справе „устаноўлена“, што я быў на скрыжаваньні з 23:06 да 02:00. Мабыць, для таго, каб пазоў ад „Менсктрансу“ быў задаволены».

У выніку суд у справе Халатарана не адбыўся. Судзьдзя Багамякаў аб’яднаў яго справу зь іншым палітвязьнем, Сяргеем Брылём, асуджаным паводле ч. 1 арт. 342 КК на 3 гады «хіміі». Разгляд пазову перанакіравалі ў суд Заводзкага раёну Менску.

Суд з Арцёмам Хвашчэўскім

Таксама вядома, што 7 і 16 чэрвеня разглядалі аналягічны пазоў да палітзьняволенага Арцёма Хвашчэўскага, але ягонаму адвакату пра гэта не паведамілі. Паведамленьне адправілі ў калёнію самому Хвашчэўскаму, але ягоны ліст, дзе ён расказаў пра гэта родным, прыйшоў дадому толькі праз тры тыдні, калі суд ужо адбыўся.

У выніку разгляд справы перанесьлі ў суд Савецкага раёну Менску. Арцём адбывае пакараньне паводле ч. 1 арт. 342 КК — 1 год у наваполацкай калёніі № 1. Сума пазову да яго складае 21 832 рублі.

Суд з Ігарам Пражэньнікавым

Праз два дні, 23 чэвреня, у судзе Фрунзенскага раёна Менска разглядалі чарговую грамадзянскую справу ў інтарэсах «Менсктранса» да палітзьняволенага Ігара Пражэньнікава аб «кампэнсацыі маёмаснай шкоды нанесенай злачынствам». 17 лютага суд Фрунзенскага раёна Менска асудзіў 21-гадовага Ігара Пражэньнікава да 1,5 гадоў калёніі агульнага рэжыму.

Справу палітвязня разглядаў судзьдзя Мікалай Багамякаў. Пазоў да Ігара складае 18 624,45 рублёў. У абвінавачваньні сказана, што 4 кастрычніка мінулага года ў Менску «шкода была нанесеная з-за прастою транспарту ў выніку супрацьпраўных дзеяньняў Пражэньнікава». Але адвакат настойвае на тым, што абвінавачаны не знаходзіўся ўсе 3,5 гадзіны на праезнай частцы. Прадстаўніца «Менсктрансу» на судзе была азнаёмленая з матэрыяламі крымінальнай справы, таму гублялася пры адказах на пытаньні судзьдзі.

У справе Ігара Пражэннікава абвешчаны перапынак да 16 ліпеня.

Суд з Іванам Красоўскім

25 чэрвеня ў судзе Савецкага раёна разглядалі грамадзянскі пазоў намесьніка пракурора Менска ў інтарэсах «Менскатранса» да актывіста анархісцкага руху Івана Красоўскага. Гэтую справу разглядала Марыя Ляшкевіч.

19 лютага суд Савецкага раёна вынес прысуд Івану Красоўскаму: тры гады абмежавання волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — «хіміі». Хлопца вызвалілі ў залі суда і пакуль яго не накіравалі для адбыцьця пакараньня.

У выніку дзеянняў абвінавачанага маёмасці «Менсктрансу» нібыта нанесеная шкода на суму больш за 5,6 тыс. рублёў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG