Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры ЭЗ адхілілі прапанову правесьці афіцыйныя перамовы з Уладзімірам Пуціным, — Bloomberg


Канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель
Канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель

Лідэры краін Эўрапейскага зьвязу на саміце ў Брусэлі адхілілі прапанову Нямеччыны і Францыі правесьці афіцыйныя перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, паведамляе агенцтва Bloomberg.

Па інфармацыі выданьня, прапанова канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель і прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона была выключаная з выніковага камюніке саміту ЭЗ пасьля працяглых перамоў.

«Я чакала больш сьмелага кроку, — заявіла Мэркель размовах з журналістамі. — Будуць распрацаваны фарматы і ўмовы перамоваў з Расеяй. Але не на ўзроўні лідэраў».

Як адзначыла крыніца Bloomberg, некаторыя краіны Ўсходняй Эўропы ў ходзе абмеркаваньня папярэдзілі, што гатовыя накласьці вэта на дакумэнт, які прапануе правядзеньне перамоваў з Уладзімірам Пуціным. Па словах іншага дыплямата, каля тузіна дзяржаў – сяброў ЭЗ далі зразумець, што ім не падабаецца альбо сама ідэя, альбо тое, што яна паўстала ў апошнюю хвіліну.

Адзін з кампрамісаў, які быў прапанаваны, — сустрэча кіраўніка Эўракамісіі Урсулы фон дэр Ляен і кіраўніка Эўрарады Шарль Мішэля з расейскім лідэрам, паведамляе агенцтва.

У дакумэнце Эўразьвяз заявіў аб плянах вывучыць магчымыя фарматы дыялёгу з Расеяй у пытаньнях, якія маюць узаемную цікавасьць. ЭК і вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль мусіць распрацаваць «канкрэтныя магчымасьці для гэтага для наступнага абмеркаваньня». Сярод магчымых тэмаў для ўзаемадзеяньня з Расеяй называюцца клімат, ахову навакольнага асяродзьдзя, ахову здароўя, Сырыю, Лібію і Іран. Акрамя таго, ЭЗ даручыў сваёй замежнапалітычнай службе вывучыць магчымасьці ўвядзеньня санкцый супраць Расеі на «будучую шкодную дзейнасьць Расеі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG