«Мы можам заклікаць да здаровага сэнсу, патрабаваць павагі міжнароднага права. Калі гэта не дапамагае, можам бамбіць, ня проста па курсе, але і па цэлі, калі калегі не разумеюць», — так Рабкоў адказаў на пытаньне «Інтэрфаксу» пра тое, што Расея будзе рабіць, каб прадухіліць паўтор сытуацыі з брытанскім эсьмінцам у Чорным моры.
«Тэрытарыяльная цэласнасьць Расейскай Фэдэрацыі недатыкальная, непарушнасьць яе межаў — гэта абсалютны імпэратыў, мы будзем стаяць на варце ўсяго гэтага як дыпляматычнымі і палітычнымі, так, пры неабходнасьці, і ваеннымі сродкамі», — дадаў ён.
Напярэдадні ў Міністэрстве абароны РФ паведамілі, што расейскія вайскоўцы і памежнікі адкрылі папераджальны агонь па курсе брытанскага эсьмінца Defender, які парушыў мяжу РФ у Чорным моры ў раёне Крыму.
У пасольстве Вялікай Брытаніі ў РФ заявілі, што брытанскі эсьмінец Defender рабіў мірны праход праз тэрытарыяльныя воды Ўкраіны ў адпаведнасьці зь міжнародным правам. «Па эсьмінцы Defender не было зроблена ніякіх стрэлаў... Апісаньне гэтых падзей расейскім бокам зьяўляецца недакладным», — гаворыцца ў тэлеграм-канале амбасады.